19 лістапада 2021 года адзначае свой 60-гадовы юбілей Сяржук Кузняцоў, адзін з заснавальнікаў Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак“.

Сяржук Кузняцоў быў не толькі першым кіраўніком ЛТБК „Сьвітанак“ – старшынёй Рады таварыства з 1988 года. Калі на Латвійскім радыё – 4 ўпершыню была створаная беларускамоўная праграма „Сьвітанак“, ён стаў першым рэдактарам і вядучым радыёперадачы. З ініцыятывы спадара Сяржука ў Рызе пачаў таксама выдавацца беларускамоўны часопіс „Сьвітанак“, ён стаў яго галоўным рэдактарам.

Па адукацыі доктар, выпускнік Ленінградскага медыцынскага інстытута (цяпер Піцербуржская дзяржаўная медыцынская акадэмія імя І.І. Млечнікава), у часы Атмоды ў Латвіі ён вельмі шмат часу і высілкаў аддаваў на карысць адраджэння беларушчыны у Латвіі. Народжаны ў Рызе, па бацьку беларус, нашу родную мову вывучыў самастойна!

Сваё жыццё спадар Сяржук прысвяціў медыцыне і дасягнуў шматлікіх поспехаў у гэтай высакароднай і складанай справе – дапамагаць хворым людзям. Ён – аўтар шматлікіх навуковых прац у галіне анкалогіі і імуналогіі, стваральнік і кіраўнік лабараторыі „DrKuznecovLab“ і Цэнтра падтрымкі анкалагічных хворых (Cancer Patient Advocacy Bureau), які працуе ў Рызе з 1997 года. У 2006 годзе цэнтр далучыўся да Кааліцыі анкалагічных хворых Еўропы (ECPC) і стаў адным з вядучых даследчых інстытутаў Еўрапейскага Саюза ў вывучэнні псіхасацыяльных фактараў рызыкі ў анкалогіі. З 2003 года Dr.KuznecovsLab стаў адным з цэнтраў даследаванняў для Міжнароднай Асацыяцыі Дапаможнай Тэрапіі Рака (MASCC).

Доктар Сяржук Кузняцоў за свае даследаванні быў узнагароджаны прэстыжнымі міжнароднымі навуковымі прэміямі ў розных галінах медыцыны: прэміяй Аўстрыйскага таварыства геранталогіі і герыятрыі за цыкл работ па карэкцыі ўзроставых і таксічных парушэнняў сперматагенезу, прэстыжнай у алергалогіі і імуналогіі прэміяй “Pharmacia Allergy Foundation” у Швецыі за даследаванні даліхолфасфата і выкарыстання поліпрэнола для дыягностыкі і лячэння праяў многіх відаў алергічных захворванняў. У 1993 г і ў1995 г. С. Кузняцоў названы ў ліку найлепшых даследчыкаў раку ў Еўропе. Дзякуючы даследаванням “Dr.KuznecovsLab” шырокае ўжыванне атрымала выкарыстанне ў анкалогіі прэпаратаў з Phallus impudicus (Вясёлка звычайная), ядомага грыба з сямейства гасцераміцетаў. Сяргей Кузняцоў з’яўляецца аўтарам даследаванняў Phallus impudicus з 1990 года. Вынікі даследаванняў былі прадстаўлены на кангрэсах па анкалогіі і апублікаваны ў вядучых часопісах па праблемах раку. Аўтарства рыжскіх навукоўцаў пацверджана ў энцыклапедыі “Medicinal Mushrooms” у 1995 годзе. Распрацаваны ў лабараторыі метад ферментацыі грыбоў дазваляе рыхтаваць біялагічна актыўныя прэпараты для ўнутранага прымянення і вонкава. У 2004 годзе MASCC уганаравала доктара Кузняцова прэмііяй за выкарыстанне Phallus impudicus для прафілактыкі і дапаможнай тэрапіі тромбаэмбаліі ў анкалагічных хворых.

Сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры „Сьвітанак“ сардэчна віншуюць спадара Сяржука з юбілеем і жадаюць здароўя і новых дасягненняў у навуковых даследаваннях на карысць здароўя людзей!