4 снежня 2022 года ў Вялікай зале будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч латвійскія беларусы традыцыйна сабраліся разам, каб адзначыць 102-я ўгодкі Слуцкага паўстання.

Імпрэза распачалася з сумеснага выканання прысутнымі Дзяржаўнага гімна Латвіі “Dievs, svēti Latviju” (“Божа, блаславі Латвію”) і неафіцыйнага гімна Беларусі “Магутны Божа” пад акампанемент Наталлі Камілеўскай.

Вечарыну адкрыла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” Таццяна Казак. Яна адзначыла, што беларусы і латышы ў ХХ ст. першапачаткова знаходзіліся ў падобнай, нават практычна аднолькавай гістарычнай сітуацыі пасля распаду Расійскай імперыі. Аднак Латвійская Рэспубліка, абвешчаная 18 лістапада 1918 г., праіснавала да 1940 г., а Беларуская Народная Рэспубліка, што была абвешчана  25 сакавіка 1918 г. –  толькі да 1919 г. Слуцкае паўстанне – гэта ўзброеная барацьба жыхароў Случчыны супраць бальшавікоў, якая адбывалася ў лістападзе-снежні 1920 года. Традыцыйна 27 лістапада, калі пачаліся першыя баі з бальшавікаі, лічыцца пачаткам паўстання, і беларусы ў Беларусі і за мяжой адзначаюць яго як Дзень Герояў. Беларусы, як і латышы, правялі вялікую і трагічную барацьбу за сваю свабоду на пачатку ХХ стагоддзя. Чаму такі акцэнт робіцца менавіта на Слуцкім паўстанні 1920 году? Гэта быў не адзіны факт антыбальшавіцкага супраціву на тэрыторыі Беларусі ў тыя бурныя часы. Але найбольш моцны палітычны падмурак мела менавіта Слуцкае паўстанне, бо гэта было не стыхійнае паўстанне супраць новых парадкаў, а планамерная спроба адстаяць незалежнасць беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Паўстанне пачалося пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая “разрэзала” тэрыторыю Беларусі напалову: Польшча і савецкая дзяржава падзялілі Беларусь. Згодна з дамовай, польскія войскі адыходзілі, вызваляючы нейтральную зону, у якой знаходзіўся Слуцкі павет.

Моцныя пазіцыі на гэтай тэрыторыі тады займала партыя эсэраў, аснову якой складалі беларускія сяляне. Эсэры выступалі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. З адыходам палякаў сяляне абралі беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады ў павеце. На чале гэтых камітэтаў стаялі эсэры, яны ініцыявалі Першы з’езд Случчыны.

З’езд адбыўся 14-15 ліпеня 1920 г. у Слуцку, 107 дэлегатаў прынялі пастанову аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і абралі Раду. Яго задачамі былі арганізацыя цывільнага кіравання, а таксама арганізацыя абароны павета.

“З’езд катэгарычна пратэстуе супраць акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і супраць самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнаваная чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль, і мы, аддаючы справе адбудавання нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцці, звяртаемся да ўсяго свету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы…

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!” – ­пісалася ў рэзалюцыі З’езду.

Рада стварыла два палкі: першы Слуцкі і другі Грозаўскі. Гэтыя два палкі складалі Слуцкую брыгаду. У той час уся Беларусь была салідарная са Слуцкім паўстаннем. Беларускія жаночыя арганізацыі накіравалі 1-му Слуцкаму палку бел-чырвона-белы сьцяг, на якім была вышытая Пагоня са словамі прысвячэньня: “Тым, што першымі паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Вораг быў ў колькаснай перавазе і лепш падрыхтаваны да вайны, але тысячы паўстанцаў са зброяй у руках гучна гаварылі: “Ганіце польскіх паноў і маскоўскіх камісараў! Жыве вольная Беларусь!” Супраць беларускіх войскаў змагалася бальшавіцкая Омская дывізія. У баях паўстанцы наносілі Чырвонай Арміі вялікія страты, бралі ў палон і адваёўвалі вёскі. Частка чырвонаармейцаў, пераважна з сялян, што былі прымусова мабілізаваныя ў Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся або пераходзілі са зброяй на бок паўстанцаў. Бальшавікам давялося адступіць па ўсім 100-кіламетровым фронце. Беларускія войскі мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім катастрафічна не хапала зброі, амуніцыі і боепрыпасаў.

4 снежня пачаўся новы наступ Чырвонай Арміі. Нястача зброі скончылася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 снежня. 7 снежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Не хапала амуніцыі, харчавання, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфу.

Эдвард Вайніловіч, фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску, у сваіх успамінах згадваў, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную Рыжскай дамовай, ажно пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. Штаб Слуцкай брыгады перадыслакаваўся ў вёску Заастравечча Клецкага р. каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся разбітыя аддзелы паўстанцаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня Слуцкая брыгада перайшла за Лань і была абяззброеная і інтэрніраваная польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне, і змагаліся яшчэ доўгі час.

Афіцэраў і стральцоў, якія перайшлі Лань, інтэрніравалі ў Беласток, а потым перавезлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца мая 1921 года.

Тых, хто вярнуўся на радзіму, ГПУ-НКВД спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак літаральна праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў ГУЛАГ.

Паўстанне не перамагло, але факт Слуцкага паўстання ставіць беларусаў у адзін шэраг з іншымі народамі былога СССР (грузінамі, украінцамі), якія пасля распаду Расійскай імперыі, хоць і не здолелі захаваць палітычную незалежнасць, але ўсё ж настойліва за яе змагаліся са зброяй у руках.

Каб больш даведацца пра розныя цікавыя гістарычныя факты, падчас імпрэзы беларусы і госці вечарыны паўдзельнічалі ў віктарыне, прысвечанай Слуцкаму паўстанню, і атрымалі прызы – кнігі на гістарычную тэматыку.

Вядомая беларуская паэтка і перакладчыца Вікторыя Трэнас, якая цяпер жыве ў Латвіі, пераклала на беларускую мову вядомую латышскую песню “Saule, Pērkons, Daugava”, што стала сімвалам барацьбы латышоў за аднаўленне свей незалежнасці пасля распаду СССР. Латвійскі мужчынскі хор “FRACHORI” выканаў гэтую песню 27 лістапада на  Гала-канцэрце фестывалю АНКТЛ “Адзіныя – у разнастайнасці 2022”. А ў рамках імпрэзы былі прадэманстраваныя 2 відэакліпы хору “FRACHORI”, бо хор, на жаль, не меў магчымасці ўзяць удзел у вечарыне з-за паездкі ў Кракаў на XI Фестываль адвэнтавых і калядных песень акурат 2-4 снежня. І менавіта латвійскі хор “FRACHORI” атрымаў галоўны прыз фестывалю – Залатога анёла.  

Ганаровая госця вечарыны Вікторыя Трэнас распавяла, як запісвалася беларускамоўная версія песні “Сонца, Пярун, Даўгава” ў Елгаўскай студыі, дзе гэтую песню разам выконвалі некалькі хароў, у тым ліку дзіцячы. Ініцыятарам стварэння беларускай версіі песні стаў неабыякавы да падзей ў Беларусі ўдзельнік хору Арніс Лібертс, які такім чынам вырашыў падтрымаць беларусаў. На імпрэзе прагучала таксама аўтарская патрыятычная і лірычная паэзія сп. Вікторыі, якая была вельмі цёпла прынятая ўсімі прысутнымі на імпрэзе. Некаторыя з вершаў былі напісаныя паэткай ужо ў Латвіі.

Дзякуючы мастаку Вячку Целешу, які стварыў прыгожы бела-чырвона-белы плакат да 102-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну, а таксама ягонаму  удзелу ў афармленні залы, у Вялікай зале панавала ўрачыстая і патрыятычная атмасфера.

 Падчас імпрэзы дэманстраваліся розныя відэаматэрыялы, прысвечаныя Слуцкаму паўстанню, напрыклад, відэакліп з песняй Зміцера Бартосіка на словы Ўсевалада Сцебуракі “Рэквіем змагарам Случчыны”. Сябра таварыства “Сьвітанак” Вольга Гардзеева чытала свае патрыятычныя вершы на роднай мове.

На вечарыне таксама прысутнічаў яшчэ адзін ганаровы госць –  дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі спадар Стэфан Эрыксан – напэўна, самы паважаны швед, вядомы беларускай дыяспары ва ўсім свеце.  Спадар Эрыксан за тыя гады, з 2008 па 2012, калі  ён быў Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам  Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, не толькі цалкам вывучыў беларускую мову, але і спрычыніўся да шматлікіх добрых спраў на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці і быў высланы з Беларусі менавіта за падтрымку беларускіх недзяржаўных арганізацый.

Прадстаўніца Саюза палякаў Латвіі, латышская паэтка Дагнія Дрэйка, перакладчыца беларускай паэзіі на латышскую мову, выступіла са сваімі вершамі і адзначыла ў сваёй прамове, што латышскі і беларускі народы напачатку ХХ ст. мелі падобны лёс ды выказала надзею, што і надалей беларусы і латышы будуць разам свабоднымі ў XXI стагоддзі.

 Яшчэ адна госця вечарыны, украінская рэжысёрка і спявачка Таццяна Шчэрбанос, якая цяпер з-за вайны жыве ў Латвіі, выканала песні пад уласны акампанемент і верш беларускага паэта Юлія Таўбіна, забітага НКУС у Мінску ў 1937 годзе ва ўзросце 27 гадоў “Я яшчэ не маю права паміраць” у перакладзе на ўкраінскую мову.

Музычная кіраўніца ЛТБК “Сьвітанак” Наталля Камілеўская разам з  актрысай Рыжскага ўкраінскага народнага тэатра Антрай Цэлітане выканалі літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную 102-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну і змаганню беларускага і ўкраінскага народаў за сваю свабоду. У кампазіцыі гучала паэзія ўкраінскага класіка Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе на латышскую мову Кнута Скуеніека і ўкраінскія песні.

Скончылася імпрэза сумесным выкананнем ўсімі прысутнымі гімна Беларускай Народнай Рэспублікі і Слуцкага збройнага чыну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ў суправаджэнні Наталлі Камілеўскай (фартэпіяна). Трэба прызнаць, што песня, якую ўпершыню беларусы, што сабраліся, спявалі разам, прагучала гучна, зладжана і ўзнёсла!

На здымках Алены Гэйданэ:

Вікторыя Трэнас

Таццяна Шчэрбанос
Дырэктар Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Латвіі Стэфан Эрыксан
Дагнія Дрэйка
Вольга Гардзеева
Антра Цэлітанэ і Наталля Камілеўская
0 replies

Leave a Reply

Want to join the discussion?
Feel free to contribute!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *