У яе творчасці знайшлі адлюстраванне краявіды чатырох краін, у тым ліку і роднай Беларусі

Маляваць прыроду, далей ад мітусні горада, дзе чуваць толькі натуральныя гукі-мелодыі, дзе разгортваюцца краявіды сада, дрымучага ельніка ці хваёвага бору… Любавацца рачулкаю ў берагах, парослых кустоўем-хмызняком, з нахіленымі дрэвамі… Маляваць хвалістае мара з прыбоем ля скалістага берага… І ўсё гэта – любыя мясціны творчай працы Надзеі Ізянёвай, асабліва ў апошнія гады. Пра тое расказалі мне самі жывапісныя творы мастачкі на нядаўняй юбілейнай выставе яе ў галерэі АНКТЛ (Асацыяцыя нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч) у Рызе.

Надзея Ізянёва на вернісажы

Надзея, супляменніца нашая таленавітая, нарадзілася далёка ад Бацькаўшчыны: у вёсцы Баранаўка ля Казані. Прыйшла ў сям’ю Лаўрыновічаў – Уладзіміра Уладзіміравіча і Ніны Рыгораўны (Дарашчонак). Яны самі з Шаркаўшчыны (Віцебшчына), а на пачатку Другой сусветнай вайны былі эвакуяваны ў Татарстан. У 1954-м сям’я вярнулася дадому, жыла ў Шаркаўшчыне, там Надзея скончыла сярэднюю школу. Там на ўроках малявання ў настаўніка Канстанціна Клундука атрымала добрыя веды і навыкі ў маляванні, там абудзілася ў яе цікавасць, любоў да мастацтва. Таму пасля школы і паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Да таго ж там ужо вучыўся яе старэйшы брат, Вячаслаў Лаўрыновіч. Надзея пасля заканчэння інстытута, у 1969-м, жыла ў Полацку, працавала галоўным мастаком Полацкай фабрыкі мастацкіх вырабаў. З 1970 года творчыя і жыццёвыя дарогі павялі мастачку ў свет. Спачатку паехала да бацькоў у Латвію, у горад Тукумс: туды яны перабраліся на сталае жыццё. У Тукумсе працавала настаўніцай малявання ў школе, а ў вольныя часы, асабліва пад час канікулаў, малявала наваколлі горада. Выйшла замуж за вайскоўца Анатоля Ізянёва, яго накіравалі служыць у Польшчу, і сям’я жыла у горадзе Бжэг, дзе Надзея таксама шмат малявала. Там была і яе першая персанальная выстава жывапісу. Пасля мужа перавялі ў Прыморскі край, сям’я пераехала ў Арсеньеўск – і еўрапейскія пейзажныя матывы ў творчасці супляменніцы змяніліся тады на пейзажы Далёкага Усходу.

Мастачка на эцюдах на Віцебшчыне

Цяпер Надзея жыве ў Латвіі. Пасля смерці мужа і з выхадам на пенсію яшчэ больш прыхілілася да мастацтва, да прыроды. Малюе латвійскія пейзажы летам і восенню на прыродзе, а калі надвор’е не вельмі спрыяе, то піша карціны дома па эцюдах. Часам наведвае сына ў Арсеньеўску і піша там пабярэжжа і Японскае мора. Кожнае лета ездзіць у Беларусь, у родную Шаркаўшчыну. І гэта для яе не толькі сустрэчы з сябрамі, блізкімі, але і праца з эцюднікам на пленэры. На сёлетняй выставе было 50 жывапісных пейзажаў, намаляваных у 1985-2015 гадах у Латвіі, Польшчы, у Прыморскім краі Расіі ды ў Беларусі – на Шаркаўшчыне. Адкрыццё юбілейнай выставы сталася добрым святам для яе самой і тых, хто паглядзець прыйшоў яе творы, павіншаваць з падзеяй. Віншавалі Надзею добрымі словамі, кветкамі калегі з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” – яна сябар творчай суполкі, удзельнічае ў яе розных выставах. Цёплыя словы гаварылі юбілярцы сябры, знаёмыя, родныя брат Алег і сястра Людміла: яны таксама жывуць у Латвіі.

Беларуская рэчка Янка. Палатно, алей. 2013

Віншаваў мастачку-беларуску старшыня АНКТЛ прафесар Рафі Хараджанян, потым быў святочны канцэрт. Выступала вакальная група “Раманс” пад кіраўніцтвам вядомага ў Латвіі музыканта Валерыя Буля. Артысты Казімір Сарокін, Дагмара Сусэклэ, Вольга Баброва, Уладзімір Кісялёў, Лявон Байкоў, Вера Лебедзева і Валянціна Гнацюк (усе яны прафесійныя спевакі!) выконвалі беларускія, латышскія, рускія, цыганскія ды іншыя песні. І часам было адчуванне: мелодыі музыкі зліваюцца з мелодыяй фарбаў на палотнах карцін Надзеі Ізянёвай.Непаўторны момант паяднання музаў!

Сімвалічна, што юбілейная выстава Надзеі Ізянёвай праходзіць у такі знакавы год для нашай суполкі “Маю гонар”: 12 студзеня ёй споўнілася 25 год. У 2016-м плануем ладзіць не толькі выставы аб’яднання, але і персанальныя выставы яго сябраў. І была ўжо, дарэчы, 19 лютага персанальная выстава “Акалічнасці” нашай мастачкі Ганны Пейпіні ў Мінску: у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Беларусі. А выстава Надзеі Ізянёвай – гэта добры працяг свята-юбілею беларускага аб’яднання.

Вячка Целеш
газета “Голас Радзімы”