12 снежня 2010, 16:04

Дзякуй Уладзіміру Караткевічу і яго кнігам за тое, што абудзілі ў мне беларуса”, – гэтыя словы гучаць сёлетняй восенню ў розных канцах свету. – Не было б Караткевіча і яго “Дзікага палявання караля Стаха” і іншых твораў, не было б і мяне, беларуса…»

Такія прызнанні гучалі ў гэтыя лістападаўскія дні і ў нашым горадзе. Сталіца Латвіі, краіны, якой ён прысвяціў свае «Казкі бурштынавага краю», памятае і любіць Караткевіча. Тут і да гэтага часу жывуць яго чытачы і яго сябры. Адзін з іх – мастак Вячка Целеш. Менавіта па яго ініцыятыве Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» зладзіла літаратурную вечарыну, каб ушанаваць юбілеі слынных беларусаў – Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Сахарава.

Пачалося свята з прэзентацыі біяграфічнага альманаху “Асоба і час», выдадзенага да 100-годдзя Ларысы Геніюш.

-
-

«Гісторыя аднага партрэту» – такая назва ўспамінаў пра Ларысу Геніюш нашага зямляка Вячкі Целеша, змешчаная ў альманаху. Многім з прысутным добра вядомы гэта партрэт Ларысы Геніюш, створаны В.Целешам, ён неаднаразова экспанаваўся падчас яго выстаў. А вось гісторыю знаёмства паэткі і мастака многія пачулі ўпершыню. Як, дарэчы, і голас самой Ларысы Геніюш. І голас Уладзіміра Караткевіча. І стаў магчымым гэты цуд, дзякуючы запісам, зробленым калісьці на звычайны магнітафон яшчэ адным сябрам Ларысы Геніюш, госцем беларускай імпрэзы ў Рызе спадаром Сяргеем Панізнікам. Гэтыя запісы былі пакладзены ў аснову аўдыёдыска, які прывёз на свята спадар Сяргей.


Дарэчы, многія ўдзельнікі свята прыйшлі на сустрэчу са сваімі любімымі творамі Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Караткевіча. Так, Наталля Камілеўская прынесла з сабой невялікі зборнічак спадарыні Ларысы. Гэта было польскае выданне, адзінае, якое некалькі дзесяцігоддзяў таму яна змагла набыць калісьці ў Рызе. І які захоўвае і да гэтага часу сярод сваіх любімых кніг. Свае любімыя творы Лырысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча на свяце чыталі і ўдзельнікі імпрэзы. Чыталі па ўласнаму жаданню, а не таму, што гэтак было запланавана. А асабліва натхнёным было выступленне дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Іванэ, якая падрыхтавала сапраўдны экскурс у творчасць Уладзіміра Караткевіча.

Надзвычай узнёслым і шчырым было гэта свята. І па-асабліваму сяброўскім. І кранаючым. Нельга было без хвалявання слухаць успаміны Сяргея Панізніка і Вячкі Целеша пра сяброўства з асобамі, якія сталі гонарам Беларусі, сяброўства, якое яны пранеслі праз гады. І слухаючы расповеды ўжо немаладых людзей, скроні якіх даўно пабяліла сівізна, адступаў час. І здавалася, што мы ўвачавідкі бачым, як па Юрмале спяшаюцца жвавыя, гаманкія Сяргей Панізнік і Вячка Целеш, як перапоўнены яны радасцю, што ідуць у госці да самога Караткевіча. Як стромкія балтыйскія сосны чуюць гамонку навукоўцы спадарыні Мірдзы Абалы і Уладзіміра Караткевіча. Як пасля сяброўскай сустрэчы ў майстэрні Вячкі Целеша Уладзімір Караткевіч напіша з гумарам дасціпныя радкі і нават паспрабуе сябе ў ролі мастака.

-

Старонка з аўтографам і малюнкамі Уладзіміра Караткевіча ў Гасцёўнай кнізе майстэрні “Беларуская хатка” Вячкі Целеша

-

Першая – Мірдза Абала, далей – Алег Лойка, яго жонка Лілея, за ёй –  Уладзімір Караткевіч, Сяргей Панізнік, а правей – Вячка Целеш у Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981 г.

-
Злева –  Алег Лойка, яго жонка, Уладзімір Караткевіч, Вячка Целеш і Мірдза Абала ў Латвійскім этнаграфічным музеі ў ліпені 1981г.

Вядома, шкада, што юбілей Уладзіміра Караткевіча ў Латвіі не святкаваўся так, як гэтага хацелася б, як варта было б. Шкада, што не маем магчымасці паехаць у Оршу на ўрачыстасці, запланаваныя 26 лістапада да дня нараджэння пісьменніка, каб у гэтым шматгалоссі прагучаў і голас беларусаў з Рыгі. Удзельнікі імпрэзы папрасілі спадара Сяргея Панізніка перадаць паклон ад беларусаў Латвіі радзіме вялікага пісьменніка. А музею ў Оршы – падарунак, які падрыхтаваў Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Калі дакладна, рыхтаваць яго Вячку Целешу не спатрэбілася, бо аб гэтым шмат гадоў назад паклапаціўся сам Караткевіч.

-


Падчас першай сустрэчы і знаёмства з Караткевічам у Дубултах у Доме творчасці пісьменнікаў 5 снежня 1976 г. Вячка папрасіў у пісьменніка на памятку памяняцца ручкамі. Уладзімір Сямёнавіч з задавальненнем згадзіўся. І вось тая ручка, якой пісьменнік пісаў свае раманы, засталася як памятка аб той сустрэчы, як рэліквія нашага нацыянальнага генія. Гэтая ручка да гэтага часу захоўвалася ў Вячкі, а на вечарыне рыжскі мастак папрасіў перадаць яе ў дар музею Караткевіча.

У 1960 – 70-ыя годы Уладзімір Караткевіч неаднаразова наведваў Латвію, тут у яго былі сябры –  паэт Еранім Стулпан, дарэчы, ён нават быў яго кумам, хросным бацькам яго дачкі. Бываў Караткевіч у Іманта Зіедоніса, які вазіў яго да сваіх бацькоў у г. Салдус, былі сустрэчы яго і з іншымі латышскімі паэтамі і пісьменнікамі.

І яшчэ адзін юбілей ушанавалі ў гэты дзень у таварыстве «Сьвітанак».

-

Cёлетняй восенню споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава – чалавека, які адным з першых узняў паходню беларускасці ў Латвіі. Педагагічнай і культурна-асветніцкай працы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі.
У літаратурнай вечарыне прыняла ўдзел унучка Сяргея Пятровіча Сахарава – спадарыня Нонна Ахметулаева. Спадарыня Нонна падзялілася сваімі ўзгадкамі пра Сяргея Сахарава, распавядала пра тое, як сёлета адзначалі яго юбілей у Лудзе, і прыпасла гасцям імпрэзы свой падарунак. Яна прачытала адно з неапублікаваных апавяданняў Сяргея Сахарава.

За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі ў 1939 г. атрымаў  прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця – зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. А яшчэ ў спадчыну Сяргей Сахараў пакінуў нам, беларусам, якія жывуць у Латвіі, вось гэтыя словы:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Калі б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі”
Запавет гэты надзённы для нас і праз дзесяцігоддзі. І не толькі для беларусаў Латвіі.

З радасцю мы даведаліся, што ў Талліне ствараецца нядзельная школа беларускай культуры імя Караткевіча. Творы вялікага рамантыка і казачніка вывучаюць выхаванцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы. І, дзякуючы аўтару «Зямлі пад белымі крыламі», для юных рыжан-беларусаў гэты край, радзіма іх бацькоў і дзядоў, становіцца бліжэй…

«Святло высакароднай душы» – так назвала калісьці свой артыкул, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу латышская вучоная Мірдза Абала, якую з беларускім пісьменнікам звязвала шматгадовае сяброўства і якая пераклала яго аповесці “Чазэнія” на латышскую мову. Высакароднасць душы – тая рыса, якая яднае ўсіх нашых юбіляраў. І гэтаму святлу не згаснуць ніколі…

Таццяна Касуха

На здымках Георгія Астапковіча:

-

удзельнікаў імпрэзы вітае Вячка Целеш

-

выступае Сяргей Панізнік

-

вядучыя імпрэзы – мастак Вячка Целеш і паэт Сяргей Панізнік з  унучкай Сяргея Сахарава Ноннай Ахметулаевай

-

спявае студэнтка Латвійскай музычнай акадэміі Людміла Ігнатава

-

вершы Уладзіміра Караткевіча чытае Таццяна Казак

-

выступае беларускі гурт “Вытокі”, кіраўнік Станіслаў Клімаў

-

два паэты, два пакаленні – мінчанін Сяргей Панізнік і рыжанка Людміла Ігнатава са сваімі паэтычнымі зборнікамі

-

Сімвалічная повязь сяброўства латвійскай і беларускай культуры

-