Сумная навіна прыйшла ў гэтыя дні ў беларускія суполкі Рыгі. 07 красавіка 2012 г. пасля доўгай хваробы не стала нашага зямляка Станіслава Клімава.
Станіслаў Максімавіч Клімаў нарадзіўся 15 ліпеня 1938 года ў вёсцы Прыбор Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Пасля службы ў армii ў 1960 годзе ён прыехаў у Рыгу і паступіў на механіка-машынабудаўнічы факультэт Рыжскага палітэхнічнага інстытута.
Пасля інстытута С. Клімаў працаваў у розных галінах прамысловасці Латвіі. З іх шмат гадоў Станіслаў Клімаў адпрацаваў канструктарам у Спецыялізаваным канструктарскім бюро вакуумных пакрыццяў – адным з флагманаў латвійскай індустрыі (цяпер акцыянернае таварыства «Sidrabe»), дзе працягваў працаваць і пасля выхаду на пенсію.
Прозвішча Станіслава Клімава – сярод тых беларусаў, хто стаяў ля вытокаў адраджэння беларускасці ў Латвіі.
З 1992 – па 1994 год С. Клімаў быў намеснікам старшыні таварыства беларускай мовы «Прамень». Шмат гадоў да апошніх дзён быў сябрам Рады Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Але той грамадскай нівай, на якой самааддана рупіўся Станіслаў, была папулярызацыя беларускай песні. У Генадзя Бураўкіна ёсьць такія цудоўныя радкі : «А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта навогул спяваць?.» Гэтыя словы цалкам і поўнасцю – пра Станіслава Клімава. Колькі цудоўных беларускіх мелодый пачулі латвійскія слухачы, дзякуючы яго гармоніку.
Самародак- музыкант і кампазітар Станіслаў актыўна прапагандаваў беларускую песню. Станіслаў Клімаў ўдзельнічаў у стварэнні першага гурта беларускай песні ў Латвіі ансамбля “Надзея”. Яго голас гучаў у складзе ансамбля “Світанак”, а апошнім яго клопатам стаў гурт беларускай песні “Вытокі”, музычным кіраўніком якога ён быў ад пачатку стварэння калектыву.
У рэпертуары “Вытокаў” цэлы вянок песень, музыку якіх напісаў самадзейны кампазітар Станіслаў Клімаў. Але песні музыканта-самародка спяваюць не толькі “Вытокі”, іх выконваюць самадзейныя беларускія гурты па ўсёй Латвіі.
У апошні час Станіслаў плённа супрацоўнічаў з Станіславам Валодзькам, беларускім паэтам з Даўгаўпілса. Песні С. Клімава на вершы С. Валодзькі – “Пра маці”, “На Радзіме” карыстаюцца нязменным поспехам у слухачоў. Але сапраўднай візітоўнай карткай самадзейнага кампазітара Станіслава Клімава стаў «Купальскі вальс» на вершы яго любімага паэта Ніла Гілевіча. Гэтую песню спяваюць беларусы ў Латвіі і за яе межамі.
Калі адыходзіць з жыцця чалавек, на ўспамін застаюцца яго справы. А пасля Станіслава засталіся яшчэ і яго песні. Хай доўга-доўга гучаць яны на розныя галасы нашай данінай памяці гэтаму таленавітаму чалавеку, нашаму сябру.
Пахаванне адбудзецца 12 красавiка 2012 г.у 14 00 гадзiн у Рызе на Балдэрайскiх могiлках.
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2012-04-07 19:31:002023-02-13 23:37:16Aдыйшоў у лепшы свет Станiслаў Клiмаў
А таксама паказалі рыжанам выставу, прысвечаную Крыжу Ефрасінні Полацкай.
Беларусы Латвіі адсвяткавалі ў Рызе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча яшчэ па старым стылі: узгадалі лепшыя вершы вялікага паэта і праспявалі іх.
Вячаслаў Целеш, старшыня аб’яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар”, узгадвае, як 20 год таму святкавалі стагоддзе са дня нараджэння паэта. З таго часу штогод латвійскія беларусы ладзяць невялікія вечарыны.
Вячаслаў Целеш: “Яго патрыятызм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у тым ліку і на беларусаў Латвіі. Беларусу варта пачуць яго “Пагоню” ці “Зорку Венеру”, каб пераканацца ў патрыятызме Максіма Багдановіча”.
Адначасова з багдановіцкімі чытаннямі латвійскія беларусы адкрылі фотавыставу, прысвечаную лёсу іншай беларускай легендзе – Ефрасінні Полацкай і яе крыжу.
Зладзіла выставу старшыня таварыства “Сьвітанак” Ірына Кузьміч. Яна ж – дачка беларускага майстра Міколы Кузьміча, які і стварыў копію знакамітага крыжа
Ірына Кузьміч: “У чэрвені мы з мужам выправіліся ў старажытны Полацак і некалькі дзён пражылі ў Ефрасіннеўскім манастыры. Вынікам натхнення і стала гэтая выстава. Яе мэта – пазнаёміць латышоў з культурай Беларусі”.
У 1997 г. брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык, сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Кузьміч стварыў рэпрадукцыю крыжа Ефрасінні Полацкай. Новы крыж быў асвечаны і перададзены ў Ефрасіннеўскі манастыр.
Сапраўднаму крыжу, які знік у вайну з магілёўскага музея, сёлета споўнілася б 850 гадоў.
Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»
Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.
Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.
«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.
Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.
Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша
Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй – Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.
Злева – Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.
Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.
Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.
У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры – паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.
І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».
Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі. У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.
За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі” Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.
З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…
«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш
выступае Сяргей Панізнік
вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай
спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава
вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак
выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў
два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі
Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры
Самы вядомы з беларускіх мастакоў Латвіі хх стагоддзя нарадзiỳся 21 верасня 1902 г. ỳ вёсцы Стрэмкi Пiедруйскай воласцi Краслаỳскага павета ỳ Латвii. У 1922 г. скончыỳ Краслаỳскую латышскую асноỳную школу, а ỳ 1926 г. Даỳгаỳпiлскую Дзяржаỳную Беларускую гiмназiю. У 1926 г. паступiỳ у Латвiйскую акадэмiю мастацтваỳ. З 1928 г. па 1933 г. вучыỳся ỳ майстэрнi дэкаратыỳнага жывапiсу ỳ прафесара Янiса Кугi, а з 1933 г. да 1937 г. – у майстэрнi фiгуральнага жывапiсу ỳ прафесара Гедэрта Элiяса. У 1937 г. Пётра Мiрановiч скончыỳ акадэмiю, дыпломнаю працаю была карцiна “У сялянскай хаце”. Пасля сканчэння акадэмii жыццё мастака было звязана з педагагiчнай дзейнасцю, ён працаваỳ настаỳнiкам малявання, а пазней iнспектарам беларускiх школ, з’яỳляỳся сябрам Таварыства беларускiх настаỳнiкаỳ Латвii. У 1944-1945 г.г. П. Мiрановiч вучыỳся ỳ Венскай акадэмii мастацтваỳ у Аỳстрыi. З 1950 г. мастак з сям’ёй жыỳ у Бруклiне, (Нью-Йорк, ЗША), дзе i памёр 20 снежня 1990 г.
Творчасць мастака ỳ латвiйскi перыяд была прысвечана пейзажам Латгалii, рацэ Даỳгаве, а таксама тэматыцы вясковага жыцця латгальскх беларусаỳ, партрэтам беларускай iнтэлiгенцыi. Пётрам Мiрановiчам быỳ намаляваны абраз Божай Мацi для алтара Пiедруйскага касцёла. На 4-ай мастацкай выставе Фонда культуры Латвii ỳ 1937 г. карцiны П. Мiрановiча “Латгалачка”, “Вяртанне дамоỳ”, “Вандраванне”, “Адлiга” ды “Рака Айвiексте” экспанавалiся разам з працамi вядомых латышскiх мастакоỳ Я.Кугi , Г.Элiяса , В.Пурвiта , Я.Тылберга i iнш.
У амерыканскi перыяд жыцця П.Мiрановiчам было напiсана шмат партрэтаỳ беларускiх эмiгрантаỳ, пейзажаỳ Латгалii, намаляваных па накiдах i фотаздымках, прывезеных мастаком, а таксама карцiна “Беларускiя эмiгранты”, якая экспанавалася на розных амерыканскiх выставах i атрымала вялiкую папулярнасць. Да апошнiх дзён свайго жыцця мастак удзельнiчаỳ у шматлiкiх мастацкiх выставах, чытаỳ лекцыi, пiсаỳ артыкулы пра беларускую культуру i асвету, афармляỳ розныя выставы. У 1964 г. ỳ Нью-Йорку адбылася яго персанальная мастацкая выстава, якую арганiзаваỳ Беларускi Iнстытут Навукi i Мастацтва. На гэтай выставе экспанавалiся 63 працы мастака.
Iмя Пётры Мiрановiча ỳпiсана ỳ гiсторыю асветнiцтва i мастацтва беларускай дыяспары Латвii i Амэрыкi.
13 красавiка 2003 года Латвiйскае таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” у самым цэнтры Старой Рыгi – Доме Менцэндорфа ладзiла дзень беларускай культуры. Дом Менцэндорфа – гэта дом-музей багатага рыжанiна, якi знаходзiцца ў прыгожым трохпавярховым будынку 18-га стагоддзя, назву мае ад прозвiшча апошняга ўладальнiка на пачатку мiнулага стагоддзя. Iнiцыятарамi правядзення свята выступiлi сённяшнiя гаспадары Дома Менцэндорфа – супрацоўнiкi музею. Кiраўнiцтва ЛТБК “Сьвiтанак” заўсёды з радасцю адгукаецца на падобныя прапановы, бо яны даюць цудоўную магчымасць чарговы раз нагадаць аб нашай беларускай прысутнасцi ў Рызе, магчымасць прапагандаваць нашую непаўторную, мiлагучную мову, песнi, традыцыi, багатую культурную спадчыну. На гэты раз “сьвiтанкаўцы” падрыхтавалi дзве выставы: экспазiцыю беларускiх кнiг i выставу вырабаў беларускiх майстроў. Беларуская народная творчасць была прадстаўленая вырабамi з лазы, саломкi, дрэва, керамiкi, вышыванкамi i карункамi. Асаблiвую цiкавасць наведвальнiкаў выклiкалi нашыя цудоўныя рушнiкi, паясы, коўдры, посцiлкi, вытканыя ў мiнулым стагоддзi матулямi i бабулямi рыжскiх беларусаў, захаваныя для нашчадкаў. Сярод беларускiх кнiг можна было ўбачыць даволi рэдкiя i каштоўныя, напрыклад, факсiмiльнае ўзнаўленне Бiблii, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах у трох тамах, прыгожыя альбомныя выданнi, розныя кнiгi з аўтографамi беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў з прыватных калекцый арганiзатараў выставы. Частку сувенiраў i кнiг для выстаў арганiзатарам свята далi для паказу ў музеi дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі.
Пачалося свята знаёмствам публiкi з гicторыяй iснавання беларусаў на тэррыторыi сучаснай Латвii, з гicторыяй беларуска-латышскiх сувязяў. Аб гэтым, а таксама аб сучасным жыццi нашае дыяспары, дзейнасцi беларускiх суполак у Латвii, працы беларускай школы ў Рызе распавядалi аўтарка гэтых радкоў, старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыi “Маю гонар” Вячка Целеш, аўтарка кнiгi “Беларусы ў Латвii” прафесар Латвiйскага Унiверсiтэту Iлга Апiнэ, рэдактар газеты “Прамень” Алесь Карповiч. Аб важнасцi латышска-беларускiх культурных сувязяў i неабходнасцi iх пашырэння выказалiся Саветнiк па нацыянальных пытаннях Прэзыдэнта Латвiйскай Рэспублiкi Ольгерт Тыпанс i Першы сакратар Амбасады РБ у Латвii Дзмiтрый Шкурдзь, а старшыня Асацыяцыi нацыянальных культурных таварыстваў Латвii Рафi Хараджанян адзначыў, што ЛТБК “Сьвiтанак” з’яўляецца зараз адным з найактыўнейшых таварыстваў, якiя ўваходзяць у асацыяцыю.Адна з частак свята была прысвечаная беларускай кухнi. Акрамя “тэарэтычнага” знаёмства з своеасаблiвасцямi i традыцыямi нашай кухнi, гасцей чакала дэманстрацыя прыгатавання беларускiх дранiкаў на старажытнай печы ў музеi, усiх прысутных таксама частавалi загадзя прыгатаванымi Таiсiяй Бачкаровай дранiкамi з смятанаю, цыбулькаю, шкварачкамi, рознымi полiўкамi. А потым больш як дзве гадзiны працягваўся канцэрт. Сучасныя i народныя беларускiя песнi спявалi дзяўчаты з гурта “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы, спявачкi Ганна Крупская, Iлона Варатнiкова, вакальны гурт таварыства “Сьвiтанак” разам з салiсткамi Аляксандрай Ларыёнавай i Галiнай Уласенка. Вельмi цiкаваю была спецыяльная экскурсiя па шматлiкiх пакоях музею, арганiзаваная гаспадарамi для удзельнiкаў канцэрту i арганiзатараў свята.
Таццяна Казак
На здымках:
спявае гурт “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы;
падчас экскурсіі па музею
дэманстрацыя прыгатавання страў беларускай кухні;
арганізатары дня беларускай культуры: cупрацоўнікі музею і гурт “Сьвітанак”.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2023/01/Dom_Mencendorfa2.jpg240330Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-02-04 17:21:152023-02-13 23:43:22Беларускi дзень у рыжскiм музеi
На жаль, невядомы грамадскасці таленавіты беларускі літаратар, паэт, перакладчык, аўтар успамінаў. Народжаны ў Беларусі, яе сталіцы Мінску, большую частку свайго жыцця Барыс Кастаненка пражыў у Латвіі.
Перад тым, як стала асесці ў Рызе, ён прайшоў нялёгкі шлях марскога афіцэра-падводніка, служыў на Паўночным флоце. Жывы, цікаўны, мэтаімклівы юнак Барыс рана захварэў рамантыкай мора і паэзіі. Да гэтага прычыніліся дапытлівы, цэльны характар рамантыка і некаторыя канкрэтныя абставіны жыцця сям’і Кастаненкаў. У сувязі з характарам работы бацькі, сям’я Кастаненкаў, у якой разам з малодшым Барысам было двое дзяцей, даводзілася жыць у розных мясцінах Беларусі. У сваіх успамінах (яны пакуль што знаходзяцца ў рукапісе, ды машынапісе і трэба думаць, будуць выдадзены кніжкай) Барыс згадвае пераезды сям’і: жыццё іх у Чашніках, Камарыне, Жыткавічах, Мінску. Але больш робіцца гэта па расказах родных і перш-наперш маці Ганны Якімаўны, даволі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай на той час. У 1935 г. Кастаненкі пераехалі жыць у Віцебск. У раздзеле ўспамінаў “Добры горад над сіняй Дзвіной” Барыс пранікнавенна і маляўніча расказвае пра сваё даваеннае дзяцінства, шчасліва праведзенае ў гэтым старажытным беларускім горадзе, што месціцца на берагах Заходняй Дзвіны.
“Ганчарны завулак, – праз гады ўспамінаў капітан трэцяга рангу Барыс Пятровіч Кастаненка, – побач з левым берагам Дзвіны, паміж новым і чыгуначным мастамі… Ля новага маста заўсёды стаялі буксіры, параходы, баржы-лайбы, многа лодак. Тут жа на пяску адпачывалі ўжо непатрэбныя растрэсканыя баржы, высіліся горы цюкоў сена, скрынкі, бочкі – уся гэта гаспадарка належыла мясцоваму параходству. Колькі радасці прыносіла нам Дзвіна! Велічнай і шырокай здавалася яна мне. Тут праходзілі лепшыя часіны нашага дзяцінства. Рака жыла напружаным жыццём, ішлі параходы, плылі ганкі (мясцовая назва плытоў), буксіры цягнулі баржы з рознымі грузамі. Часам пад вясёлую музыку паважна праплываў пасажырскі прыгажун, і ў ім было шмат бесклапотнага, радаснага народу. Параход узнімаў хвалі. На іх весела гайдаліся на байдарках старэйшыя хлапчукі. Мы ж кідаліся з берагоў у прыемную ваду, каб пагойсацца на хвалях, падурэць у дзіцячай бесклапотнасці і радасці (Успаміны с. 35–36).
Ці не тут, на ўлонні вялікай ракі, зараджалася ў душы хлапчука цяга да воднай прасторы, якая прадвызначыла жыццёвы шлях паэта і марскога воўка Барыса Кастаненкі? І ці не лёс гэта, што свой жыццёвы шлях ён закончыў у вусце гэтай роднай ракі? (Памёр Барыс у раёне Рыгі, які называецца Вусць-Дзвінск). Ганчарны завулак, Віцебск, Дзвіна былі, можна сказаць, першым адпраўным пунктам ў нібы доўгім і разам з тым кароткім жыцці літаратара-марака. “Я і паэт, я і марак”, – пісаў Барыс пра сябе. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі згарэў дом і ўвесь небагаты пабытак, каб неяк выжыць і перачакаць ліхалецце, Кастаненкі выбраліся на малую радзіму бацькоў – у лясную вёсачку Корасць. Абразкі перажытага ў вайну яскрава паўстаюць са старонак Барысавых “Успамінаў”. Апошняй станцыяй свайго юнацтва Барыс Кастаненка называе Смаргонь, гарадок непадалёк ад Віліі, які часта ўспамінаецца ў вершах, аркушах, мемуарах. Па выгнанні гітлераўцаў сям’я Кастаненкаў з апусташонай, здрантаванай акупантамі Віцебшчыны рушыла ў Заходнюю Беларусь, на новае мейсца працы бацькі. У Смаргоні ён закончыў сярэднюю школу. Апошняя станцыя юнацтва была для Барыса вельмі важным этапам яго духоўнага фарміравання, маладога ўзмужнення.
Рана адчуты хлопцам смак мастацкага слова, захапленне літаратурай, перад усім паэзіяй (пад уплывам сваёй маці Анны Якімаўны, якая працавала настаўніцай у пачатковых класах), набылі ў Смаргонях рэальныя формы. Старшакласнікі Лёня Сосна, Міхась Царык, Антон Субач, Жора Янчуковіч, Арсень Ліс арганізаваліся ў літаратурны гурток. Паседжанні праводзілі ў цокальным памяшканні пры бібліятэцы, або на кватэры ў Ігара Фёдаравіча, на вуліцы Крэўскай. Барыс Кастаненка стаў неўзабаве лідэрам гэтай нефармальнай групы. Хлопцы выдавалі рукапісны часопіс “Родны край”, пазней, па ініцыятыве Барыса, перайменаваны ў “Росквіт”. Гэта была звычайная юначая спроба пяра, але шчырая, гарачая, з чытаннем уласных твораў і спрэчкамі, пераважна літаратурнага характару. Быў выезд у Маладзечна, дзе пры абласной газеце існавала сталае літаратурнае аб’яднанне, кіраванае выкладчыкам літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, пазней вядомым беларускім гісторыкам і мысляром Міколам Ермаловічам. Вершы і апавяданні смаргонскіх літаратараў аналізаваліся Мікалаем Іванавічам, спецыялістам-філолагам па законах літаратуразнаўства, ўважліва і зычліва. Падборка вершаў Барыса Кастаненкі была надрукавана ў абласной перыёдыцы і гэта, вядома, акрыляла маладога паэта, годам пазней ён стаў удзельнікам ІІІ з’езду маладых паэтаў Беларусі, аб якім ён вельмі цёпла напісаў у сваім штодзённіку. Яго кансультаваў сам П. Броўка. У Смаргонях Барыс спасцігаў і такія фундаментальныя праявы жыцця, як сяброўства, каханне, вернасць. Там ён выбраў і спадарожніцу ўсяго будучага свайго жыцця, жонку, маці яго дзяцей, спадарыню Карыну. Але напачатку быў выбар будучай прафесіі. Вырашаны дома на роднай зямлі, ён рэалізаваўся ў светлым вялікім горадзе над Нявой.
Летам 1951 г. дзевятнаццацігадовы Барыс становіцца курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча імя Дзяржынскага. “Пад залатым шпілем Адміралцейства” – так называецца адзін з раздзелаў яго штодзённіка. У вольную хвіліну, якіх было няшмат, клікала літаратурнае слова, малады марак адчуваў яго ва ўласнай душы. І чулася ў ім крыху пафасная яшчэ клятва ў любові да мора, яго нязведаннай прасторы: Ты прада мною ціхае, жывое, Ды толькі больш люблю шум грозны твой. Я сам даўно не ведаю спакою, І не патрэбны нейкі мне спакой! Я далячынню велічнай, прыгожай Увесь захоплены. Яна ў вачах стаіць. У моры я паэзію знаходжу, У паэзіі мне мора не забыць!
У вершах – лістах да сяброў паэта-марака гучыць паўтараючыйся матыў прызнання ў любові роднай зямлі, узгадваюцца росныя сцэнкі юнацтва над Віллею, устае абагульнёны вобраз Беларусі. Лёс марскі на шлях багаты… Колькі ўспенена хваль вінтамі. Ды пад спёчным далёкім небам Мроіў я тваімі барамі…
Пад вершамі – год напісання, назвы гарадоў, дзе ўзніклі, склаліся ў радкі ўзрушаныя словы… Вось адзін, з горада Ліепая, азначаны 1957 годам. Вылучаецца элегічным тонам. Спецыфіка жыцця афіцэра-падводніка ў тым, што яно праходзіць ў аснове сваёй далёка ад дому, ад сям’і. І вось Барысаў верш – зварот да любімай каханай: Зноў латышскія сосны гудуць нада мной Коціць пенныя хвалі вясёлы прыбой… І на поўдзень бялюткія хмаркі плывуць. Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной? Я б на рукі цябе, як пушынку, узняў, Над усім хараством гэтым цудным узняў, Тваё б сэрца напоўніў сваім пачуццём, І красу, і бязмежжа жыцця б паказаў. Над табою б латышскія сосны гулі, Белы ветразь убачыла б ты ўдалі, І марскія ласкавыя ветры табе Свае дзіўныя песні здалёк прыняслі б… Ты б пачула, чым Балтыкі сэрца жыве, Ты б пазнала, што Райніса дайна пяе. Пакахала б ты сосен край, хваль і вятроў, Зразумела б ты цёплыя словы мае. Толькі ты так далёка… Шугае прыбой. І латышскія сосны гудуць нада мной. На ўзбярэжжы стаю з сваёй думкай адзін. Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?..
Жыццё сведчыць, што раздвайвацца паміж літаратурай і службай інжынера на сучаснай субмарыне не проста, калі ўвогуле такое можна. Прыехаўшы ў адпачынак і пабачыўшыся ў Белдзяржуніверсітэце з сябрам, які вучыўся на філфаку, адзначыў для сябе ў дзённіку: “…З глыбокім болем адчуў, што адлегласцю і ўмовамі жыцця мы вельмі адарваны адзін ад другога… Я, вядома, пазайздросціў Арсеню: кожны дзень ён жыве на роднай зямлі, чуе родную мову, вучыць тое, што неабходна для літаратурнай творчасці, жыве з хлопцамі, для якіх літаратура – самае галоўнае. Мне ж ўсё даводзілася здабываць урыўкамі, ва ўмовах жорсткай абмежаванасці…” І пазней у адным з вершаў пра гэта напіша: Я значнага яшчэ не напісаў… Заняткам іншым час свой аддаваў. Другія хлопцы ладней пішуць вершы, І мне не быць у іх кагорце першым.
Тым часам час, сілы ўладна забірала служба падводніка. З паходаў вяртаўся, выціснутым, як лімон. Барыс быў чалавекам годнасці і абавязку. Перадусім – абавязку баявога афіцэра-падводніка. Вышаўшы на пенсію, Барыс, нарэшце, плануе ажыццявіць яшчэ адну мару. Яна-такі, праз гады заставалася запаветнай. Аддаўшы больш 30 гадоў марской службе, капітан трэцяга рангу Барыс Кастаненка сходзіў на бераг, яшчэ поўны жыццёвых сіл і розных планаў, а перш-наперш творчых. Наперадзе яшчэ былі, здавалася, незлічоныя кіламетры дарог. Кінуўся ў блізкі родны свет – па Беларусі. Напісаў нарысы, у тым ліку “Браслаўскія азёры”, “Горад на Дзвіне”. Затым – ў Закарпацце. У наступнае лета разам з Карынай адкрывалі для сябе Сярэднюю Азію: Ташкент, Бухара, Самарканд. Барыс быў ашаломлены незвычайнасцю, каларытнасцю Усходу. Але больш за ўсё уразіла мудрая, філасафічная, жыццёвая, праўдзівая паэзія народаў сярэдняазіяцкіх рэспублік. Два гады запар Барыс ездзіў, ужо адзін, у Таджыкістан, Туркменію, Казахстан, Узбекістан, каб услухацца ў мудрую і высокую паэзію Усходу, спеўныя галасы самой зямлі яго. Вяртаўся з кніжкамі, слоўнікамі. Засеў за пераклады, і, о радасць: мудраспеўная паэзія Усходу арганічна загаварыла з ім па-беларуску: Я неба кветнікам назваў, Зор карнавал я ўслаўляў. Пачуў: напышлівасці многа. Спяваў сустрэчы, боль разлук. Каханне, слодыч яго мук. Пачуў: няма маралі строгай, Багата прысвяціў радкоў Вясне, рамантыцы шляхоў. Пачуў: у іх няма нічога. Сваю душу перагартаў, Аб сваім лёсе заспяваў. Пачуў: ён сэрцам чуе Бога.
У сучасных паэтаў Усходу, таджыцкіх, узбецкіх і уйгурскіх, знаходзіў шмат таго, што непакоіла, жыло ў самім перакладчыку, рацэ жыцця, якая ім перадольвалася. Як хоць бы гэта споведзь-медытацыя Амана Мухтарава:
Я на рацэ ўважлівы такі: Стаяць на правым беразе ракі Старыя – прадзед мой, бабуля, дзед, Даўно пакінуўшыя гэты свет. І не палохаюцца бур ліхіх. Як я жыву? – адно пытанне ў іх. На левым беразе ракі стаяць Мае нашчадкі. Уважліва глядзяць Сыны, ўнукі, што ідуць ў жыццё, Каб месца ў ім яшчэ знайсці сваё І ў ім пакінуць шмат слядоў сваіх. Як я жыву? – Адно пытанне ў іх. Яго я часта задаю сабе. Маё жыццё – рака ў барацьбе, Пакуль яно імкне ў берагах, Плыву па ёй, перамагаю жах. Як я жыву? Плыву ці ўперад я? І занясе куды рака мая? Вось бачу бераг правы я, круты. Яшчэ рывок – і траплю я туды. Мінуўшчына спакою не дае. Цячэ рака, цякуць гады мае. Вось бераг левы – да яго рух мой, Святло і цемру рэжу я рукой. Між будучым і днём ужо былым Так і жыву ў часе я сваім.
Як старое віно, дзіўным водарам, тонкай мудрай рамантыкай п’яніў Алішэр Наваі: “Ах, птушка майго сэрца ўзляцела, – здалася зернеткам радзімка ёй твая. Ляцела да цябе, ды трапіла ў пастку тваіх прыгожых кос, а з ёй загінуў я…” Алі Абу Ібн Сіна (Авіцэнна), Амар Хаям… – перакладзена было нямала. Можна было падумаць аб беларускамоўнай анталогіі ўсходняй паэзіі. Чакана-нечакана напісалася свая “Усходняя паэма” па-руску, каб можна было звярнуцца да ўсходніх сяброў і быць пачутым і зразумелым імі. Улысны верш Барыса Кастаненкі мацнеў творчым досведам пераствораных на беларускую мову ўсходніх паэтаў. Слов значимость учусь я ощущать, Чтоб радугу цветов в них различать, В единый сплав мысль с чувством совмещать, Сплетая в кружева простую нить. Моя судьба моих творенье рук И зависти к удачным в жизни нет. Я разорвал привычный серый круг, Во мне и увяданье и расцвет. Во мне единство – радость, боль моя. В душе противоречий до краев. Я – быстрый ветер, и изменчив я, Объять и ощутить я все готов. Вот тишина и вдруг – весенний гром, Снег падает, а вот звенит капель. Я – все созвучья, что звенят кругом. Я – глубина. Но вдруг я только мель…
Па-руску пісаў Барыс і раней, але лічыў, што поўнавартасна можна высказацца толькі на роднай мове. Але паддавалася і рускае слова. Барыс афармляе свае рускамоўныя вершы ў машынапісны зборнік “Брызги волн морских и времени”. Ён з болем пісаў: “Праехаў я мой край ва ўсе бакі, І на душы зрабілася так горка, Бо лічаць нават нашы землякі Купалы мову брыдкаю гаворкай”.
Архіў, яго рукапісы, што цяпер, пасля 6 мая 1999 г., калі ён адышоў ад нас навекі, называюцца літаратурнай спадчынай, накіды апошніх гадоў навочна сведчаць, што Барыса трывожыў лёс Беларусі: “Беларусь, не шануеш сваіх ты дзяцей. Іх бяздумна па беламу свету кідаеш. Плён іх працы, і думак, і светлых ідэй у скарбніцу народа свайго не збіраеш”. Далей назваў імёны Д. Шастаковіча, Яраслава Смелякова. Спрабаваў дапісаць раней пачатую паэму “Спадчына”, у якой абагульнена шырока хацеў глянуць на шляхі свайго народа, рупіўся над “Успамінамі”, якія абяцалі стаць сапраўднаю аповесцю жыцця. Міжволі думалася аб тым, што пакінеш па сабе. Часам чарнавата-іранічна: “Памёр чалавек… Што ад яго засталося? Жменя медалеў і зусім нецікавых папер”… Паглядзець на сябе іранічна – удзел моцных натур. Часам аўтаіронія была бліжэй да праўды, чым у ранейшых змрачнавата неаб’ектыўных радках: Каб ты не піў і не смаліў, Сто год пражыў бы на зямлі. У табе такі жыцця запас, Што падуладны табе час. Я грэшны: чарку паважаў І цыгарэты не кідаў.
Непадуладнасць бегу часу аказалася падманлівай. А так трэба было яшчэ некалькі год, каб завяршыць літаратурныя планы і, можа ў першую чаргу, аповесць жыцця, пазначаная ў адным з рукапісных артыкулаў як “Выток і плынь”. У прозе, як і ў жыцці навогул, Барыс Кастаненка заставаўся паэтам. З сумам думаецца: Барыс мог яшчэ, павінен быць з намі, сваім натхнёным мудрым словам сцвярджаць жыццё, яго хараство і неўміручасць.
Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.
25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.
Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.
У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова
Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй. . Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.
І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.
А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.
Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.
Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-01-29 22:23:002023-02-13 23:41:59У “Сьвітанку”адзначылі 90-я ўгодкі абвяшчэння БНР
Дачакаліся. Нарэшце і ў латвійскіх беларусаў зявіўся свой паэт-песеннік. А сведчаннем таго, што наш зямляк з Даўгаўпілсу Станіслаў Валодзька называецца ім па-праву, стаў яго аўтарскі кампакт-дыск
Зразумела, што прэзентацыя альбома адбывалася ў Даўгаўпілсу, горадзе, дзе жыве і працуе Станіслаў. Калі мяркаваць па водгуках, імпрэза атрымалася цудоўная. Віншавалі Станіслава і даўгаўпілскія музыкі і выканаўцы песень, і госці з Рыгі і Краславы. Прыхільнікі творчасці даўгаўпілскага паэта прыехалі нават з Літвы і Беларусі.Прэзентацыя вылілася ў грандыёзны трохгадзінны канцэрт, аб чым распавядалася і па радыё і ў друку.
Добра знаёмыя песні на словы Станіслава Валодзькі і слухачам нашай праграмы. Яны гучаць у нашай радыёперадачы ўжо не першы год. З задавальненнем уключаюць яго творы ў свой рэпертуар і нашы самадзейныя артысты. Спявае гэтыя песні і калектыў “Вавёрачка “ Рыжскай беларускай асноўнай школы, і ліепайская “Паўлінка” і спявак Павел Прозар з ансамбля “Купалінка”.
Першую песню Станіслаў Валодзька напісаў дзесьці гадоў дзесяць таму, у супрацоўніцтве з каіпазітарам Генрыхам Галіцкім. Потым плённа супрацоўнічаў з Мікалаем Яцковым, Аляксандрам Рудзем, Дзмітрыем Паддубнавым. Так пакрысе, за годам год і збіраліся песні, каб потым сабрацца разам, у адзін дыск.І цяпер мы з задавальненнем знаёмім нашу радыёаудыторыю з песнямі беларускага кампазітара з яго новага дыска. Тым больш, што слухачам яны даспадобы.
Сярод сталых – папулярная песня “Ветэраны”, якую Станіслаў напісаў да 60-годдзя вызвалення Даўгаўпілсу і Беларусі. Яе пранікнённа выконвае Сяргей Піменаў, выкладчык музычнага каледжу ў Даўгапілсе. Кранае сэрца трыо “Ластаўкі” беларускага таварыства “Уздым”, якое выконвае песню “Ластаўкі” – гэта дзве настаўніцы музыкі Таццяна Піменава і Наталля Зубкова, і выхавальніца дзіцячага садка Інга Ціршэ-Галлеррэ.
Моладзі вельмі падабаецца перакладзеная Станіславам “Песня пра шчасце” – яна гучыць на латышскай і беларускай мовах у выкананні вядомых латвійскіх спевакоў Томаса Кліма, Іво Фомінса і беларускай спявачкі Аляксандры.
Асабіста мяне кранаюць “Зязюля” і “Калыханка для мамы” :
Дарэчы, песенны дыяпазон гэтага дыска – вельмі шырокі. Ад бардаўскіх песень – да рамансаў і калыханак. Уключаны ў яго і некалькі твораў на рускай мове. Сам Станіслаў тлумачыць гэта так: “Песні падбіраліся такім чынам, каб рэпертуар быў разнастайным і тэматычна, і ў жанравых адносінах.”
Наколькі ўдала такое рознапланавае спалучэнне мяркаваць, вядома, слухачам. Са свайго боку адзначу, што ва ўсялякім разе гэты кампакт-дыск дае магчымасць пазнаёміцца з усёй творчай палітрай паэта-песенніка Станіслава Валодзькі. Гэта па-першае. Па-другое, дае надзею на тое, што ў будучым з’явяцца і новыя песні і новыя дыскі нашага земляка, даўгаўпілскага паэта Станіслава Валодзькі . Нездарма ж назва першынца – “Верю в свою звезду” . Тым больш, што творчыя задумы ў Станіслава Валодзькі вялікія.
http://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.png00Svitanakhttp://www.svitanak.eu/wp-content/uploads/2020/09/svitanak-2020-296x300.pngSvitanak2009-01-29 13:33:002020-10-07 23:23:20З верай у сваю зорку
З цікавасцю назіраю за творчасцю нашых беларускіх мастакоў-рыжан. Не так лёгка ў латвійскай сталіцы, якая заўсёды (і не без падставы) славілася колькасцю мастакоў на душу насельніцтва, “зрабіць імя” . Асабліва, “нетутэйшым”, тым больш – жанчынам.
Маё шчырае захапленне – зямлячцы Ганне Пейпіне! Мастачцы, якая прафесійна ўзялася за пендзаль ужо ў сталым узросце, (яе першая персанальная выстава ў Даўгапілсе адбылася, калі Ганне было ўжо за сорак). І за гэты час час Пейпіня здолела вельмі гучна заявіць аб сабе. А заадно паспела выклікаць сапраўдныя дэбаты ў мастацкім асяроддзі – факт сам па сабе паказальны – наконт стылю сваіх карцін, вызначэння плыні, у якой яна працуе. Пакуль адны сцвярджаюць, што гэта – дадаізм, другія перакананы, што Ганна – кубістка, журналісты далі творчасці нашай зямлячцы сваё вызначэнне. “Мастачка радасці” , – так пішуць пра нашу зямлячку латвійскія журналісты. Нішу, якую Ганна заняла ў латвійскаім жывапісу – а яна яе такі заняла! – неафіцыйна называюць “радаснай”, таму што, цытую: “работы Пейпіні нясуць моцны энергетычны зарад”.
Першае ўражанне. Цябе асляпляе колер. Аранжавы? Залаты ? Сонечны? Ён прысутнічае ледзь не на кожнам малюнку, і, здаецца, менавіта гэты колер напаўняе залю святлом. Уражанне другое. Колер вылучае ці аддае цяплыню. На душы робіцца ўтульней. Уражанне трэццяе. З кожнага малюнку на цябе глядзяць геаметрычныя фігуры. Ці не за шмат? Цікава: а дзе тут сюжэт? І колькі ж на такі малюнак можна глядзець? – Спадзяюся, бясконца, – адказвае мне аўтар гэтага мора свету, цеплыні і геаметрыі мастачка Ганна Пейпіня. – Давайце правядзем эксперымент. Паспрабуйце сканцантравацца і затрымаць позірк на нейкай уяўнай кропцы паміж дзвумя фігурамі. Што вы заўважаеце?
Эксперыменты я люблю. Але не разумею, што яшчэ я магу ўбачыць іншага апрача квадрата, ромба, трохкутніка. Але куды падзецца, і я ўтрапляюся ў карціну. Што і трэба было даказаць: квадрат, ромб, трохкутнік. І раптам…фігуры пашыраюцца, мяняюцца, рухаюцца…. Праціраю вочы і не разумею: ці працягваць эксперымент ці лепш запытацца ў самой Ганны: – Аптычны падман? Падалося? – Не толькі вам адной, – задаволена ўсміхаецца Ганна. Гэта інтрыгуе і прымушае зноў вярнуцца да карціны. Прыглядаюся. Малюнак цяпер падаецца мне зусім іншым… А калі зайсці з іншага боку, а калі зноў паспрабаваць разглядзець яго, а калі…. Здаецца, я пачынаю разумець, чаму гэтая выстава носіць назву “Прастора”. А напярэдадні эксперыменту я толькі наважылася запытацца ў Ганны: Чаму такая назва, якое дачынне маюць да прасторы жоўтыя квадраты, чырвоныя ромбы? І, увогуле, можа яна свае карціны чарціла, а не малявала!?”. – Прастора, яна – такая розная, – разважае мастачка, – і мяне цікавіць прастора, як духоўная катэгорыя. У сярэдзіне кожнага з нас існуе, жыве свая Прастора: меньшая ці большая. Ад чаго залежыць? Ад душы. Ад таго, што і як тая ўспрыймае. Што прымае, а чаго цураецца. Адна і тая ж рэч, падзея. Для кагосьці – так, мізэр. А для другога… У кожнага свой позірк на гэты свет, сваё ўспрыманне і адчуванне жыцця, свая прастора, якая належыць толькі яму і ў якой жыве толькі ён. І я хачу зразумець, спасцігнуць яе і перадаць свае выяўленне з дапамогай фарбаў. А што тычыцца формы, то гэта, па сутнасці, справа другарадная. Вазьміце іконы. Напэўна, заўважалі, які моцны пасыл ідзе ад іх, якая “радость бытия”, і форма тут не мае прынцыповай ролі, а вось стан – мае. – А колер ? Колер вашых карцін называюць жыццясцвярджальным, можа ў тым і сакрэт, што ў вашай палітры – толькі сакавітыя, яркія фарбы? – Памыляецца той, хто лічыць, што колеры бываюць жыццёвыя і безжыццёвыя. Па сутнасці, нават чорна-белая графіка можа быць радаснай. Значыць, справа зусім не ў колеры, а ў унутраннай духоўнасці прасторы. Вось гэта я і спасцігаю, ці дакладней, спрабую спасцігнуць.
Мастачка Ганна Пейпіня вось ужо амаль трыццаць гадоў жыве ў Латвіі. Першыя сур’ёзныя крокі ў вялікі свет мастацтва дзяўчына зрабіла, калі паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, знакамітую мастацкую установу. Навучалася ў эксперыментальнай групе, дзе будучыя мастакі спецыялізаваліся ў такой галіне выяўленчага мастацтва, як роспіс. Да пераезду ў Рыгу доўгі час жыла ў Краславе, на першым плане быў не жывапіс, была сям’я, Ганна – маці трох цудоўных дзетак. Захапленне сучасным жывапісам, творчыя пошукі ўласнага “я” прыйшлі да яе значнай пазней. Як і разуменне таго, наколькі складаны хлеб мастака. Аб яе прафесійных поспехах і росце можна меркаваць па тых шматлікіх выставах, у якіх Ганна Пейпіня бярэ ўдзел. Двойчы яна разам з латвійскімі мастакамі прадстаўляла мастацтва Латвіі ў сябе на радзіме, у Беларусі, выстаўлялася у Віцебскім музеі Марка Шагала. Ганна – пастаянная ўдзельніца выстаў Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябрам якога яна з’яўляецца. Толькі гэтай вясной у яе адбылося ўжо некалькі выстаў. Першая, сумесная, “Душы чароўныя парывы”- ладзілася ў прадстаўнічым месцы, Доме Масквы. Рыжанам добра знаёмы гэты культурны цэнтр і выстава ў ім – падзея знакавая. На выставе экспанаваліся працы трох жанчын – скульптара Вікторыі Пельшэ і мастачак Валерыі Шувалавай і Ганны Пэйпіні. Гэта своеасаблівая спроба паказаць жаночы шлях, адлюстраваць жаночы пошук у мастацтве. А ў тым, што ў жанчын-мастакоў ён свой, адметны, Ганна не сумняваецца. І адметнасць гэтая ў першую чаргу заключаецца ў светапоглядзе, у тым, што жанчына пазнае і ўспрымае свет праз любоў. Не блытаць з каханнем, хоць, як гаворыцца, і яму тут ёсць месца. Потым быў Ганнін вернісаж у галярэі “Нэлія”.
Асобная тэма – персанальная выстава Ганны ў Парыжы, у галерэі Наталі Болдэрэвв Saint-Honore. (Цікавая акалічнасць – галерэя знаходзіцца побач з Луўрам). Тры гады таму знаёмы мастак, калі збіраўся ў Францыю, прыхапіў у паездку здымкі некалькіх Ганніных карцін: а раптам зацікавяцца. Аказалася, не раптам, а зацікавіліся, і Ганна атрымала ад мадам Наталі запрашэнне ў Парыж. А неўзабаве ў галерэі адчынілася яе персанальная выстава. Некалькі работ латвійскай мастачкі Ганны Пейпіні знаходзяцца ў галерэі і ў сённяшні час.
Паездка ў Парыж стала для Ганны і праверкай сіл і творчым экзаменам. З аднаго боку. І прызнаннем – з другога. Прызнанне – для мастака рэч не другарадная, хутчэй наадварот. Менавіта яно дае творчы імпульс і прагу да пошуку. Як лічыць Ганна, яе творчы пошук толькі пачынаецца. І куды ён можа яе прывесці, можна толькі здагадвацца… У Прагу ці Вільню. Мінск ці Варшаву. А можа ў Лондан – адзін медыцынскі цэнтр зацікавіўся яе творчасцю і прапанаваў змясціць яе карціны ў свой кабінет рэлаксацыі. Англічане лічаць, што вобразы, створаныя Ганнай, могуць дапамагчы вярнуць людзям страчаную душэўную раўнавагу. Больш таго, яны прапанавалі адну з работ зрабіць эмблемай арганізацыі. Яшчэ адна з Ганніных карцін нядаўна адправілася ў Санкт-Петэрбург, у цэнтр вядомага доктара і псіхолага, спецыяліста па арт-тэрапіі Віталя Багдановіча.
А пакуль яе карціны падарожнічаюць, аматары і знаўцы мастацтва дыскутуюць, Ганна працуе. Нядаўна яна пабывала ў Лімбажы – па запрашэнню супрацоўнікаў музея гэтага гарадка ў маі Ганна Пейпіня прымала ўдзел у сумеснай выставе мастакоў аб’яднання “Маю гонар”. А зараз – чарговы, ужо летні, вернісаж у Доме Масквы. Не сумнявайцеся: Ганніны выставы варта наведваць. Ну хоць дзеля таго, каб даведацца, што новага адчыніла для сябе і ў сабе Ганна, і што ў яе творчасці адчыніцца для нас. І дзеля таго, каб лішні раз пераканацца: ад яе яркіх сакавітых фарбаў на душы становіцца ясней. ” Радасць – гэта норма жыцця. Чым больш радасці ў жыцці, чым радасней людзі – тым яны чалавечней.” …Я прыгадваю гэтыя словы мастачкі, і лаўлю сябе на жаданні яшчэ раз вярнуцца да яе карцін і паспрабаваць спасцігнуць Ганніну прастору… А калі пашанцуе – зразумець і сваю.
Упершыню Венспілс святкаваў Купалле тры гады назад, падчас Дзён беларускай культуры, якія ладзіла мясцовая беларуская суполка “Спадчына”. У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе выліліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі, Эстоніі прыехалі ў горад на узбярэжжы Балтыкі на цяпер ужо традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Вентспілсе. Сёлета свята прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Вентспілс – горад курортны, канцэртамі яго жыхароў цяжка здзівіць, імпрэзамі асабліва не ўразіць. Тут праходзяць нацыянальны фінал конкурса удзельнікаў “Еўрабачання”, парад латвійскага шлягера, сотні турыстаў , і не толькі з Латвіі, з’язджаюцца ў горад, каб адзначыць дні Вентспілса ці свята мора. Але арганізатары Дзён беларускай культуры зрабілі ўсё, каб гэта мерапрыемства стала сапраўды падзеяй для жыхароў і гасцей горада, каб да беларускай культуры дачыніліся не толькі мясцовыя беларусы, але і жыхары гэтага шматнацыянальнага горада, турысты з розных куткоў свету.
Тры дні на вуліцах і плошчах Венспілса, у яго парках гучала беларуская мова і музыка. А горад расквеціўся беларускімі нацыянальнымі строямі.
Праграма фестывалю была надзіва разнастайнай – гэта і выстава народных промыслаў, і канцэрты, і літаратурныя чытанні, падчас якіх адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка “А водар радзімы ўсё кліча і кліча”, кнігі вершаў беларускіх аўтараў, якую выдаў Саюз беларусаў Латвіі.
Разам са сталымі паэтамі, такімі як даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, вершы чытала моладзь. Для многіх стау адкрыццём той факт, што ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце ўжо дзесяць гадоў студэнты вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Ёсць спадзяванне, што колькасць студэнтаў з кожным годам будзе павялічвацца. Ва ўсялякім разе выкладчыца беларускай мовы універсітэта Таццяна Бучэль ускладае на гэта надзею. Даўгаўпілскія студэнты зрабілі свой падарунак святу – славуты верш “А хто там ідзе” прагучаў у іх выкананні на дзесяці мовах.
Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў святочны канцэрт на Ратушнай плошчы.Творчыя калектывы змянялі адзін другога. На дні беларускай культуры прыехалі беларускія калектывы не толькі з Латвіі – разам з гаспадарамі свята гуртам “Журавінка” спявала “Надзея” з Рыгі, – але і з суседняй Эстоніі. Эстонскіх беларусаў прадстаўляў гурт Беларускага-Эстонскага Згуртавання “БЭЗ” з Кохтла-Ярве . Але самымі чаканымі на свяце, вядома, былі госці з Беларусі. Магчыма, у першы раз горад на ўзбярэжжы Балтыкі пачуў, як на яго вуліцах гучаць беларускія цымбалы, ды не адны, а цэлае сугучча. Сапраўдным падарункам стала выступленне на свяце аркестра беларускіх музычных інструментаў “Ліра” з Мінска.
Дні беларускай культуры ў Венспілсе праводзяцца на прыканцы чэрвеня. І гэта не выпадкова. Ліга – так латышы называюць свята сонцастаяння, – адно з самых любімых у Латвіі. Дарэчы, яно з’яўляецца дзяржаўным святам, адзначаецца 23-24 чэрвеня. Славянскае Купалле святкуецца пазней. “Ад Ліга да Купалля” – такі дэвіз беларускіх дзен культуры.
Вентспілчане і госці маглі пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Купалля менавіта беларусамі.А тон на Купаллі задавала “Жытніца”, самабытны беларускі калектыў з Магілёўшчыны, якая завітала ў Латвію, каб разам з землякамі адзначыць Купалле, паказаць жыхарам Курзэме, як спрадвеку спраўлялі гэта свята іх суседзі-беларусы.
У багатай скарбонцы «Жытніцы» прыпасена не адна купальская песня, а якія карагоды вадзілі кабеты з Магілёўшчыны, якое захапленне выклікалі музыкі, асабліва самы юны з іх – Арцём Ваакс!
Купальская ноч спрадвеку лічыцца самай загадкавай, самай таямнічай ноччу года. Для жыхароў і гасцей Вентспілса беларускае Купалле стала самым дабразычлівым і гасцінным святам. А дзякуючы творчым калектывам , запрошаным на Дні беларускай культуры , – і наздзвычай музычным. Наша шчырая падзяка кіраўнікам «Жытніцы» Уладзіміру і Алёне Ваакс, усяму калектыву «Жытніцы» за іх удзел у Днях беларускай культуры, за тую радасць, якую яны даставілі сваім слухачам, падзяліўшыся з імі традыцыямі і звычаямі беларускага Купалля. Беларусы Вентспілса асабліва ўдзячны «Жытніцы» за гэты кавалачак радзімы, прывезены і падараваны музыкамі з Магілеўшчыны.
І яшчэ адна аналогія. Свята не атрымалася б, калі б яго не арганізоўвалі з такою любоўю і самаадданасцю вентспілскія беларусы. Мясцовая суполка «Спадчына»не такая шматлікая, ды і сярод жыхароў Вентспілса беларусаў не такі вялікі высілак – у горадзе пражывае іх крыху больш за 2 тысячы, альбо каля 5% ад усяго насельніцтва прыморскага горада. Але іх энтузіазм і вялікае жаданне знайшлі падтрымку і ў горада, і ў грамадскіх арганізацыях, як Латвіі так і Беларусі.
Жыхары самадзейнага, вясковага калектыву з Магілёўшчыны прадэманстравалі такое майстэрства, такую адданасць беларускай культуры, якую мы даўно не бачылі. І больш яскравай прапаганды таго, як шануецца народная спадчына, чым выступленне калектыву звычайнага сельскага Дома культуры, і ўявіць цяжка. Нездарма арганізатары свята запрашаюць на наступныя Дні беларускай культуры – 2008 ў свой цудоўны горад на беразе Балтыкі і іншыя творчыя калектывы з Магілеўшчыны. “Спадчына” і Вентспілская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў будуць рады ўбачыць у сябе ў Вентспілсе на Днях беларускай культуры мастацкія калектывы не толькі з Беларусі, але беларускай дыяспары ўвогуле.
Да сустрэчы ў Вентспілсе!
Перадачу, прысвечаную Дням беларускай культуры ў Вентспілсе, слухайце ў нашай праграме на канале “Домская плошча”
Aдыйшоў у лепшы свет Станiслаў Клiмаў
Беларусы Латвii12 красавіка 2012, 12:07
Сумная навіна прыйшла ў гэтыя дні ў беларускія суполкі Рыгі. 07 красавіка 2012 г. пасля доўгай хваробы не стала нашага зямляка Станіслава Клімава.
Станіслаў Максімавіч Клімаў нарадзіўся 15 ліпеня 1938 года ў вёсцы Прыбор Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Пасля службы ў армii ў 1960 годзе ён прыехаў у Рыгу і паступіў на механіка-машынабудаўнічы факультэт Рыжскага палітэхнічнага інстытута.
Пасля інстытута С. Клімаў працаваў у розных галінах прамысловасці Латвіі. З іх шмат гадоў Станіслаў Клімаў адпрацаваў канструктарам у Спецыялізаваным канструктарскім бюро вакуумных пакрыццяў – адным з флагманаў латвійскай індустрыі (цяпер акцыянернае таварыства «Sidrabe»), дзе працягваў працаваць і пасля выхаду на пенсію.
Прозвішча Станіслава Клімава – сярод тых беларусаў, хто стаяў ля вытокаў адраджэння беларускасці ў Латвіі.
З 1992 – па 1994 год С. Клімаў быў намеснікам старшыні таварыства беларускай мовы «Прамень». Шмат гадоў да апошніх дзён быў сябрам Рады Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Але той грамадскай нівай, на якой самааддана рупіўся Станіслаў, была папулярызацыя беларускай песні.
У Генадзя Бураўкіна ёсьць такія цудоўныя радкі : «А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта навогул спяваць?.» Гэтыя словы цалкам і поўнасцю – пра Станіслава Клімава. Колькі цудоўных беларускіх мелодый пачулі латвійскія слухачы, дзякуючы яго гармоніку.
Самародак- музыкант і кампазітар Станіслаў актыўна прапагандаваў беларускую песню. Станіслаў Клімаў ўдзельнічаў у стварэнні першага гурта беларускай песні ў Латвіі ансамбля “Надзея”. Яго голас гучаў у складзе ансамбля “Світанак”, а апошнім яго клопатам стаў гурт беларускай песні “Вытокі”, музычным кіраўніком якога ён быў ад пачатку стварэння калектыву.
У рэпертуары “Вытокаў” цэлы вянок песень, музыку якіх напісаў самадзейны кампазітар Станіслаў Клімаў. Але песні музыканта-самародка спяваюць не толькі “Вытокі”, іх выконваюць самадзейныя беларускія гурты па ўсёй Латвіі.
У апошні час Станіслаў плённа супрацоўнічаў з Станіславам Валодзькам, беларускім паэтам з Даўгаўпілса. Песні С. Клімава на вершы С. Валодзькі – “Пра маці”, “На Радзіме” карыстаюцца нязменным поспехам у слухачоў. Але сапраўднай візітоўнай карткай самадзейнага кампазітара Станіслава Клімава стаў «Купальскі вальс» на вершы яго любімага паэта Ніла Гілевіча. Гэтую песню спяваюць беларусы ў Латвіі і за яе межамі.
Калі адыходзіць з жыцця чалавек, на ўспамін застаюцца яго справы. А пасля Станіслава засталіся яшчэ і яго песні. Хай доўга-доўга гучаць яны на розныя галасы нашай данінай памяці гэтаму таленавітаму чалавеку, нашаму сябру.
Пахаванне адбудзецца 12 красавiка 2012 г.у 14 00 гадзiн у Рызе на Балдэрайскiх могiлках.
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
120-годдзе Багдановіча адсвяткавалі ў “Сьвітанку” (відэа)
ЛетапiсА таксама паказалі рыжанам выставу, прысвечаную Крыжу Ефрасінні Полацкай.
Беларусы Латвіі адсвяткавалі ў Рызе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча яшчэ па старым стылі: узгадалі лепшыя вершы вялікага паэта і праспявалі іх.
Вячаслаў Целеш, старшыня аб’яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар”, узгадвае, як 20 год таму святкавалі стагоддзе са дня нараджэння паэта. З таго часу штогод латвійскія беларусы ладзяць невялікія вечарыны.
Вячаслаў Целеш: “Яго патрыятызм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у тым ліку і на беларусаў Латвіі. Беларусу варта пачуць яго “Пагоню” ці “Зорку Венеру”, каб пераканацца ў патрыятызме Максіма Багдановіча”.
Адначасова з багдановіцкімі чытаннямі латвійскія беларусы адкрылі фотавыставу, прысвечаную лёсу іншай беларускай легендзе – Ефрасінні Полацкай і яе крыжу.
Зладзіла выставу старшыня таварыства “Сьвітанак” Ірына Кузьміч. Яна ж – дачка беларускага майстра Міколы Кузьміча, які і стварыў копію знакамітага крыжа
Ірына Кузьміч: “У чэрвені мы з мужам выправіліся ў старажытны Полацак і некалькі дзён пражылі ў Ефрасіннеўскім манастыры. Вынікам натхнення і стала гэтая выстава. Яе мэта – пазнаёміць латышоў з культурай Беларусі”.
У 1997 г. брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык, сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Кузьміч стварыў рэпрадукцыю крыжа Ефрасінні Полацкай. Новы крыж быў асвечаны і перададзены ў Ефрасіннеўскі манастыр.
Сапраўднаму крыжу, які знік у вайну з магілёўскага музея, сёлета споўнілася б 850 гадоў.
Андрэй Елісееў
www.euroradio.fm
Відэарэпартаж глядзіце: http://euroradio.fm/report/120-goddze-bagdanovicha-adsvyatkavali-w-latvii-videa-81025
Не згаснуць ніколі святлу высакароднай душы
Дзень за днём, Культура, Летапiс, Літаратурная скарбонка12 снежня 2010, 16:04
Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»
Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.
Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.
«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.
Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.
Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша
Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй – Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.
Злева – Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.
Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.
Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.
У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры – паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.
І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».
Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі.
У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.
За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі”
Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.
З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…
«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…
Таццяна Касуха
На здымках Георгія Астапковіча:
удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш
выступае Сяргей Панізнік
вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай
спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава
вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак
выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў
два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі
Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры
Пётра Мiрановiч (1902-1990)
Беларусы Латвii, Галерэя, КультураСамы вядомы з беларускіх мастакоў Латвіі хх стагоддзя нарадзiỳся 21 верасня 1902 г. ỳ вёсцы Стрэмкi Пiедруйскай воласцi Краслаỳскага павета ỳ Латвii. У 1922 г. скончыỳ Краслаỳскую латышскую асноỳную школу, а ỳ 1926 г. Даỳгаỳпiлскую Дзяржаỳную Беларускую гiмназiю. У 1926 г. паступiỳ у Латвiйскую акадэмiю мастацтваỳ. З 1928 г. па 1933 г. вучыỳся ỳ майстэрнi дэкаратыỳнага жывапiсу ỳ прафесара Янiса Кугi, а з 1933 г. да 1937 г. – у майстэрнi фiгуральнага жывапiсу ỳ прафесара Гедэрта Элiяса. У 1937 г. Пётра Мiрановiч скончыỳ акадэмiю, дыпломнаю працаю была карцiна “У сялянскай хаце”. Пасля сканчэння акадэмii жыццё мастака было звязана з педагагiчнай дзейнасцю, ён працаваỳ настаỳнiкам малявання, а пазней iнспектарам беларускiх школ, з’яỳляỳся сябрам Таварыства беларускiх настаỳнiкаỳ Латвii. У 1944-1945 г.г. П. Мiрановiч вучыỳся ỳ Венскай акадэмii мастацтваỳ у Аỳстрыi. З 1950 г. мастак з сям’ёй жыỳ у Бруклiне, (Нью-Йорк, ЗША), дзе i памёр 20 снежня 1990 г.
Творчасць мастака ỳ латвiйскi перыяд была прысвечана пейзажам Латгалii, рацэ Даỳгаве, а таксама тэматыцы вясковага жыцця латгальскх беларусаỳ, партрэтам беларускай iнтэлiгенцыi. Пётрам Мiрановiчам быỳ намаляваны абраз Божай Мацi для алтара Пiедруйскага касцёла. На 4-ай мастацкай выставе Фонда культуры Латвii ỳ 1937 г. карцiны П. Мiрановiча “Латгалачка”, “Вяртанне дамоỳ”, “Вандраванне”, “Адлiга” ды “Рака Айвiексте” экспанавалiся разам з працамi вядомых латышскiх мастакоỳ Я.Кугi , Г.Элiяса , В.Пурвiта , Я.Тылберга i iнш.
У амерыканскi перыяд жыцця П.Мiрановiчам было напiсана шмат партрэтаỳ беларускiх эмiгрантаỳ, пейзажаỳ Латгалii, намаляваных па накiдах i фотаздымках, прывезеных мастаком, а таксама карцiна “Беларускiя эмiгранты”, якая экспанавалася на розных амерыканскiх выставах i атрымала вялiкую папулярнасць. Да апошнiх дзён свайго жыцця мастак удзельнiчаỳ у шматлiкiх мастацкiх выставах, чытаỳ лекцыi, пiсаỳ артыкулы пра беларускую культуру i асвету, афармляỳ розныя выставы. У 1964 г. ỳ Нью-Йорку адбылася яго персанальная мастацкая выстава, якую арганiзаваỳ Беларускi Iнстытут Навукi i Мастацтва. На гэтай выставе экспанавалiся 63 працы мастака.
Iмя Пётры Мiрановiча ỳпiсана ỳ гiсторыю асветнiцтва i мастацтва беларускай дыяспары Латвii i Амэрыкi.
Дзвінская_ініцыятыўная_група_па_падрыхтоўцы_Беларускіх_вечароў_у_1922
Злева направа: Пётра Мірановіч, Кастусь Александровіч, Язэп Камаржынскі, Алесь Махноўскі
Беларускi дзень у рыжскiм музеi
Беларусы Латвii, Дзень за днём, Культура, ЛетапiсБеларускi дзень у рыжскiм музеi
04 лютага 2009, 10:31
13 красавiка 2003 года Латвiйскае таварыства беларускай культуры “Сьвiтанак” у самым цэнтры Старой Рыгi – Доме Менцэндорфа ладзiла дзень беларускай культуры. Дом Менцэндорфа – гэта дом-музей багатага рыжанiна, якi знаходзiцца ў прыгожым трохпавярховым будынку 18-га стагоддзя, назву мае ад прозвiшча апошняга ўладальнiка на пачатку мiнулага стагоддзя. Iнiцыятарамi правядзення свята выступiлi сённяшнiя гаспадары Дома Менцэндорфа – супрацоўнiкi музею. Кiраўнiцтва ЛТБК “Сьвiтанак” заўсёды з радасцю адгукаецца на падобныя прапановы, бо яны даюць цудоўную магчымасць чарговы раз нагадаць аб нашай беларускай прысутнасцi ў Рызе, магчымасць прапагандаваць нашую непаўторную, мiлагучную мову, песнi, традыцыi, багатую культурную спадчыну. На гэты раз “сьвiтанкаўцы” падрыхтавалi дзве выставы: экспазiцыю беларускiх кнiг i выставу вырабаў беларускiх майстроў. Беларуская народная творчасць была прадстаўленая вырабамi з лазы, саломкi, дрэва, керамiкi, вышыванкамi i карункамi. Асаблiвую цiкавасць наведвальнiкаў выклiкалi нашыя цудоўныя рушнiкi, паясы, коўдры, посцiлкi, вытканыя ў мiнулым стагоддзi матулямi i бабулямi рыжскiх беларусаў, захаваныя для нашчадкаў. Сярод беларускiх кнiг можна было ўбачыць даволi рэдкiя i каштоўныя, напрыклад, факсiмiльнае ўзнаўленне Бiблii, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах у трох тамах, прыгожыя альбомныя выданнi, розныя кнiгi з аўтографамi беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў з прыватных калекцый арганiзатараў выставы. Частку сувенiраў i кнiг для выстаў арганiзатарам свята далi для паказу ў музеi дыпламаты Амбасады Беларусі ў Латвіі.
Пачалося свята знаёмствам публiкi з гicторыяй iснавання беларусаў на тэррыторыi сучаснай Латвii, з гicторыяй беларуска-латышскiх сувязяў. Аб гэтым, а таксама аб сучасным жыццi нашае дыяспары, дзейнасцi беларускiх суполак у Латвii, працы беларускай школы ў Рызе распавядалi аўтарка гэтых радкоў, старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыi “Маю гонар” Вячка Целеш, аўтарка кнiгi “Беларусы ў Латвii” прафесар Латвiйскага Унiверсiтэту Iлга Апiнэ, рэдактар газеты “Прамень” Алесь Карповiч. Аб важнасцi латышска-беларускiх культурных сувязяў i неабходнасцi iх пашырэння выказалiся Саветнiк па нацыянальных пытаннях Прэзыдэнта Латвiйскай Рэспублiкi Ольгерт Тыпанс i Першы сакратар Амбасады РБ у Латвii Дзмiтрый Шкурдзь, а старшыня Асацыяцыi нацыянальных культурных таварыстваў Латвii Рафi Хараджанян адзначыў, што ЛТБК “Сьвiтанак” з’яўляецца зараз адным з найактыўнейшых таварыстваў, якiя ўваходзяць у асацыяцыю.Адна з частак свята была прысвечаная беларускай кухнi. Акрамя “тэарэтычнага” знаёмства з своеасаблiвасцямi i традыцыямi нашай кухнi, гасцей чакала дэманстрацыя прыгатавання беларускiх дранiкаў на старажытнай печы ў музеi, усiх прысутных таксама частавалi загадзя прыгатаванымi Таiсiяй Бачкаровай дранiкамi з смятанаю, цыбулькаю, шкварачкамi, рознымi полiўкамi. А потым больш як дзве гадзiны працягваўся канцэрт. Сучасныя i народныя беларускiя песнi спявалi дзяўчаты з гурта “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы, спявачкi Ганна Крупская, Iлона Варатнiкова, вакальны гурт таварыства “Сьвiтанак” разам з салiсткамi Аляксандрай Ларыёнавай i Галiнай Уласенка. Вельмi цiкаваю была спецыяльная экскурсiя па шматлiкiх пакоях музею, арганiзаваная гаспадарамi для удзельнiкаў канцэрту i арганiзатараў свята.
Таццяна Казак
На здымках:
спявае гурт “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы;
падчас экскурсіі па музею
дэманстрацыя прыгатавання страў беларускай кухні;
арганізатары дня беларускай культуры: cупрацоўнікі музею і гурт “Сьвітанак”.
Барыс Кастаненка
Беларусы Латвii, Культура, Літаратурная скарбонка30 студзеня 2009, 12:50
Барыс Кастаненка
Народжаны ў Беларусі, яе сталіцы Мінску, большую частку свайго жыцця Барыс Кастаненка пражыў у Латвіі.
(6.07.1932–6.05.1999)
На жаль, невядомы грамадскасці таленавіты беларускі літаратар, паэт, перакладчык, аўтар успамінаў.
Перад тым, як стала асесці ў Рызе, ён прайшоў нялёгкі шлях марскога афіцэра-падводніка, служыў на Паўночным флоце. Жывы, цікаўны, мэтаімклівы юнак Барыс рана захварэў рамантыкай мора і паэзіі. Да гэтага прычыніліся дапытлівы, цэльны характар рамантыка і некаторыя канкрэтныя абставіны жыцця сям’і Кастаненкаў.
У сувязі з характарам работы бацькі, сям’я Кастаненкаў, у якой разам з малодшым Барысам было двое дзяцей, даводзілася жыць у розных мясцінах Беларусі. У сваіх успамінах (яны пакуль што знаходзяцца ў рукапісе, ды машынапісе і трэба думаць, будуць выдадзены кніжкай) Барыс згадвае пераезды сям’і: жыццё іх у Чашніках, Камарыне, Жыткавічах, Мінску. Але больш робіцца гэта па расказах родных і перш-наперш маці Ганны Якімаўны, даволі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай на той час.
У 1935 г. Кастаненкі пераехалі жыць у Віцебск. У раздзеле ўспамінаў “Добры горад над сіняй Дзвіной” Барыс пранікнавенна і маляўніча расказвае пра сваё даваеннае дзяцінства, шчасліва праведзенае ў гэтым старажытным беларускім горадзе, што месціцца на берагах Заходняй Дзвіны.
“Ганчарны завулак, – праз гады ўспамінаў капітан трэцяга рангу Барыс Пятровіч Кастаненка, – побач з левым берагам Дзвіны, паміж новым і чыгуначным мастамі… Ля новага маста заўсёды стаялі буксіры, параходы, баржы-лайбы, многа лодак. Тут жа на пяску адпачывалі ўжо непатрэбныя растрэсканыя баржы, высіліся горы цюкоў сена, скрынкі, бочкі – уся гэта гаспадарка належыла мясцоваму параходству. Колькі радасці прыносіла нам Дзвіна! Велічнай і шырокай здавалася яна мне. Тут праходзілі лепшыя часіны нашага дзяцінства. Рака жыла напружаным жыццём, ішлі параходы, плылі ганкі (мясцовая назва плытоў), буксіры цягнулі баржы з рознымі грузамі. Часам пад вясёлую музыку паважна праплываў пасажырскі прыгажун, і ў ім было шмат бесклапотнага, радаснага народу. Параход узнімаў хвалі. На іх весела гайдаліся на байдарках старэйшыя хлапчукі. Мы ж кідаліся з берагоў у прыемную ваду, каб пагойсацца на хвалях, падурэць у дзіцячай бесклапотнасці і радасці (Успаміны с. 35–36).
Ці не тут, на ўлонні вялікай ракі, зараджалася ў душы хлапчука цяга да воднай прасторы, якая прадвызначыла жыццёвы шлях паэта і марскога воўка Барыса Кастаненкі? І ці не лёс гэта, што свой жыццёвы шлях ён закончыў у вусце гэтай роднай ракі? (Памёр Барыс у раёне Рыгі, які называецца Вусць-Дзвінск).
Ганчарны завулак, Віцебск, Дзвіна былі, можна сказаць, першым адпраўным пунктам ў нібы доўгім і разам з тым кароткім жыцці літаратара-марака. “Я і паэт, я і марак”, – пісаў Барыс пра сябе.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі згарэў дом і ўвесь небагаты пабытак, каб неяк выжыць і перачакаць ліхалецце, Кастаненкі выбраліся на малую радзіму бацькоў – у лясную вёсачку Корасць. Абразкі перажытага ў вайну яскрава паўстаюць са старонак Барысавых “Успамінаў”.
Апошняй станцыяй свайго юнацтва Барыс Кастаненка называе Смаргонь, гарадок непадалёк ад Віліі, які часта ўспамінаецца ў вершах, аркушах, мемуарах.
Па выгнанні гітлераўцаў сям’я Кастаненкаў з апусташонай, здрантаванай акупантамі Віцебшчыны рушыла ў Заходнюю Беларусь, на новае мейсца працы бацькі. У Смаргоні ён закончыў сярэднюю школу. Апошняя станцыя юнацтва была для Барыса вельмі важным этапам яго духоўнага фарміравання, маладога ўзмужнення.
Але напачатку быў выбар будучай прафесіі. Вырашаны дома на роднай зямлі, ён рэалізаваўся ў светлым вялікім горадзе над Нявой.
Летам 1951 г. дзевятнаццацігадовы Барыс становіцца курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча імя Дзяржынскага. “Пад залатым шпілем Адміралцейства” – так называецца адзін з раздзелаў яго штодзённіка. У вольную хвіліну, якіх было няшмат, клікала літаратурнае слова, малады марак адчуваў яго ва ўласнай душы. І чулася ў ім крыху пафасная яшчэ клятва ў любові да мора, яго нязведаннай прасторы:
Ты прада мною ціхае, жывое,
Ды толькі больш люблю шум грозны твой.
Я сам даўно не ведаю спакою,
І не патрэбны нейкі мне спакой!
Я далячынню велічнай, прыгожай
Увесь захоплены. Яна ў вачах стаіць.
У моры я паэзію знаходжу,
У паэзіі мне мора не забыць!
У вершах – лістах да сяброў паэта-марака гучыць паўтараючыйся матыў прызнання ў любові роднай зямлі, узгадваюцца росныя сцэнкі юнацтва над Віллею, устае абагульнёны вобраз Беларусі.
Лёс марскі на шлях багаты…
Колькі ўспенена хваль вінтамі.
Ды пад спёчным далёкім небам
Мроіў я тваімі барамі…
Пад вершамі – год напісання, назвы гарадоў, дзе ўзніклі, склаліся ў радкі ўзрушаныя словы… Вось адзін, з горада Ліепая, азначаны 1957 годам. Вылучаецца элегічным тонам. Спецыфіка жыцця афіцэра-падводніка ў тым, што яно праходзіць ў аснове сваёй далёка ад дому, ад сям’і. І вось Барысаў верш – зварот да любімай каханай:
Зноў латышскія сосны гудуць нада мной
Коціць пенныя хвалі вясёлы прыбой…
І на поўдзень бялюткія хмаркі плывуць.
Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?
Я б на рукі цябе, як пушынку, узняў,
Над усім хараством гэтым цудным узняў,
Тваё б сэрца напоўніў сваім пачуццём,
І красу, і бязмежжа жыцця б паказаў.
Над табою б латышскія сосны гулі,
Белы ветразь убачыла б ты ўдалі,
І марскія ласкавыя ветры табе
Свае дзіўныя песні здалёк прыняслі б…
Ты б пачула, чым Балтыкі сэрца жыве,
Ты б пазнала, што Райніса дайна пяе.
Пакахала б ты сосен край, хваль і вятроў,
Зразумела б ты цёплыя словы мае.
Толькі ты так далёка… Шугае прыбой.
І латышскія сосны гудуць нада мной.
На ўзбярэжжы стаю з сваёй думкай адзін.
Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?..
Жыццё сведчыць, што раздвайвацца паміж літаратурай і службай інжынера на сучаснай субмарыне не проста, калі ўвогуле такое можна.
Прыехаўшы ў адпачынак і пабачыўшыся ў Белдзяржуніверсітэце з сябрам, які вучыўся на філфаку, адзначыў для сябе ў дзённіку:
“…З глыбокім болем адчуў, што адлегласцю і ўмовамі жыцця мы вельмі адарваны адзін ад другога… Я, вядома, пазайздросціў Арсеню: кожны дзень ён жыве на роднай зямлі, чуе родную мову, вучыць тое, што неабходна для літаратурнай творчасці, жыве з хлопцамі, для якіх літаратура – самае галоўнае. Мне ж ўсё даводзілася здабываць урыўкамі, ва ўмовах жорсткай абмежаванасці…”
І пазней у адным з вершаў пра гэта напіша:
Я значнага яшчэ не напісаў…
Заняткам іншым час свой аддаваў.
Другія хлопцы ладней пішуць вершы,
І мне не быць у іх кагорце першым.
Тым часам час, сілы ўладна забірала служба падводніка. З паходаў вяртаўся, выціснутым, як лімон. Барыс быў чалавекам годнасці і абавязку. Перадусім – абавязку баявога афіцэра-падводніка.
Вышаўшы на пенсію, Барыс, нарэшце, плануе ажыццявіць яшчэ адну мару. Яна-такі, праз гады заставалася запаветнай. Аддаўшы больш 30 гадоў марской службе, капітан трэцяга рангу Барыс Кастаненка сходзіў на бераг, яшчэ поўны жыццёвых сіл і розных планаў, а перш-наперш творчых. Наперадзе яшчэ былі, здавалася, незлічоныя кіламетры дарог. Кінуўся ў блізкі родны свет – па Беларусі. Напісаў нарысы, у тым ліку “Браслаўскія азёры”, “Горад на Дзвіне”. Затым – ў Закарпацце. У наступнае лета разам з Карынай адкрывалі для сябе Сярэднюю Азію: Ташкент, Бухара, Самарканд. Барыс быў ашаломлены незвычайнасцю, каларытнасцю Усходу. Але больш за ўсё уразіла мудрая, філасафічная, жыццёвая, праўдзівая паэзія народаў сярэдняазіяцкіх рэспублік. Два гады запар Барыс ездзіў, ужо адзін, у Таджыкістан, Туркменію, Казахстан, Узбекістан, каб услухацца ў мудрую і высокую паэзію Усходу, спеўныя галасы самой зямлі яго. Вяртаўся з кніжкамі, слоўнікамі. Засеў за пераклады, і, о радасць: мудраспеўная паэзія Усходу арганічна загаварыла з ім па-беларуску:
Я неба кветнікам назваў,
Зор карнавал я ўслаўляў.
Пачуў: напышлівасці многа.
Спяваў сустрэчы, боль разлук.
Каханне, слодыч яго мук.
Пачуў: няма маралі строгай,
Багата прысвяціў радкоў
Вясне, рамантыцы шляхоў.
Пачуў: у іх няма нічога.
Сваю душу перагартаў,
Аб сваім лёсе заспяваў.
Пачуў: ён сэрцам чуе Бога.
У сучасных паэтаў Усходу, таджыцкіх, узбецкіх і уйгурскіх, знаходзіў шмат таго, што непакоіла, жыло ў самім перакладчыку, рацэ жыцця, якая ім перадольвалася. Як хоць бы гэта споведзь-медытацыя Амана Мухтарава:
Я на рацэ ўважлівы такі:
Стаяць на правым беразе ракі
Старыя – прадзед мой, бабуля, дзед,
Даўно пакінуўшыя гэты свет.
І не палохаюцца бур ліхіх.
Як я жыву? – адно пытанне ў іх.
На левым беразе ракі стаяць
Мае нашчадкі. Уважліва глядзяць
Сыны, ўнукі, што ідуць ў жыццё,
Каб месца ў ім яшчэ знайсці сваё
І ў ім пакінуць шмат слядоў сваіх.
Як я жыву? – Адно пытанне ў іх.
Яго я часта задаю сабе.
Маё жыццё – рака ў барацьбе,
Пакуль яно імкне ў берагах,
Плыву па ёй, перамагаю жах.
Як я жыву? Плыву ці ўперад я?
І занясе куды рака мая?
Вось бачу бераг правы я, круты.
Яшчэ рывок – і траплю я туды.
Мінуўшчына спакою не дае.
Цячэ рака, цякуць гады мае.
Вось бераг левы – да яго рух мой,
Святло і цемру рэжу я рукой.
Між будучым і днём ужо былым
Так і жыву ў часе я сваім.
Як старое віно, дзіўным водарам, тонкай мудрай рамантыкай п’яніў Алішэр Наваі: “Ах, птушка майго сэрца ўзляцела, – здалася зернеткам радзімка ёй твая. Ляцела да цябе, ды трапіла ў пастку тваіх прыгожых кос, а з ёй загінуў я…” Алі Абу Ібн Сіна (Авіцэнна), Амар Хаям… – перакладзена было нямала. Можна было падумаць аб беларускамоўнай анталогіі ўсходняй паэзіі.
Чакана-нечакана напісалася свая “Усходняя паэма” па-руску, каб можна было звярнуцца да ўсходніх сяброў і быць пачутым і зразумелым імі.
Улысны верш Барыса Кастаненкі мацнеў творчым досведам пераствораных на беларускую мову ўсходніх паэтаў.
Слов значимость учусь я ощущать,
Чтоб радугу цветов в них различать,
В единый сплав мысль с чувством
совмещать,
Сплетая в кружева простую нить.
Моя судьба моих творенье рук
И зависти к удачным в жизни нет.
Я разорвал привычный серый круг,
Во мне и увяданье и расцвет.
Во мне единство – радость, боль моя.
В душе противоречий до краев.
Я – быстрый ветер, и изменчив я,
Объять и ощутить я все готов.
Вот тишина и вдруг – весенний гром,
Снег падает, а вот звенит капель.
Я – все созвучья, что звенят кругом.
Я – глубина. Но вдруг я только мель…
Па-руску пісаў Барыс і раней, але лічыў, што поўнавартасна можна высказацца толькі на роднай мове. Але паддавалася і рускае слова. Барыс афармляе свае рускамоўныя вершы ў машынапісны зборнік “Брызги волн морских и времени”. Ён з болем пісаў:
“Праехаў я мой край ва ўсе бакі,
І на душы зрабілася так горка,
Бо лічаць нават нашы землякі
Купалы мову брыдкаю гаворкай”.
Архіў, яго рукапісы, што цяпер, пасля 6 мая 1999 г., калі ён адышоў ад нас навекі, называюцца літаратурнай спадчынай, накіды апошніх гадоў навочна сведчаць, што Барыса трывожыў лёс Беларусі: “Беларусь, не шануеш сваіх ты дзяцей. Іх бяздумна па беламу свету кідаеш. Плён іх працы, і думак, і светлых ідэй у скарбніцу народа свайго не збіраеш”. Далей назваў імёны Д. Шастаковіча, Яраслава Смелякова. Спрабаваў дапісаць раней пачатую паэму “Спадчына”, у якой абагульнена шырока хацеў глянуць на шляхі свайго народа, рупіўся над “Успамінамі”, якія абяцалі стаць сапраўднаю аповесцю жыцця. Міжволі думалася аб тым, што пакінеш па сабе. Часам чарнавата-іранічна:
“Памёр чалавек… Што ад яго засталося?
Жменя медалеў і зусім нецікавых папер”…
Паглядзець на сябе іранічна – удзел моцных натур. Часам аўтаіронія была бліжэй да праўды, чым у ранейшых змрачнавата неаб’ектыўных радках:
Каб ты не піў і не смаліў,
Сто год пражыў бы на зямлі.
У табе такі жыцця запас,
Што падуладны табе час.
Я грэшны: чарку паважаў
І цыгарэты не кідаў.
Непадуладнасць бегу часу аказалася падманлівай. А так трэба было яшчэ некалькі год, каб завяршыць літаратурныя планы і, можа ў першую чаргу, аповесць жыцця, пазначаная ў адным з рукапісных артыкулаў як “Выток і плынь”.
У прозе, як і ў жыцці навогул, Барыс Кастаненка заставаўся паэтам. З сумам думаецца: Барыс мог яшчэ, павінен быць з намі, сваім натхнёным мудрым словам сцвярджаць жыццё, яго хараство і неўміручасць.
Арсень Ліс.
Барыс Кастаненка. Выбранае.
У “Сьвітанку”адзначылі 90-я ўгодкі абвяшчэння БНР
Векапомнае, Дзень за днём, Летапiс, Наш каляндарРыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.
25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.
Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.
У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова
Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй.
.
Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.
І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.
А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.
Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.
Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.
Таццяна Касуха
З верай у сваю зорку
Слухай сваёДачакаліся. Нарэшце і ў латвійскіх беларусаў зявіўся свой паэт-песеннік. А сведчаннем таго, што наш зямляк з Даўгаўпілсу Станіслаў Валодзька называецца ім па-праву, стаў яго аўтарскі кампакт-дыск
Зразумела, што прэзентацыя альбома адбывалася ў Даўгаўпілсу, горадзе, дзе жыве і працуе Станіслаў. Калі мяркаваць па водгуках, імпрэза атрымалася цудоўная. Віншавалі Станіслава і даўгаўпілскія музыкі і выканаўцы песень, і госці з Рыгі і Краславы. Прыхільнікі творчасці даўгаўпілскага паэта прыехалі нават з Літвы і Беларусі.Прэзентацыя вылілася ў грандыёзны трохгадзінны канцэрт, аб чым распавядалася і па радыё і ў друку.
Добра знаёмыя песні на словы Станіслава Валодзькі і слухачам нашай праграмы. Яны гучаць у нашай радыёперадачы ўжо не першы год. З задавальненнем уключаюць яго творы ў свой рэпертуар і нашы самадзейныя артысты. Спявае гэтыя песні і калектыў “Вавёрачка “ Рыжскай беларускай асноўнай школы, і ліепайская “Паўлінка” і спявак Павел Прозар з ансамбля “Купалінка”.
Першую песню Станіслаў Валодзька напісаў дзесьці гадоў дзесяць таму, у супрацоўніцтве з каіпазітарам Генрыхам Галіцкім. Потым плённа супрацоўнічаў з Мікалаем Яцковым, Аляксандрам Рудзем, Дзмітрыем Паддубнавым. Так пакрысе, за годам год і збіраліся песні, каб потым сабрацца разам, у адзін дыск.І цяпер мы з задавальненнем знаёмім нашу радыёаудыторыю з песнямі беларускага кампазітара з яго новага дыска. Тым больш, што слухачам яны даспадобы.
Сярод сталых – папулярная песня “Ветэраны”, якую Станіслаў напісаў да 60-годдзя вызвалення Даўгаўпілсу і Беларусі. Яе пранікнённа выконвае Сяргей Піменаў, выкладчык музычнага каледжу ў Даўгапілсе. Кранае сэрца трыо “Ластаўкі” беларускага таварыства “Уздым”, якое выконвае песню “Ластаўкі” – гэта дзве настаўніцы музыкі Таццяна Піменава і Наталля Зубкова, і выхавальніца дзіцячага садка Інга Ціршэ-Галлеррэ.
Моладзі вельмі падабаецца перакладзеная Станіславам “Песня пра шчасце” – яна гучыць на латышскай і беларускай мовах у выкананні вядомых латвійскіх спевакоў Томаса Кліма, Іво Фомінса і беларускай спявачкі Аляксандры.
Асабіста мяне кранаюць “Зязюля” і “Калыханка для мамы” :
Дарэчы, песенны дыяпазон гэтага дыска – вельмі шырокі. Ад бардаўскіх песень – да рамансаў і калыханак. Уключаны ў яго і некалькі твораў на рускай мове. Сам Станіслаў тлумачыць гэта так: “Песні падбіраліся такім чынам, каб рэпертуар быў разнастайным і тэматычна, і ў жанравых адносінах.”
Наколькі ўдала такое рознапланавае спалучэнне мяркаваць, вядома, слухачам. Са свайго боку адзначу, што ва ўсялякім разе гэты кампакт-дыск дае магчымасць пазнаёміцца з усёй творчай палітрай паэта-песенніка Станіслава Валодзькі. Гэта па-першае. Па-другое, дае надзею на тое, што ў будучым з’явяцца і новыя песні і новыя дыскі нашага земляка, даўгаўпілскага паэта Станіслава Валодзькі . Нездарма ж назва першынца – “Верю в свою звезду” . Тым больш, што творчыя задумы ў Станіслава Валодзькі вялікія.
Таццяна Касуха
Спасцігаючы прастору
Беларусы Латвii, Галерэя, Дзень за днём, Культура23 студзеня 2009, 19:36
З цікавасцю назіраю за творчасцю нашых беларускіх мастакоў-рыжан. Не так лёгка ў латвійскай сталіцы, якая заўсёды (і не без падставы) славілася колькасцю мастакоў на душу насельніцтва, “зрабіць імя” . Асабліва, “нетутэйшым”, тым больш – жанчынам.
Маё шчырае захапленне – зямлячцы Ганне Пейпіне! Мастачцы, якая прафесійна ўзялася за пендзаль ужо ў сталым узросце, (яе першая персанальная выстава ў Даўгапілсе адбылася, калі Ганне было ўжо за сорак). І за гэты час час Пейпіня здолела вельмі гучна заявіць аб сабе. А заадно паспела выклікаць сапраўдныя дэбаты ў мастацкім асяроддзі – факт сам па сабе паказальны – наконт стылю сваіх карцін, вызначэння плыні, у якой яна працуе.
Пакуль адны сцвярджаюць, што гэта – дадаізм, другія перакананы, што Ганна – кубістка, журналісты далі творчасці нашай зямлячцы сваё вызначэнне.
“Мастачка радасці” , – так пішуць пра нашу зямлячку латвійскія журналісты. Нішу, якую Ганна заняла ў латвійскаім жывапісу – а яна яе такі заняла! – неафіцыйна называюць “радаснай”, таму што, цытую: “работы Пейпіні нясуць моцны энергетычны зарад”.
Першае ўражанне. Цябе асляпляе колер. Аранжавы? Залаты ? Сонечны?
Ён прысутнічае ледзь не на кожнам малюнку, і, здаецца, менавіта гэты колер напаўняе залю святлом.
Уражанне другое. Колер вылучае ці аддае цяплыню. На душы робіцца ўтульней.
Уражанне трэццяе. З кожнага малюнку на цябе глядзяць геаметрычныя фігуры. Ці не за шмат? Цікава: а дзе тут сюжэт? І колькі ж на такі малюнак можна глядзець?
– Спадзяюся, бясконца, – адказвае мне аўтар гэтага мора свету, цеплыні і геаметрыі мастачка Ганна Пейпіня.
– Давайце правядзем эксперымент. Паспрабуйце сканцантравацца і затрымаць позірк на нейкай уяўнай кропцы паміж дзвумя фігурамі. Што вы заўважаеце?
Эксперыменты я люблю. Але не разумею, што яшчэ я магу ўбачыць іншага апрача квадрата, ромба, трохкутніка. Але куды падзецца, і я ўтрапляюся ў карціну. Што і трэба было даказаць: квадрат, ромб, трохкутнік. І раптам…фігуры пашыраюцца, мяняюцца, рухаюцца….
Праціраю вочы і не разумею: ці працягваць эксперымент ці лепш запытацца ў самой Ганны:
– Аптычны падман? Падалося?
– Не толькі вам адной, – задаволена ўсміхаецца Ганна.
Гэта інтрыгуе і прымушае зноў вярнуцца да карціны. Прыглядаюся. Малюнак цяпер падаецца мне зусім іншым… А калі зайсці з іншага боку, а калі зноў паспрабаваць разглядзець яго, а калі….
Здаецца, я пачынаю разумець, чаму гэтая выстава носіць назву “Прастора”. А напярэдадні эксперыменту я толькі наважылася запытацца ў Ганны: Чаму такая назва, якое дачынне маюць да прасторы жоўтыя квадраты, чырвоныя ромбы? І, увогуле, можа яна свае карціны чарціла, а не малявала!?”.
– Прастора, яна – такая розная, – разважае мастачка, – і мяне цікавіць прастора, як духоўная катэгорыя. У сярэдзіне кожнага з нас існуе, жыве свая Прастора: меньшая ці большая. Ад чаго залежыць? Ад душы. Ад таго, што і як тая ўспрыймае. Што прымае, а чаго цураецца. Адна і тая ж рэч, падзея. Для кагосьці – так, мізэр. А для другога…
У кожнага свой позірк на гэты свет, сваё ўспрыманне і адчуванне жыцця, свая прастора, якая належыць толькі яму і ў якой жыве толькі ён. І я хачу зразумець, спасцігнуць яе і перадаць свае выяўленне з дапамогай фарбаў. А што тычыцца формы, то гэта, па сутнасці, справа другарадная.
Вазьміце іконы. Напэўна, заўважалі, які моцны пасыл ідзе ад іх, якая “радость бытия”, і форма тут не мае прынцыповай ролі, а вось стан – мае.
– А колер ? Колер вашых карцін называюць жыццясцвярджальным, можа ў тым і сакрэт, што ў вашай палітры – толькі сакавітыя, яркія фарбы?
– Памыляецца той, хто лічыць, што колеры бываюць жыццёвыя і безжыццёвыя.
Па сутнасці, нават чорна-белая графіка можа быць радаснай. Значыць, справа зусім не ў колеры, а ў унутраннай духоўнасці прасторы. Вось гэта я і спасцігаю, ці дакладней, спрабую спасцігнуць.
Мастачка Ганна Пейпіня вось ужо амаль трыццаць гадоў жыве ў Латвіі. Першыя сур’ёзныя крокі ў вялікі свет мастацтва дзяўчына зрабіла, калі паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, знакамітую мастацкую установу. Навучалася ў эксперыментальнай групе, дзе будучыя мастакі спецыялізаваліся ў такой галіне выяўленчага мастацтва, як роспіс.
Да пераезду ў Рыгу доўгі час жыла ў Краславе, на першым плане быў не жывапіс, была сям’я, Ганна – маці трох цудоўных дзетак.
Захапленне сучасным жывапісам, творчыя пошукі ўласнага “я” прыйшлі да яе значнай пазней. Як і разуменне таго, наколькі складаны хлеб мастака.
Аб яе прафесійных поспехах і росце можна меркаваць па тых шматлікіх выставах, у якіх Ганна Пейпіня бярэ ўдзел.
Двойчы яна разам з латвійскімі мастакамі прадстаўляла мастацтва Латвіі ў сябе на радзіме, у Беларусі, выстаўлялася у Віцебскім музеі Марка Шагала. Ганна – пастаянная ўдзельніца выстаў Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябрам якога яна з’яўляецца. Толькі гэтай вясной у яе адбылося ўжо некалькі выстаў.
Першая, сумесная, “Душы чароўныя парывы”- ладзілася ў прадстаўнічым месцы, Доме Масквы. Рыжанам добра знаёмы гэты культурны цэнтр і выстава ў ім – падзея знакавая. На выставе экспанаваліся працы трох жанчын – скульптара Вікторыі Пельшэ і мастачак Валерыі Шувалавай і Ганны Пэйпіні. Гэта своеасаблівая спроба паказаць жаночы шлях, адлюстраваць жаночы пошук у мастацтве. А ў тым, што ў жанчын-мастакоў ён свой, адметны, Ганна не сумняваецца. І адметнасць гэтая ў першую чаргу заключаецца ў светапоглядзе, у тым, што жанчына пазнае і ўспрымае свет праз любоў. Не блытаць з каханнем, хоць, як гаворыцца, і яму тут ёсць месца.
Потым быў Ганнін вернісаж у галярэі “Нэлія”.
Асобная тэма – персанальная выстава Ганны ў Парыжы, у галерэі Наталі Болдэрэвв Saint-Honore. (Цікавая акалічнасць – галерэя знаходзіцца побач з Луўрам). Тры гады таму знаёмы мастак, калі збіраўся ў Францыю, прыхапіў у паездку здымкі некалькіх Ганніных карцін: а раптам зацікавяцца. Аказалася, не раптам, а зацікавіліся, і Ганна атрымала ад мадам Наталі запрашэнне ў Парыж. А неўзабаве ў галерэі адчынілася яе персанальная выстава. Некалькі работ латвійскай мастачкі Ганны Пейпіні знаходзяцца ў галерэі і ў сённяшні час.
Паездка ў Парыж стала для Ганны і праверкай сіл і творчым экзаменам. З аднаго боку. І прызнаннем – з другога. Прызнанне – для мастака рэч не другарадная, хутчэй наадварот. Менавіта яно дае творчы імпульс і прагу да пошуку. Як лічыць Ганна, яе творчы пошук толькі пачынаецца. І куды ён можа яе прывесці, можна толькі здагадвацца… У Прагу ці Вільню. Мінск ці Варшаву.
А можа ў Лондан – адзін медыцынскі цэнтр зацікавіўся яе творчасцю і прапанаваў змясціць яе карціны ў свой кабінет рэлаксацыі. Англічане лічаць, што вобразы, створаныя Ганнай, могуць дапамагчы вярнуць людзям страчаную душэўную раўнавагу. Больш таго, яны прапанавалі адну з работ зрабіць эмблемай арганізацыі. Яшчэ адна з Ганніных карцін нядаўна адправілася ў Санкт-Петэрбург, у цэнтр вядомага доктара і псіхолага, спецыяліста па арт-тэрапіі Віталя Багдановіча.
А пакуль яе карціны падарожнічаюць, аматары і знаўцы мастацтва дыскутуюць, Ганна працуе. Нядаўна яна пабывала ў Лімбажы – па запрашэнню супрацоўнікаў музея гэтага гарадка ў маі Ганна Пейпіня прымала ўдзел у сумеснай выставе мастакоў аб’яднання “Маю гонар”. А зараз – чарговы, ужо летні, вернісаж у Доме Масквы.
Не сумнявайцеся: Ганніны выставы варта наведваць. Ну хоць дзеля таго, каб даведацца, што новага адчыніла для сябе і ў сабе Ганна, і што ў яе творчасці адчыніцца для нас. І дзеля таго, каб лішні раз пераканацца: ад яе яркіх сакавітых фарбаў на душы становіцца ясней.
” Радасць – гэта норма жыцця. Чым больш радасці ў жыцці, чым радасней людзі – тым яны чалавечней.”
…Я прыгадваю гэтыя словы мастачкі, і лаўлю сябе на жаданні яшчэ раз вярнуцца да яе карцін і паспрабаваць спасцігнуць Ганніну прастору… А калі пашанцуе – зразумець і сваю.
Таццяна Касуха
“Ад Ліга – да Купалы”
Слухай сваёУпершыню Венспілс святкаваў Купалле тры гады назад, падчас Дзён беларускай культуры, якія ладзіла мясцовая беларуская суполка “Спадчына”. У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе выліліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі, Эстоніі прыехалі ў горад на узбярэжжы Балтыкі на цяпер ужо традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Вентспілсе. Сёлета свята прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Вентспілс – горад курортны, канцэртамі яго жыхароў цяжка здзівіць, імпрэзамі асабліва не ўразіць. Тут праходзяць нацыянальны фінал конкурса удзельнікаў “Еўрабачання”, парад латвійскага шлягера, сотні турыстаў , і не толькі з Латвіі, з’язджаюцца ў горад, каб адзначыць дні Вентспілса ці свята мора. Але арганізатары Дзён беларускай культуры зрабілі ўсё, каб гэта мерапрыемства стала сапраўды падзеяй для жыхароў і гасцей горада, каб да беларускай культуры дачыніліся не толькі мясцовыя беларусы, але і жыхары гэтага шматнацыянальнага горада, турысты з розных куткоў свету.
Тры дні на вуліцах і плошчах Венспілса, у яго парках гучала беларуская мова і музыка. А горад расквеціўся беларускімі нацыянальнымі строямі.
Праграма фестывалю была надзіва разнастайнай – гэта і выстава народных промыслаў, і канцэрты, і літаратурныя чытанні, падчас якіх адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка “А водар радзімы ўсё кліча і кліча”, кнігі вершаў беларускіх аўтараў, якую выдаў Саюз беларусаў Латвіі.
Разам са сталымі паэтамі, такімі як даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, вершы чытала моладзь. Для многіх стау адкрыццём той факт, што ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце ўжо дзесяць гадоў студэнты вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Ёсць спадзяванне, што колькасць студэнтаў з кожным годам будзе павялічвацца. Ва ўсялякім разе выкладчыца беларускай мовы універсітэта Таццяна Бучэль ускладае на гэта надзею. Даўгаўпілскія студэнты зрабілі свой падарунак святу – славуты верш “А хто там ідзе” прагучаў у іх выкананні на дзесяці мовах.
Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў святочны канцэрт на Ратушнай плошчы.Творчыя калектывы змянялі адзін другога. На дні беларускай культуры прыехалі беларускія калектывы не толькі з Латвіі – разам з гаспадарамі свята гуртам “Журавінка” спявала “Надзея” з Рыгі, – але і з суседняй Эстоніі. Эстонскіх беларусаў прадстаўляў гурт Беларускага-Эстонскага Згуртавання “БЭЗ” з Кохтла-Ярве . Але самымі чаканымі на свяце, вядома, былі госці з Беларусі. Магчыма, у першы раз горад на ўзбярэжжы Балтыкі пачуў, як на яго вуліцах гучаць беларускія цымбалы, ды не адны, а цэлае сугучча. Сапраўдным падарункам стала выступленне на свяце аркестра беларускіх музычных інструментаў “Ліра” з Мінска.
Дні беларускай культуры ў Венспілсе праводзяцца на прыканцы чэрвеня. І гэта не выпадкова. Ліга – так латышы называюць свята сонцастаяння, – адно з самых любімых у Латвіі. Дарэчы, яно з’яўляецца дзяржаўным святам, адзначаецца 23-24 чэрвеня. Славянскае Купалле святкуецца пазней. “Ад Ліга да Купалля” – такі дэвіз беларускіх дзен культуры.
Вентспілчане і госці маглі пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Купалля менавіта беларусамі.А тон на Купаллі задавала “Жытніца”, самабытны беларускі калектыў з Магілёўшчыны, якая завітала ў Латвію, каб разам з землякамі адзначыць Купалле, паказаць жыхарам Курзэме, як спрадвеку спраўлялі гэта свята іх суседзі-беларусы.
У багатай скарбонцы «Жытніцы» прыпасена не адна купальская песня, а якія карагоды вадзілі кабеты з Магілёўшчыны, якое захапленне выклікалі музыкі, асабліва самы юны з іх – Арцём Ваакс!
Купальская ноч спрадвеку лічыцца самай загадкавай, самай таямнічай ноччу года. Для жыхароў і гасцей Вентспілса беларускае Купалле стала самым дабразычлівым і гасцінным святам. А дзякуючы творчым калектывам , запрошаным на Дні беларускай культуры , – і наздзвычай музычным. Наша шчырая падзяка кіраўнікам «Жытніцы» Уладзіміру і Алёне Ваакс, усяму калектыву «Жытніцы» за іх удзел у Днях беларускай культуры, за тую радасць, якую яны даставілі сваім слухачам, падзяліўшыся з імі традыцыямі і звычаямі беларускага Купалля. Беларусы Вентспілса асабліва ўдзячны «Жытніцы» за гэты кавалачак радзімы, прывезены і падараваны музыкамі з Магілеўшчыны.
І яшчэ адна аналогія. Свята не атрымалася б, калі б яго не арганізоўвалі з такою любоўю і самаадданасцю вентспілскія беларусы. Мясцовая суполка «Спадчына»не такая шматлікая, ды і сярод жыхароў Вентспілса беларусаў не такі вялікі высілак – у горадзе пражывае іх крыху больш за 2 тысячы, альбо каля 5% ад усяго насельніцтва прыморскага горада. Але іх энтузіазм і вялікае жаданне знайшлі падтрымку і ў горада, і ў грамадскіх арганізацыях, як Латвіі так і Беларусі.
Жыхары самадзейнага, вясковага калектыву з Магілёўшчыны прадэманстравалі такое майстэрства, такую адданасць беларускай культуры, якую мы даўно не бачылі. І больш яскравай прапаганды таго, як шануецца народная спадчына, чым выступленне калектыву звычайнага сельскага Дома культуры, і ўявіць цяжка. Нездарма арганізатары свята запрашаюць на наступныя Дні беларускай культуры – 2008 ў свой цудоўны горад на беразе Балтыкі і іншыя творчыя калектывы з Магілеўшчыны. “Спадчына” і Вентспілская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў будуць рады ўбачыць у сябе ў Вентспілсе на Днях беларускай культуры мастацкія калектывы не толькі з Беларусі, але беларускай дыяспары ўвогуле.
Да сустрэчы ў Вентспілсе!
Перадачу, прысвечаную Дням беларускай культуры ў Вентспілсе, слухайце ў нашай праграме на канале “Домская плошча”
Таццяна Касуха
На здымках Георга Астапковіча