Арганізатары вельмі рады паведаміць усім, што курсы беларускай мовы “Мова Нанова” нарэшце пачынаюць свае заняткі ў Рызе і адчыняюць свае дзверы! Чакаем тых, хто хоча даведацца больш пра беларускую мову, узбагаціць свой слоўнік, даведацца пра новую граматыку, знайсці беларускамоўных суразмоўцаў ці проста паслухаць, як крута гучыць наша родная мова!


Чакаем усіх ахвотных 01.04 а 14:00 па адрасе Rīga, Pils iela 21. І гэта не жарт!


На першых занятках з намі будзе вядомая беларуская мастачка Вольга Якубоўская, аўтарка знакамітых “Коцікаў свабоды”. Будзе вясёлы інтэрактыў і нават вельмі класны сюрпрыз. На наступных занятках таксама запланаваныя сустрэчы з вельмі цікавымі асобамі!

Абавязкова прыходзьце самі і не забудзьцеся паклікаць сваіх сяброў! Да сустрэчы!

З асабiстага дазволу «Свабодных  Купалауцаў» у вольнай прасторы выставы «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020» на Арт-станцыi «Дубулты» 01.04.2023 ў Юрмале а 14.00 гадзіне пачнецца калектыўны прагляд вiдэазапiсу спектаклю рэж. А.Гарцуева «Сфагнум» паводле аднаiменнага рамана  Віктара Марцiновiча.
Працягласць – 2 г.  i 50 хв.,
мова – беларуская,
субтытры – рускія,
абмежаванне па ўзросту – 16+

Месца мерапрыемства -Zigfrīda Meierovica prospekts 3, Jūrmala (чыгуначная станцыя “Дубулты”)

Уваход вольны.
Да сустрэчы на выставе і сумесным праглядзе!


“Свабодных Купалаўцаў” заўсёды можна падтрымаць тут
https://kupalaucy.pl/donate/

Аб выставе па спасылцы:https://budzma.me/news/u-yurmale-.html

Cамае галоўнае свята латвійскіх беларусаў – Дзень Волі традыцыйна адзначылі беларусы ў Рызе 25 сакавіка. Вялікая зала ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі не змагла на гэты раз змясціць ўсіх, хто лічыць гэтую дату вельмі важнай для ўсіх беларусаў і таму прыйшоў ў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. З моманту заснавання таварыства ў далёкім 1988 годзе гэтая дата абавязкова святкавалася штогод. Але ніколі раней не было ў зале і такой колькасці беларусаў і гасцей, і столькі выяў бел-чырвона-белых сцягоў. Бо сцены залы на гэты раз былі ўпрыгожаныя карцінамі Вольгі Якубоўскай, расквечанымі нашымі прыгожымі і ўрачыстымі бел-чырвона-белымі штандарамі. Менавіта да 25 сакавіка Вольга Якубоўская прымеркавала адкрыццё сваёй першай персанальнай выставы ў Рызе пад назвай “Малюю наша жыццё.”

Традыцыйна імпрэза распачалася сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, дабраславі  Латвію”) і неафіцыйнага беларускага гімна “Магутны Божа”.

Прысутныя таксама ўшанавалі хвiлiнай маўчання дэпартаваных ахвяр савецкай акупацыі ў Латвii, бо 25 сакавiка  ў Латвіі – афiцыйны жалобны дзень, а таксама загінулых змагароў за свабоду Беларусi i Украiны. На ўрачыстай частцы імпрэзы госцi i сябры “Сьвiтанка” сумесна змаглі ўбачыць відэазварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з нагоды 105-х угодкаў абвяшчэння незалежнай БНР. У сваей прывітальнай прамове старшыня таварыства Таццяна Казак з радасцю адзначыла, што 25 сакавіка 2023 года атрымаўся сапраўдным ўрачыстым падвойным Днём Волі, маючы на ўвазе і саму назву свята і такое прыгожае імя гаспадыні выставы.

Са святам Дня Волi прысутных і з адкрыццём выставы Вольгу Якубоўскую віншавалі таксама вядучая імпрэзы Ганна Iванэ, шматгадовая дырэктарка беларускай школы ў Рызе, і Вячка Целеш, кавалер Ордэна Трох Зорак, кiраўнiк Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.

Ганаровымі гасцямі iмпрэзы былі вядомая беларуская паэтка Віка Трэнас і дэпутаткі Саэйма Латвіі Яна Сіманоўска і Лэйла Расіма. Кіраўнік Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, прафесар музыкі Рафі Хараджанян ў сваёй віншавальнай прамове прывітаў шматлікіх новых наведвальнікаў  і выказаў асабістае захапленне працамі Вольгі Якубоўскай. Ён адзначыў своеасаблівы і вельмі адметны творчы погляд мастачкі.

Імпрэзу сваімі спевамі вельмі ўпрыгожыў гурт “Дівчата”. Убраныя ў бел-чырвона-белыя строі, прыгажуні выканалі патрыятычныя ўкраінскія песні “Вольная воля” і “Ой у лузе чэрвона каліна”. А беларускую народную песню “Купалінка”, якую гурт выконваў упершыню, разам з імі спявала ўся зала.

 Вольга Якубоўская павіншавала прысутных і шчыра падзякавала ўсіх, хто прыйшоў адзначыць свята і наведаць яе выставу. А яшчэ запрасіла ўсіх знаёміцца не толькі з карцінамі, але і таксама пазнаёміцца наведвальнікам імпрэзы паміж сабой. Трэба адзначыць, што многія беларусы Латвіі не толькі прыйшлі да нас упершыню, але прыехалі з розных куткоў Латвіі, а некаторыя – нават з Літвы.

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” выказвае шчырую падзяку Вользе Якубоўскай за прыгожыя і эмацыянальныя карціны, зробленую велізарную працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Спадзяемся, што гэтая першая яе выстава не будзе апошняй на Слокас 37. Творчасць Вольгi i яе адметны стыль выканання вельмі кранальныя і выклiкаюць шмат станоўчых эмоцых ў тых, хто іх бачыць, а таксама выклікаюць гонар за беларусаў i спадзеў на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi. Жадаем Вользе Якубоўскай плёну ў працы і творчага натхнення, а ўсім беларусам – сапраўднай Волі. Мы ўдзячныя кожнаму, хто ўзяў удзел у суботнім мерапрыемстве, і таксама запрашаем кожнага завітаць па адрасу Slokas 37 у Рызе, каб асабіста пазнаёміцца з усімі творамі Вольгі Якубоўскай. На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс  i дарослых,  i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале  размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi. 

Карціна “Як ты без мяне там…”, аўтар здымка Эвія Дзонсонэ

Каб браць удзел у новых імпрэзах, арганізаваных ЛТБК “Сьвітанак”  і беларускай дыяспарай ў Латвіі, сачыце за навінамі на нашым сайце. Да новых сустрэч!

Андрэй Татур

Выставу “Малюю наша жыццё” сябра Аб’яднання мастакоў-беларусаў Латвіі “Маю гонар” Вольгі Якубоўскай можна наведаць з 25 сакавіка да 25 красавіка ў будынку Асацыяцыі Нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч па адрасе вул. Слокас 37 ў Рызе. Экспазіцыя размешчаная ў дзвух залах: Вялікай і Каміннай. Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 25 сакавіка падчас святкавання 105-х угодкаў абвяшчэння БНР.

На выставе ў Вялiкай зале экспануюцца 25 карцiн серыi “Коцiкi Свабоды” з асабiстымi каментарамi мастачкі па гiсторыi iх напiсання. Казачнымi вобразамi адлюстраваны як трагiчныя, так i святочныя моманты сучаснасцi i гiсторыi Беларусi, якiя звяртаюць увагу i выклiкаюць iнтарэс  i дарослых,  i дзяцей. Некаторыя з прац выстаўленыя ўпершыню. У Камiннай зале  размешчаныя iншыя працы мастачкi рознай тэматыкi i перыяду напiсання, у тым ліку шыкоўныя мастацкія карціны са скуры, якiя можна набыць па дамоўленасцi. 

Адкрыццё выставы прайшло  ў цёплай, сяброўскай i святочнай атмасферы. Кранальная творчасць Вольгi i асабiсты стыль выканання  выклiкаюць слёзы радасцi i смутку, гонар за беларусаў  i надзею на свабоду, штурхаюць да iмкнення да волi.

Сардэчна запрашаем па адрасе: Rīga, Slokas iela, 37

Час працы:

Пн-Пт з 10-00 да 18-00. 

Наведванне лепш папярэдне ўзгадніць па тэлефонах, асабліва ў выходныя дні, бо ў залах могуць адбывацца імпрэзы. +37167613638; +37127024786.

Уваход вольны.

Вольга Якубоўская

 Нарадзілася ў г. Сартавала, Карэлія.

 У 1989 г. скончыла Кунгурскае мастацкае вучылішча (зараз – Кунгурскі мастацкі каледж – філіял Маскоўскай ГХПА імя Строганава), Пермскі край, у 2007 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), г. Мінск, Беларусь.

Сябра Творчага Саюза мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 З 1989 г. жыла і працавала ў г. Наваполацку, Беларусь, займалася малюнкам, жывапісам, ілюстрацыяй, а таксама мастацкай апрацоўкай скуры.

 У актыве Вольгі – дзясяткі сумесных і персанальных выстаў і сотні карцін у розных кутках свету – Латвіі, Германіі, Францыі, Нідэрландах, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінах.  Вольга Якубоўская – аўтарка вядомай серыі карцін «Коцікі Свабоды», прысвечанай барацьбе народа Беларусі за свабоду і свае правы.