27 красавіка 2023 г. у Каміннай зале будынка АНКТЛ імя Іты Казакевіч адбылося адкрыццё выставы беларускай мастачкі Ганны Пейпіні з паэтычнай назвай “Iмпульсы”.
З адкрыццём выставы мастачку віншавалі старшыня Аб’яднання мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” Васіль Малышчыц і старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Таццяна Казак. Ганна Пейпіня з’яўляецца сябрам Саюза мастакоў Латвіі і аб’яднання “Маю гонар”, а таксама даўнім сябрам таварыства “Сьвітанак”.
Павіншаваць спадарыню Ганну прыйшлі таксама сябры і калегі, сямейнікі. Сюрпрызам для мастачкі стала віншаванне і кветкі ад яе былых вучняў майстар класаў, якія даведаліся пра адкрыццё выставы сваёй настаўніцы з афішы фестывалю “Pavasara avots – 2023”. Прагучала шмат шчырых і добрых слоў на адрас мастачкі. Незвычайныя, самабытныя і часам эксперыментальныя творы Ганны Пейпіні не пакінулі нікога абыякавым. Ганна Пейпіня распавядала пра свае працы, пра творчыя задумкі і адказвала на пытанні гасцей.
На працягу ўсяго вечара ствараў утульнасць у зале спявак і музыкант Юрый Ціхаміраў. У ягоным рэпертуары ёсць і шэраг беларускіх песень.
Пад акампанемент Юрыя на радасць прысутным нават і сама Ганна Пейпіня праспявала сваю самую ўлюбёную беларускую народную песню “Зялёная вішня”.
Запрашаем ўсіх ахвотных наведаць выставу Ганны Пейпіні, яе шыкоўныя ”Iмпульсы” можна пабачыць да 26 мая па адрасе вул. Слокас, 37 у Рызе. Уваход вольны.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/05/Maliscic-un-Peipina-1.jpg439525Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-05-02 18:46:482023-05-02 19:29:42“Імпульсы” беларускай мастачкі Ганны Пейпіні
23 красавіка ў будынку Асацяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі адбылася літаратурная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі”, прысвечаная памяці сапраўдных беларусаў-літаратараў: Ларысы Геніюш, Леаніда Маракова і Янкі Маўра. Як і заўсёды, гэта была сустрэча аднадумцаў, цікавых людзей, патрыётаў, не абыякавых да Айчыны. Традыцыйна імпрэза распачалася з выканання прысутнымі дзяраўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, барані Латвію” ) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.
7 красавіка споўнілася 40 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш, калі тысячы беларусаў прыехалі ў Зэльву, каб правесці яе ў апошні шлях. Мастак Вячка Целеш захапляльна і цікава распавядаў пра жыццёвы шлях вялікай паэткі, чые словы далі назву вечарыны, і сваё сяброўства з Ларысай Геніюш. Падчас свайго выступу ён дэманстраваў партрэты Ларысы Геніюш, якія маляваў з натуры ў яе старой хаце ў Зэльве, падараваныя яму паэткай кнігі з аўтографамі, чытаў лісты і віншаванні яму ад Ларысы Геніюш. Дзякуючы яго расповеду можна было ўбачыць нязломную патрыётку Беларусі. Вернасць сваім ідэалам не дазволілі ёй змяніць грамадзянства БНР на СССР. Негледзячы на гэта, яе кнігі друкаваліся ў Беларусі. Гісторыя яе жыцця дадала мне веры ў нас.
Творчасць Ларысы Геніюш сёння зноў вельмі актуальная. Яе неўміручыя вершы з натхненнем чыталі падчас імпрэзы і гаспадары, і госці вечарыны.
Вялікае ўражанне было ад выступу маладой беларускай паэткі Вікі Трэнас. Яна распавяла пра Леаніда Маракова, якому споўнілася б сёлета 15 красавіка толькі 65 гадоў. Вікторыя асабіста ведала сп. Леаніда, бо шмат кантактавала з ім падчас працы ў Беларускім саюзе пісьменнікаў.
Па адукацыі радыёэлектронік, у 1990-я гады ён меў паспяховы бізнэс у гэтай галіне і пачаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова, расстралянага 29 кастрычніка 1937 года. Вынікам працы стала маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі – падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы. 1794-1991». У ім сабраныя звесткі пра 20 тысяч ахвяр, фактычна Леанід Маракоў за свой кошт зрабіў працу цэлага навукова-даследчага інстытута.
Ён таксама апублікаваў дакументальнае даследаванне «Ахвяры і карнікі», у якім сабраны біяграфіі ахвяр і тых, хто мае дачыненне да рэпрэсій у Беларусі. Асобна выйшла кніга, у якой сабраны звесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных святароў. Леанід Маракоў вядомы таксама сваёй літаратурнай творчасцю, аўтар некалькіх кніг, у 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940-я гады». Віка Трэнас таксама чытала прысутным на вечарыне свае творы.
Яе вершы сапраўдныя і пякучыя, адчыняюць тое, што ў сэрцы беларусаў. Будзем чакаць ад яе вершаў пра радасць і перамогу.
Дзякуючы намесніцы дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы і дырэктарцы школьнага музея Янкі Купалы Ганне Іванэ удзельнікам імпрэзы было цікава даведацца пра вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Янку Маўра і прысвечаную яму экспазіцыю ў школьным музеі. Сёлета 28 красавіка споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, які нарадзіўся ў Ліепаі (Лібаве). Ганна Ўладзіславаўна вельмі цікава распавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка, што прайшлі на латвійскай зямлі, пра яго творчасць. і запрасіла ўсіх прысутных наведаць школьны музей, дзе ёсць шмат цікавых экспанатаў не толькі пра Янку Маўра.
З кароткімі выступамі ў вечарыне бралі ўдзел госці. Латышская паэтка і перакладчыца Дагнія Дрэйка чытала свае творы на латышскай і польскай мовах.
Вялікую асалоду атрымалі прысутныя ад спеваў украінскага вакальнага гурта “Дзівчата”. Асабісты вам дзякуй за беларускія, латышскія ды ўкраінскія песні!
Напрыканцы сустрэчы мастачка Вольга Якубоўская зладзіла экскурсію па экспазіцыі сваёй выставы, адкрыццё якой адбылося падчас святкавання 25 Сакавіка. Яна распавяла пра сваіх “Коцікаў Свабоды”, пра гісторыю напісання твораў. Зараз я бачу, што коцікі не такія простыя. Поспехаў Вам, Вольга!
Таццяна Казак, старшыня “Сьвітанка”, шчыра падзякавала мастачцы не толькі за яе выставу, творчасць ды грамадзянскую пазіцыю, а выказала ёй і беларусу з Грузіі Івану Бахціну вялікую падзяку ад імя таварыства за фінансавую дапамогу.
Таццяна распавяла прысутным пра тое, што Вольга Якубоўская, каб дапамагчы ЛТБК “Сьвітанак” аплаціць сяброўскія ўнёскі ў Асацыяцыю НКТЛ за 2023 год, каб ў латвійскіх беларусаў надалей была магчымасць сустракацца ў будынку на Слокас 37, выставіла ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку на дабрачынны аўкцыён вельмі прыгожую карціну “Падарунак”. Карціну прыдбаў Іван Бахцін, які шмат дапамагае беларусам, за ўсю суму гадавых ўнёскаў – 360 еўра і пакінуў яе ў падарунак таварыству.
Завяршылася сустрэча сяброўскай гарбатай з кавай у Каміннай зале, упрыгожанай таксама карцінамі Вольгі. Вось дзе можна было паразмаўляць па сваімі аднадумцамі, падзяліцца марамі, пачуць меркаванні. Дзякуй ўсім, хто прыйшоў, нягледзячы на цудоўнае надвор’е, калі так цягне на вясновае сонейка ля мора. Паступіла прапанова наступную імпрэзу Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” зладзіць на свежым паветры, так што сачыце за навінамі на нашым сайце і далучайцеся, калі ласка!
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/04/IMG_4135-rotated.jpg338450Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2023-04-24 08:02:072023-04-27 11:46:53Літаратурная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі”
Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказваюць шчырую падзяку за дапамогу мастачцы Вользе Якубоўскай і беларускаму мецэнату Івану Бахціну.
Як вядома, наша таварыства ўжо амаль 35 гадоў працуе ў Латвіі, і існаванне таварыства заўсёды, яшчэ з савецкіх часоў, грунтавалася выключна на шматгадовай грамадскай працы ягоных сябраў. У адрозненні ад усіх іншых нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, калі не лічыць некалькіх гадоў сапраўднай незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х, “Сьвітанак” не меў ніколі ніякай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы, нашай Радзімы. Ні інфарматыўнай, ні метадычнай, ні тым больш фінансавай. Бо “Сьвітанак” назалежна ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі заўсёды заставаўся абаронцам ў Латвіі і нашай мовы і культуры, і гістарычных сымбаляў, і незалежнасці Беларусі. З моманту свайго заснавання ў 1988 годзе ЛТБК “Сьвітанак” з’яўляецца таксама заснавальнікам Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Амаль штомесяц сябры таварыства ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы. І каб утрымліваць будынак Асацыяцыі на вул. Слокас, 37, дзе мы маем невялічкі офіс, і мець магчымасць карыстацца заламі для імпрэз, таварыству разам з больш як 25 суполкамі іншых нацыянальнасцяў трэба плаціць ўнёскі ў Асацыяцыю памерам 360 еўра на год. На працягу 35 гадоў гэтыя, здаецца, і не надта вялікія для цэлай арганізацыі грошы збіралі сярод адных і тых жа шматгадовых яе сябраў і мастакоў з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. А з улікам таго, што абсалютную большасць сябраў “Свьвітанка” да 2023 года складалі пенсіянеры, гэта не было проста, асабліва ў папярэднія цяжкія гады. І таму, калі на апошнюю імпрэзу “Свьвітанка”, прымеркаванае да 25 Сакавіка адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай, прыйшла вялікая колькасць беларусаў, каля 100 чалавек, кіраўніцтва таварыства вырашыла звярнуцца да латвійскай супольнасці беларусаў за дапамогай. У звароце, які быў змешчаны ў мясцовых беларускіх чатах, была прапанова агульнымі намаганнямі сабраць грошы на ўнёсак у Асацыяцыю за гэты год. І хоць водгук на гэты зварот апынуўся пакуль што амаль безвыніковым, дапамога таварыству прыйшла адтуль, адкуль мы яе зусім не чакалі!
Вольга Якубоўская змясціла зварот і абвясціла дабрачынны аўкцыён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Мастачка напісала, што вельмі хоча дапамагчы сваім новым сябрам ў Рызе і выставіла на аўкцыён сваю шыкоўную карціну “Падарунак”. І практычна адразу ж яе прыдбаў Іван Бахцін, які жыве не ў Латвіі, за ўсю суму гадавых ўнёскаў таварыства ў Асацыяцыю. Больш таго, Іван нават адразу запрапанаваў, каб і сама карціна засталася ў таварыстве як падарунак ад яго. Вольга, вядома, спачатку не пагадзілася, але рашэнне гаспадара карціны было прынцыповым. Іван вельмі сціплы чалавек і ніяк нідзе не афішуе сваю дабрачыннасць і мецэнацтва. Ад Вольгі мы даведаліся, што ён удзельнік практычна ўсіх яе дабрачынных аўкцыёнаў і вельмі шмат каму дапамагае. У адказ на нашу падзяку малады чалавек напісаў, што не зрабіў нічога надзвычайнага, заўсёды рады дапамагчы, назваўшы нас адметнымі людзьмі. А яшчэ Іван вельмі задаволены, што мецэнацтва паступова сярод беларусаў апошнім часам пашыраецца. Сябры і кіраўніцтва Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” лічаць адметнымі людзьмі менавіта Вольгу Якубоўскую і Івана Бахціна! Мы вельмі радыя, што можам тут, на нашай старонцы, працу якой мы не так даўно аднавілі пасля доўгага перапынку, публічна выказаць ім словы сваёй удзячнасці. Запрашаем Івана таксама пры магчымасці абавязкова наведаць Рыгу. Будзем заўсёды рады паказаць і сталіцу Латвіі, і наш прытулак на Слокас 37. А таксама будзем вельмі чакаць Івана ў лістападзе на нашым юбілеі і атрымаць ад іх з Вольгай агульны падарунак – “Падарунак”!
А ўсім, хто зараз ўжо знаходзіцца ў Латвіі, мы нагадваем, што першая ў Латвіі персанальная выстава беларускай мастачкі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай даступная для агляду ў Рызе на вул. Слокас 37 да 25 красавіка. Акрамя ўсім вядомых прац, намаляваных акрылам, у двух залах будынка выстаўленыя ўнікальныя скураныя карціны. Падрабязней пра выставу можна даведацца з нашых папярэдніх матэрыялаў на старонцы.
Таксама заклікаем беларусаў больш актыўна далучацца да шэрагу тых, хто падтрымлівае беларускую культурніцкую дзейнасць у Латвіі, накіраваную на захаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці на гэтай зямлі.
Выставу “Малюю наша жыццё” сябра Аб’яднання мастакоў-беларусаў Латвіі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай можна наведаць з 25 сакавіка да 25 красавіка ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч па адрасе вул. Слокас 37 ў Рызе. Экспазіцыя размешчаная ў дзвух залах: Вялікай і Каміннай. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 25 сакавіка падчас святкавання 105-х угодкаў абвяшчэння БНР.
На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс i дарослых, i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi.
Адкрыццё выставы прайшло ў цёплай, сяброўскай i святочнай атмасферы. Кранальная творчасць Вольгi i асабiсты стыль выканання выклiкаюць слёзы радасцi i смутку, гонар за беларусаў i надзею на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi.
Сардэчна запрашаем па адрасе: Rīga, Slokas iela, 37
Час працы:
Пн-Пт з 10-00 да 18-00.
Наведванне лепш папярэдне ўзгадніць па тэлефонах, асабліва ў выходныя дні, бо ў залах могуць адбывацца імпрэзы. +37167613638; +37127024786.
Уваход вольны.
Вольга Якубоўская
Нарадзілася ў г. Сартавала, Карэлія.
У 1989 г. скончыла Кунгурскае мастацкае вучылішча (зараз – Кунгурскі мастацкі каледж – філіял Маскоўскай ГХПА імя Строганава), Пермскі край, у 2007 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), г. Мінск, Беларусь.
Сябра Творчага Саюза мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
З 1989 г. жыла і працавала ў г. Наваполацку, Беларусь, займалася малюнкам, жывапісам, ілюстрацыяй, а таксама мастацкай апрацоўкай скуры.
У актыве Вольгі – дзясяткі сумесных і персанальных выстаў і сотні карцін у розных кутках свету – Латвіі, Германіі, Францыі, Нідэрландах, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінах. Вольга Якубоўская – аўтарка вядомай серыі карцін «Коцікі Свабоды», прысвечанай барацьбе народа Беларусі за свабоду і свае правы.
У старажытнай Вільні, ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча з 12 лістапада 2022 г. і да 15 снежня працуе выстава Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. На выставе экспануюцца 19 прац жывапісу, графікі ды 3 каляровыя фотаграфічныя працы за аўтарствам дваццаці мастакоў аб’яднання. Гэта працы Васіля Малышчыца, Алены Лаўрыновіч, Вячкі Целеша, Ганны Пэйпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Надзеі Ізянёвай, Ірыны Кароль, Ірыны Ятнавай, Галіны Жэлабоўскай, Настассі Арайс, Алены Гэйданэ, Леаніда Маствілішскага, Лявона Жукоўскага з Латвіі, Алега Аблажэя, Алеся Поклада, Юрыя Грыгаровіча з Літвы, Маргарыты Астраумавай, Людмілы Прыбыльскай з Эстоніі, Кацярыны Осберг, Яна Кузьміцкага са Швецыі. Выстава была адкрыта дзякуючы дапамозе кіраўніцы музея Людвікі Кардзіш і ўсяго калектыв музея, а таксама Амбасады Латвійскай Рэспублікі ў Літве, супрацоўнікі якой прывезлі працы мастакоў з Рыгі. На адкрыцці выставы віленчукі-беларусы шчыра віталі мастакоў з Рыгі – старшыню аб’яднання Васіля Малышчыца, і мастачак Ганну Пэйпіню і Ірыну Трумпель-Сабалеўскую. Падчас адкрыцця выставы Васіль Малышчыц перадаў музею ў знак падзякі ад Вячкі Целеша кнігу “Адсюль наш род, тут мой прычал” і старадаўнюю паштоўку Вільні з відам вуліцы Завальнай, дзе ў пачатку ХХ ст месціліся рэдакцыя газеты “Наша Ніва” і беларуская кнігарня. Пасля закрыцця выставы ад аб’яднання музею будзе перададзена праца Яна Кузьміцкага “Нападзенне на белую прастору”, напісаная мастаком у 1994 г. і планшэт з 12 экслібрысамі Вячкі Целеша. За 31 год дзейнасці Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” адкрыццё гэтай выставы стала адной з вельмі значных падзей для мастакоў аб’яднання “Маю гонар” ў Балтыйскім рэгіёне.
Кіраўніца музея Людвіка Кардзіш адкрывае выставуМастакі з Рыгі ІрынаТрумпель-Сабалеўская, Васіль Малышчыц і Ганна Пэйпіня
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/3.-Мастакі-АМ-ББ-Маю-гонар-Вільні.-Ірына-Трумпель-Сабалеўская-Васіль-Малышчыц-і-Ганна-Пэйпіня.jpg13652048Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2022-11-12 16:50:502023-01-20 21:39:21Выстава беларускіх мастакоў у Вільні
4 верасня 2020 г. адбылося адкрыццё юбілейнай выставы шматгадовага сябра Рады ЛТБК “Сьвітанак”, былога старшыні нашага таварыства Васіля Малышчыца
Восень – шчодрая пара не толькі на ўраджай, але і на незвычайную прыгажосць прыроды: залатое лісце, прыцішаныя кветкі. Ідзеш вуліцамі любімага горада, захапляешся, не адводзіш вачэй і сам сабе адзначаеш: добра, што ёсць мастакі, якія могуць перанесці гэткую прыгажосць на свае палотны і падоўжыць яе жыццё.
Адным з такіх мастакоў-чараўнікоў з’яўляецца Васіль Малышчыц, аўтар персанальнай юбілейнай выставы “Мой родны кут”. Кажуць, што паказчык прызнання мастака, яго таленту і ўнёску ў культуру вымяраецца выставамі. Васіль выстаўляецца даволі часта, у тым ліку і са сваімі сябрамі з аб’яднання “Маю гонар”, але юбілейная выстава – гэта падзея асаблівая, бо яна нейкім чынам дае магчымасць асэнсаваць працу і жыццё і мастака, і чалавека за грунтоўны перыяд жыцця.
“Мой родны кут” – так назваў сваю выставу творца. У гэтай назве ўсё: і згадка пра сваю малую Радзіму (беларускае Палессе, вёска Спорава), і цішыня, і загадкавасць мясцовай прыроды, і таямнічасць балотных мясцін, і цеплыня бацькоўскай хаты. Менавіта замілаванасць роднай зямлёй, нейкае асаблівае адчуванне навакольнага свету падштурхнулі 15-гадовага хлопчыка ехаць вучыцца ў мастацкае вучылішча ў Бабруйск. Там ён набыў прафесію столяра. Гэта дае яму магчымасць і сёння плённа працаваць з дрэвам і займацца рэстаўрацыяй рэдкіх драўляных рэчаў, ствараць скульптуры. Але ўсё ж такі асаблівым клопатам і любоўю Васіля з’яўляецца жывапіс. У ім памяць аб продках, у ім прызнанне ў любові, у ім спадзяванне і надзея. Карціны творцы, можа немудрагелістыя, але сваёй чысціней, адкрытасцю, шчырай інтанацыяй даходзяць да глыбіні душы гледача, кранаюць сэрца. А вучыўся свайму мастэрству Малышчыц у Беларускім Дзяржаўным тэатральна – мастацкім інстытуце на факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яму пашанцавала, што талент дадзены яму Богам, быў падмацаваны вышэйшай адукацыяй. І пэўна, ёcць права сцвярджаць, што творы яго, выкананыя ў лепшых мастацкіх традыцыях, вылучаюцца дасканаласцю і актуальнасцю.
З 1996г. В.Малышчыц жыве і працуе ў Латвіі, якую лічыць сваёй другой Радзімай. І гэтай зямлі таксама належыць і сэрца, і талент мастака. Вось яна – Рыга, таямнічая, велічная, блізкая і далёкая пазірае на нас са сцяны.
Сярод святочнага тлуму выставы можа крыху складана падрабязней разгледзець і паланіцца творамі філасофскага накірунку, бо каб адчуць асаблівую асалоду раскрыцця аўтарскай таямніцы патрэбна застацца сам на сам з творам. Упэўнена, што і пазаўтра ў залю АНКTЛ, дзе святкуе сваё 60-цігоддзе спадар Малышчыц, абавязкова прыйдуць прыхільнікі яго таленту.
Дарагі Васіль, сардэчна віншуем цябе з юбілеем! Зычым моцнага здароўя і шчасця табе і ўсім тваім родным, а самае галоўнае – чысціні і выразнасці ліній, адухоўленасці і прыгажосці светасузірання ў мастацтве, несупыннага пошуку “Боскай і чалавечай стунасці”.
Ганна Іванэ
На здымках Лявона Маствілішскага:
Васіля Малышчыца віншуюць “Сьвітанкаўцы” і старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Рафі Нараджанян
Лета – пара найбагацейшая на разнастайнасць колераў і пахаў, гукаў і ўражанняў, сустрэч і мараў. І вельмі радасна, што ў “вянок” рыжскага лета беларускай кветкай уплялася незабыўная імпрэза ў гонар 70-гадовага юбілею мастачкі Надзеі Ізянёвай, якая адбылася 1 жніўня ў доме-музеі Мэнцэрдорфа.
Надзея нарадзілася ў Беларусі, у мястэчку Шаркаўшчына, на Віцебшчыне. Скончыўшы с залатым медалём сярэднюю школу, стала студэнткай педагагічнага інстытута мастацка-графічнага факультэта. У мастацкіх выставах удзельнічае з 1967 года. Лёс мастачкі склаўся так, што яна шмат год жыла спачатку ў Польшчы, затым у Прымор’і. І, як сцвярджае сама Надзея, што “дзе б ні прыходзілася жыць і працаваць, побач было самае галоўнае – мастацтва. Яно – натхненне, яно – жыццё, яно мора, боль і спадзяванне”.
З 1971 года Надзея жыве і працуе ў Латвіі, якую вельмі любіць, лічыць сваёй другой Радзімай. У сувязі з гэтым хочацца адзначыць, што менавіта незвычайнай цеплынёй і любасцю да латвійскай зямлі свецяцца яе палотны. Магчыма жаданне падзяліцца сваім талентам, сваімі ўражаннямі, сваімі марамі і прывяло мастачку да адзінадумцаў, якія з’яўляюцца сябрамі таварыства мастакоў “Маю гонар”, якія ў бальшыні сваёй таксама жывуць і працуюць у Латвіі. І сёння ў гэты святочны момант яны побач з ёю. Каму як ні Вячку Целешу ды Васілю Малашчыцу не разумець, якой працай, якім намаганнем, талентам, болем, а часам і расчараваннем выпісаны кожны твор.
Радзіма… У гэтым слове увасабляецца так многа для кожнага чалавека, а тым больш для таго, хто адарваны ад яе. Дзякуй, Надзея, за тое, што латвійскія беларусы на хвіліначку адчулі сябе сярод тваіх незабыўных пейзажаў на сваёй роднай зямлі. Вунь недзе хаваецца ў лясным гушчары сцяжынка, а там бруіцца чыстая крыніца, ды здаецца вось-вось “пырсне” мак. І кожны шукае сваё, роднае, незабыўнае…
У сваёй творчасці Надзея не баіцца быць ні занадта даверлівай, ні безагляднай, ні адкрытай. Яна не баіцца паўтараць нейкую адну тэму – паўтараць сябе. І ўсё дзеля адной – адзінай мэты: паказаць у фарбах праўду, у якую паверылі б гледачы. А паверыўшы, сталі б крыху дабрэйшымі, прыгажэйшымі, больш чалавечнымі.
Нейкія вельмі добрыя зоркі свецяць мастачцы, цёплыя дажджы абмываюць любімыя ландшафты, і ўся зямля барвовымі, залатымі, зялёнымі, бялюткімі дыванамі гасцінна расцілаецца перад ёй.
Жывапіс – гэта ўсе сілы, час, душа, усе гукі і пахі свету, трапятлівасць, пяшчота, хваляванне і неспакой, чаканне і здзіўленне. І вялікае шчасце, калі жывапісец можа падзяліць сваё светаадчуванне з сябрамі, з блізкімі духоўна людзьмі. Надзеі пашанцавала і на гэта. Сёння побач з ёю любімы музычны гурт “Вытокі”, у складзе якога яна спявае. Хораша, што выстава беларускай мастачкі аздоблена і беларускай песняй, і беларускім словам. І сапраўды, здаецца, што да Радзімы вельмі блізка.
Без мастацтва жыццё было б цмяным і сумным, і таму мы схіляемся перад мастаком і кажам “Дзякуй” – за падораную прыгажосць, за сонца, за лясную сцежку, блакіт неба, спякоту летняга дня, пырскі марскіх хваляў, за ўсе тыя чароўныя фарбы, якімі свецяцца яе зіхатлівыя палотны.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2021/04/iz-2-scaled-e1673008494198.jpg1024768Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2020-08-01 22:12:002023-01-22 17:58:49“Святло мастацкага таленту”
25 верасьня 80-гадовы юбілей адзначае адзін з найбольш актыўных і пасьлядоўных рупліўцаў беларушчыны за мяжой Вячка Целеш.
Ён аб’яднаў самыя розныя сфэры дзейнасьці на карысьць беларускай справы: мастак, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і аб’яднаньня беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», арганізатар і дырэктар першай беларускай школы ў Рызе; ён быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах, абараняў інтарэсы беларусаў. Ягоныя высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Трох Зорак.
Круглую дату Вячка Целеш адзначыў пэрсанальнай выставай, якая ахапіла ўвесь пэрыяд ягонай мастацкай творчасьці – ад студэнцтва да сталасьці.
Спадар Вячаслаў, шчырыя віншаваньні з 80-годзьдзем! Як зьбіраецеся адзначыць сьвята?
Сёньня проста прымаю віншаваньні – усё ж будны дзень, ва ўсіх свае справы. Сходзім у выходныя з жонкай і блізкімі мне людзьмі ў рэстаран, крыху пасядзім, адзначым… Галоўным для мяне было адкрыцьцё выставы – дзякуй Богу, усё атрымалася. Прыйшло шмат людзей: аднакурсьнікі, нашы актывісты, вядомыя людзі Латвіі. Вельмі прыемна.
Пэрсанальная выстава Вячкі Целеша
Найлепшае адзначэньне – гэта прызнаньне тваіх высілкаў. Усьцешыла, што адгукнуліся і на ўрачыстае адкрыцьцё ў галерэю прыйшлі беларусы, латышы, прынесьлі мне цэлы воз кветак, арганізавалі канцэрт. Агулам выставіў больш за 60 прац – ад графікі да жывапісу. Таксама я напісаў кнігу пра беларускіх мастакоў Латвіі. Цяпер вось маю клопат пастарацца яе выдаць сёлета. Здаў адзін праект, цяпер трэба пасьпець з другім, каб атрымаць фінансаваньне зь дзяржаўных фондаў.
Латвійскія ўлады таксама адрэагавалі, не засталіся ўбаку?
Міністэрства культуры Латвіі ўзнагародзіла ганаровай граматай, былі адтуль прадстаўнікі, таксама віншавалі. Ну і беларуская амбасада ўспомніла, падаравалі копію мапы Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой у адзіным экзэмпляры захоўваецца ў Швэцыі. Таму, паўтаруся, мой юбілей адзначаны перадусім адкрыцьцём пэрсанальнай выставы. Я яе назвай «Гадоў датыкненьне», бо хацеў паказаць свой шлях ад самага пачатку: пачынаючы з падрыхтоўчых курсаў у Латыскай акадэміі мастацтваў і да сёньняшняга дня.
Праўда, значную колькасьць прац выставіць не ўдалося. Калі ў мяне забіралі ў 1993 годзе майстэрню, шмат карцін я перадаў у Беларусь. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у Горадні, на маёй радзіме ў Ваўкавыску, у прыватных зборах.
Вячка Целеш
Ці не абмяркоўвалася магчымасьць юбілейнай выставы ў Беларусі?
Вы ж ведаеце, што я стаю пад нашым гістарычным сьцягам, гэта галоўнае. Я не крычу пра гэта, не размахваю рукамі; мая мэта – зьяднаць беларусаў на нацыянальным грунце. Так было заўжды. Ніхто не аспрэчыць, што я шмат рабіў і працягваю рабіць на карысьць Бацькаўшчыны.
Але праз тое, што ў некаторых момантах нашы пазыцыі з уладамі Беларусі разыходзяцца, мне дарога туды закрытая. І гэта тычыцца ня толькі вышэйшага кіраўніцтва. У тым жа Facebook вялікая колькасьць водгукаў на маю выставу, а беларускія калегі маўчаць. Хоць былі сябрамі: і я да іх наведваўся, і яны ў майстэрні маёй начавалі… Зрэшты, важна, што я адчуваю сябе ў Латвіі камфортна, мне прыемна, як да мяне тут ставяцца. Трэба проста рабіць сваю справу, не падкрэсьліваць, які ты вялікі герой і патрыёт.
Ваш юбілей стаў своеасаблівым працягам іншай даты – 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сакавіку ў рамках сьвяточных імпрэзаў выстаўлялася ваша праца «Пад сьцягам „Пагоні”. Кастусь Езавітаў» – у гонар палітычнага дзеяча, які стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт.
Гэта сапраўды наш вялікі юбілей, знакавая дата для ўсіх беларусаў. Я вельмі хваляваўся, каб імпрэза прайшла на годным узроўні. Спадзяюся, менавіта так яе і ацанілі. Прынамсі для тых, хто працуе на нашай ніве беларушчыны, гэтая падзея, безь перабольшаньня, эпахальная…
Дарэчы, і яшчэ ёсьць адзін юбілей – сёлета 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці адзначае наш «Сьвітанак». Таварыства паўстала ў 1988 годзе – гэта адна зь першых беларускіх суполак, да якой я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў. Толькі пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах. У нас пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам…
Хто такі Вячка Целеш
Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі Ваўкавыскага раёну) Горадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.
У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў сьлесарам, вечарамі наведваў мастацкую студыю. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.
Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час быў дырэктарам. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.
Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выдатных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.
Вячка Целеш – адзін з самых вядомых эўрапейскіх філякартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.
Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», прысьвечанай радаводу краснасельскіх Целешаў.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/celesh3.jpg350525Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2018-09-28 06:31:002023-01-22 17:59:33За незалежныя Беларусь і Латвію». 80 гадоў споўнілася беларускаму мастаку з Рыгі Вячку Целешу
«Нашто каласкі, калі няма васількоў» Максім Багдановіч
Адзін з самых вытанчаных, самых лірычных, самых узнёслых беларускіх паэтаў-класікаў Максім Багдановіч надаў сціплай палявой кветцы васільку-валошцы незвычайную моц, асаблівую прыгажосьць, «генетычную памяць народа». Праз гэтую маленькую сінявокую кроплю душа чалавека часам знясіленага цяжкай працай, апантанага адвечнай прагай здабычы матэрыяльных каштоўнасцяў, усёж такі імкнецца ў неба, якога стае ўсім.
Менавіта такім васільком, што прагне вышыні і прымушае адчуваць незвычайнае хараство навакольнага свету і быў Мацей Чырыч, просты і сціплы ў жыцці, таленавіты ў мастацтве, у сваім бясконцым імкненні да вышыні.
Напрыканцы лета на Яўнцыенмскіх могілках на ахвяраванні беларусаў Рыгі і Даўгаўпілса быў адкрыты помнік беларускаму мастаку Мацею Чырычу.
Мацей Рыгоравіч нарадзіўся 10 траўня1936 г. у в. Глініца Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. З 1941г. застаўся без бацькоў, маці памерла, а бацька загінуў на вайне. З 1944 г. па 1950 г. выхоўваўся ў Спец. дзіцячым доме ў г. Жыткавічы. У 1950 г. напраўлены ў Рыгу ў Тэхнічнае вучылішча № 17. Пасля яго заканчэня атрымаў спецыяльнасць токара. Працаваў на заводзе РЭЗ, вучыўся ў вячэрняй школе. Першапачатковыя навыкі па маляваню атрымаў на вячэрніх курсах Латвійскай акадэміі мастацтваў. У 1961- 1980-х гадах наведваў Народную студыю жывапісу пры Доме культуры прафсаюзаў, дзе кіраўнікамі студыі былі вядомыя латышскія жывапісцы Курт Фрыдрыхсон,Аляксандр Звіедрыс, Андрэй Германіс і Аўсма Данэманэ. Яго жывапісныя працы разам з працамі студыі неаднаразова экспанаваліся на выставах як ў Рызе так і на Усесаюзных выставах народнага мастацтва ў Маскве і іншых гарадах. Першая персанальная выстава жывапісу адбылася ў 1978 годзе ў Рызе. Мацей Чырыч адзін з удзельнікаў устаноўчага з’езда Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” 12 студзеня 1991 г. З таго часу мастак быў актыўным сябрам АМ-ББ “Маю гонар”, удзельнічаў у мастацкіх выставах аб’яднання ў Латвіі, Эстоніі і Беларусі.У 1993 г. быў дэлегатам Першага з’езда беларусаў Свету і ўдзельнікам мастацкай выставы “Жыве Беларусь”, прысвечанай гэтаму з’езду. М. Чырыч быў таксама актыўным сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.У 90-я гады быў сярод тых, хто актыўна змагаўся за незалежнасьць Латвіі.
Мастак пакінуў пасля сябе незвычайнай прыгажосці пейзажы і нацюрморты. Яго таленавітымі працамі папоўніліся многія праватныя зборы рыжан. На палотнах Мацея Чырыча ўсімі колерамі вясёлкі зіхацяць, чаруюць, заварожваюць кветкі. Гледзячы на гэтыя творы, так хочацца запытацца ў мастака : «Адкуль, адкуль, з якіх таемных калодзежаў узятыя гэтыя фарбы?» Столькі незвычайнага, часам някідкага, але такога роднага хараства на яго карцінах!
Праз 15 год пасля смерці мастака над яго магілай у чорным граніце ўзняўся помнік, на якім выява крыжа Еўфрасінні Полацкай (яе выгравіравалі па эскізу Вячкі Целеша) і па-беларуску гараць словы
Мастак Мацей Чырыч Ад беларусаў Латвіі
І помнік гэты, і такі родны надпіс па-беларуску “напамінае мне што шлях наш неканечны і Бога не міне” (А.Галубовіч). А на магіле сінімі зоркамі васількоў-валошак ды белагаловымі сонцамі рамонак рассыпаліся кветкі. Адкуль яны? Іх прынес мастак і сябра Мацея Вячка Целеш, а можа гэта і кветкі тых, пакінутых нам на ўспамін вечных палотнаў…
Шчыра дзякуем усім, хто cпрычыніўся да гэтай высакароднай справы, а найперш мецэнату з Даўгаўпілса Васілю Лукашчыку, гэта яго фірма бясплатна вырабіла помнік, сябрам Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», сябрам аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», сябрам культурна-асветніцкага таварыства “Уздым», Міхасю Казлоўскаму з Маладзечна, Дзмітрыю Кабановічу і Таццяне Касуха з Рыгі. І асаблівая ўдзячнасьць Вячку Целешу і кіраўніку беларускага культурнага цэнтра ў Даўгаўпісе Жанне Раманоўскай, якія змаглі аб’яднаць усіх неабыякавых і здзейсніць вельмі добрую, а можа і лепшую справу за апошні час.
Памер мастак, але ён жыве ў карцінах, дзе няма месца змрочнаму дажджу, халоднаму ветру. Жыве мастак у зорачках васількоў-валошак, якія гайдае вецер, жыве мастак у памяці сяброў, у клапатлівых руках майстра, што ўзняў над магілай помнік нашай шчымлівай памяці.
Выставай “Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі” адзначыла свой 25-гадовы юбілей у Рызе вядомая творчая суполка “Маю гонар”
На святочным вернісажы выступае кіраўнік суполкі Вячка Целеш (злева)
Творчыя почыркі ў супляменнікаў, што стварылі ў 1991 годзе ў Рызе Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, самыя розныя. Аднак усе яны маюць гонар належаць да беларускага свету. І не хаваюць таго, жывучы ў Эстоніі, Латвіі, Літве ці Швецыі. З нагоды юбілею суполкі яны і зладзілі выставу ў галерэі Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Вернісаж быў 17 лістапада.
Старшынюе ў аб’яднанні па-ранейшаму Вячка Целеш: мастак, даследчык беларускай гісторыі, культуры і мастацтва, грамадскі дзеяч. Гэта чалавек вялікай душы і вялікай адказнасці за справу, якой даўно займаецца. Дзякуючы яму ды ягоным паплечнікам і зладзілася прыгожая, цёплая імпрэза. Свята сабрала як мастакаў, так і аматараў мастацтва, якім блізкая да таго ж беларуская мова, нашы песні. Сімвалічна, што вернісаж прайшоў напярэдадні 98-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай дзяржавы: дзень 18 лістапада – светлы і святы для кожнага грамадзяніна Латвіі. Карціны беларускіх мастакоў – гэта як святочны феерверк, прыгожы падарунак Латвіі.
На выставе сабраны творы 23-х мастакоў суполкі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, фотамастацтва. Латвію прадстаўляюць Ганна Пейпіня, Надзея Ізянёва, Аліна Літвіненка, Ірына Трумпель-Сабалеўская, Алена Раманенка, Вольга Кажамяка, Ірына Кароль, Тамара Насенка, Людміла Жэлабоўская, Алена Ціхамірава, Васіль Малышчыц, Анатоль Ермаковіч, Пётр Худабчонак, Лявон Маствілішскі ды Вячка Целеш. З Літвы – працы Алега Аблажэя, які, на жаль, сёлета адышоў у іншы свет. Яго творы, а таксама свае на выставу прывезла Крысціна Балаховіч. З Эстоніі прынялі ўдзел у выставе Маргарыта Астравумава, Генадзь Курлянкоў і Людміла Прыбыльска, са Швецыі – Кацярына Осберг і Ян Кузміцкі.
Звычайна святы ўпрыгожваюцца жывымі кветкамі, на якія Рыга вельмі шчодрая. І падалося мне пад час вернісажу: на нейкі момант хораша паядналіся кветкі віншаванняў у руках мастакоў і кветкі на палотнах, жыццё якім далі працавітыя пэндзлі. У кожным позірку ўдзельнікаў імпрэзы ззяла ўдзячнасць за падараванае свята, за сустрэчу з высокім мастацтвам, а яшчэ й гонар за нашу агульную Радзіму-Беларусь.
Як і належыць, госці прыйшлі з падарункамі. Музычнае віншаванне прысвяціў мастакам маэстра Рафі Хараджанян, гаспадар у галереі. Упрыгожыў свята і Алесь Камоцкі з Мінска – паэт, спявак, сябар Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ён спяваў вядомы раманс “Зорка Венера” на верш Максіма Багдановіча, іншыя цудоўныя творы. Алесь зачытаў віншаванне, якое даслала юбілярам “Бацькаўшчына”. Выставу не пакінула без увагі Амбасада Беларусі ў Латвіі: з віншаваннем і пажаданнем творчых поспехаў звярнуўся да мастакоў Аляксандр Сушкевіч, Першы сакратар Амбасады. Віншавалі мастакоў сябры, знаёмыя: ад Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” – старшыня суполкі Ірына Кузміч, ад супляменнікаў Даўгаўпілса – кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Пры падтрымцы Мінкультуры Латвіі, рыжскай Думы, беларускіх прадпрымальнікаў да юбілею выйшаў цудоўны буклет, яркая афіша, былі разасланыя прыгожыя запрашэнні.
Увесь вечар у святочнай зале панаваў прыўзняты настрой, гучала музыка. Час праляцеў хутка, ды сябры не хацелі разыходзіцца. Былі да месца размовы, песні, мары, святочныя напоі ды найсмачнейшыя ў свеце дранікі. А заключным акордам вечарыны прагучалі родныя песні ў выкананні гурта “Вытокі”.
Дарагія мастакі, з юбілеем вас! Здароўя вам, гармоніі ў душах, і мноства светлых колераў у палітры вашых жыццяў, і мноства прыемных паўтонаў у палотны вашых лёсаў!
Ганна Іванэ, дырэктарка Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы