30 студзеня 2009, 12:50

Барыс Кастаненка
(6.07.1932–6.05.1999)

На жаль, невядомы грамадскасці таленавіты беларускі літаратар, паэт, перакладчык, аўтар успамінаў.
/images/0000/0114/_Image10.jpgНароджаны ў Беларусі, яе сталіцы Мінску, большую частку свайго жыцця Барыс Кастаненка пражыў у Латвіі.


Перад тым, як стала асесці ў Рызе, ён прайшоў нялёгкі шлях марскога афіцэра-падводніка, служыў на Паўночным флоце. Жывы, цікаўны, мэтаімклівы юнак Барыс рана захварэў рамантыкай мора і паэзіі. Да гэтага прычыніліся дапытлівы, цэльны характар рамантыка і некаторыя канкрэтныя абставіны жыцця сям’і Кастаненкаў.
У сувязі з характарам работы бацькі, сям’я Кастаненкаў, у якой разам з малодшым Барысам было двое дзяцей, даводзілася жыць у розных мясцінах Беларусі. У сваіх успамінах (яны пакуль што знаходзяцца ў рукапісе, ды машынапісе і трэба думаць, будуць выдадзены кніжкай) Барыс згадвае пераезды сям’і: жыццё іх у Чашніках, Камарыне, Жыткавічах, Мінску. Але больш робіцца гэта па расказах родных і перш-наперш маці Ганны Якімаўны, даволі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай на той час.
У 1935 г. Кастаненкі пераехалі жыць у Віцебск. У раздзеле ўспамінаў “Добры горад над сіняй Дзвіной” Барыс пранікнавенна і маляўніча расказвае пра сваё даваеннае дзяцінства, шчасліва праведзенае ў гэтым старажытным беларускім горадзе, што месціцца на берагах Заходняй Дзвіны.


“Ганчарны завулак, – праз гады ўспамінаў капітан трэцяга рангу Барыс Пятровіч Кастаненка, – побач з левым берагам Дзвіны, паміж новым і чыгуначным мастамі… Ля новага маста заўсёды стаялі буксіры, параходы, баржы-лайбы, многа лодак. Тут жа на пяску адпачывалі ўжо непатрэбныя растрэсканыя баржы, высіліся горы цюкоў сена, скрынкі, бочкі – уся гэта гаспадарка належыла мясцоваму параходству. Колькі радасці прыносіла нам Дзвіна! Велічнай і шырокай здавалася яна мне. Тут праходзілі лепшыя часіны нашага дзяцінства. Рака жыла напружаным жыццём, ішлі параходы, плылі ганкі (мясцовая назва плытоў), буксіры цягнулі баржы з рознымі грузамі. Часам пад вясёлую музыку паважна праплываў пасажырскі прыгажун, і ў ім было шмат бесклапотнага, радаснага народу. Параход узнімаў хвалі. На іх весела гайдаліся на байдарках старэйшыя хлапчукі. Мы ж кідаліся з берагоў у прыемную ваду, каб пагойсацца на хвалях, падурэць у дзіцячай бесклапотнасці і радасці (Успаміны с. 35–36).


Ці не тут, на ўлонні вялікай ракі, зараджалася ў душы хлапчука цяга да воднай прасторы, якая прадвызначыла жыццёвы шлях паэта і марскога воўка Барыса Кастаненкі? І ці не лёс гэта, што свой жыццёвы шлях ён закончыў у вусце гэтай роднай ракі? (Памёр Барыс у раёне Рыгі, які называецца Вусць-Дзвінск).
Ганчарны завулак, Віцебск, Дзвіна былі, можна сказаць, першым адпраўным пунктам ў нібы доўгім і разам з тым кароткім жыцці літаратара-марака. “Я і паэт, я і марак”, – пісаў Барыс пра сябе.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі згарэў дом і ўвесь небагаты пабытак, каб неяк выжыць і перачакаць ліхалецце, Кастаненкі выбраліся на малую радзіму бацькоў – у лясную вёсачку Корасць. Абразкі перажытага ў вайну яскрава паўстаюць са старонак Барысавых “Успамінаў”.
Апошняй станцыяй свайго юнацтва Барыс Кастаненка называе Смаргонь, гарадок непадалёк ад Віліі, які часта ўспамінаецца ў вершах, аркушах, мемуарах.
Па выгнанні гітлераўцаў сям’я Кастаненкаў з апусташонай, здрантаванай акупантамі Віцебшчыны рушыла ў Заходнюю Беларусь, на новае мейсца працы бацькі. У Смаргоні ён закончыў сярэднюю школу. Апошняя станцыя юнацтва была для Барыса вельмі важным этапам яго духоўнага фарміравання, маладога ўзмужнення.


/images/0000/0116/_Image57.jpgРана адчуты хлопцам смак мастацкага слова, захапленне літаратурай, перад усім паэзіяй (пад уплывам сваёй маці Анны Якімаўны, якая працавала настаўніцай у пачатковых класах), набылі ў Смаргонях рэальныя формы. Старшакласнікі Лёня Сосна, Міхась Царык, Антон Субач, Жора Янчуковіч, Арсень Ліс арганізаваліся ў літаратурны гурток. Паседжанні праводзілі ў цокальным памяшканні пры бібліятэцы, або на кватэры ў Ігара Фёдаравіча, на вуліцы Крэўскай. Барыс Кастаненка стаў неўзабаве лідэрам гэтай нефармальнай групы. Хлопцы выдавалі рукапісны часопіс “Родны край”, пазней, па ініцыятыве Барыса, перайменаваны ў “Росквіт”. Гэта была звычайная юначая спроба пяра, але шчырая, гарачая, з чытаннем уласных твораў і спрэчкамі, пераважна літаратурнага характару. Быў выезд у Маладзечна, дзе пры абласной газеце існавала сталае літаратурнае аб’яднанне, кіраванае выкладчыкам літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, пазней вядомым беларускім гісторыкам і мысляром Міколам Ермаловічам. Вершы і апавяданні смаргонскіх літаратараў аналізаваліся Мікалаем Іванавічам, спецыялістам-філолагам па законах літаратуразнаўства, ўважліва і зычліва. Падборка вершаў Барыса Кастаненкі была надрукавана ў абласной перыёдыцы і гэта, вядома, акрыляла маладога паэта, годам пазней ён стаў удзельнікам ІІІ з’езду маладых паэтаў Беларусі, аб якім ён вельмі цёпла напісаў у сваім штодзённіку. Яго кансультаваў сам П. Броўка. У Смаргонях Барыс спасцігаў і такія фундаментальныя праявы жыцця, як сяброўства, каханне, вернасць. Там ён выбраў і спадарожніцу ўсяго будучага свайго жыцця, жонку, маці яго дзяцей, спадарыню Карыну.
Але напачатку быў выбар будучай прафесіі. Вырашаны дома на роднай зямлі, ён рэалізаваўся ў светлым вялікім горадзе над Нявой.

/images/0000/0118/_Image13.jpg

Летам 1951 г. дзевятнаццацігадовы Барыс становіцца курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча імя Дзяржынскага. “Пад залатым шпілем Адміралцейства” – так называецца адзін з раздзелаў яго штодзённіка. У вольную хвіліну, якіх было няшмат, клікала літаратурнае слова, малады марак адчуваў яго ва ўласнай душы. І чулася ў ім крыху пафасная яшчэ клятва ў любові да мора, яго нязведаннай прасторы:
Ты прада мною ціхае, жывое,
Ды толькі больш люблю шум грозны твой.
Я сам даўно не ведаю спакою,
І не патрэбны нейкі мне спакой!
Я далячынню велічнай, прыгожай
Увесь захоплены. Яна ў вачах стаіць.
У моры я паэзію знаходжу,
У паэзіі мне мора не забыць!


У вершах – лістах да сяброў паэта-марака гучыць паўтараючыйся матыў прызнання ў любові роднай зямлі, узгадваюцца росныя сцэнкі юнацтва над Віллею, устае абагульнёны вобраз Беларусі.
Лёс марскі на шлях багаты…
Колькі ўспенена хваль вінтамі.
Ды пад спёчным далёкім небам
Мроіў я тваімі барамі…

Пад вершамі – год напісання, назвы гарадоў, дзе ўзніклі, склаліся ў радкі ўзрушаныя словы… Вось адзін, з горада Ліепая, азначаны 1957 годам. Вылучаецца элегічным тонам. Спецыфіка жыцця афіцэра-падводніка ў тым, што яно праходзіць ў аснове сваёй далёка ад дому, ад сям’і. І вось Барысаў верш – зварот да любімай каханай:
Зноў латышскія сосны гудуць нада мной/images/0000/0120/_Image12a.jpg
Коціць пенныя хвалі вясёлы прыбой…
І на поўдзень бялюткія хмаркі плывуць.
Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?
Я б на рукі цябе, як пушынку, узняў,
Над усім хараством гэтым цудным узняў,
Тваё б сэрца напоўніў сваім пачуццём,
І красу, і бязмежжа жыцця б паказаў.
Над табою б латышскія сосны гулі,
Белы ветразь убачыла б ты ўдалі,
І марскія ласкавыя ветры табе
Свае дзіўныя песні здалёк прыняслі б…
Ты б пачула, чым Балтыкі сэрца жыве,
Ты б пазнала, што Райніса дайна пяе.
Пакахала б ты сосен край, хваль і вятроў,
Зразумела б ты цёплыя словы мае.
Толькі ты так далёка… Шугае прыбой.
І латышскія сосны гудуць нада мной.
На ўзбярэжжы стаю з сваёй думкай адзін.
Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?..

Жыццё сведчыць, што раздвайвацца паміж літаратурай і службай інжынера на сучаснай субмарыне не проста, калі ўвогуле такое можна.
Прыехаўшы ў адпачынак і пабачыўшыся ў Белдзяржуніверсітэце з сябрам, які вучыўся на філфаку, адзначыў для сябе ў дзённіку:
“…З глыбокім болем адчуў, што адлегласцю і ўмовамі жыцця мы вельмі адарваны адзін ад другога… Я, вядома, пазайздросціў Арсеню: кожны дзень ён жыве на роднай зямлі, чуе родную мову, вучыць тое, што неабходна для літаратурнай творчасці, жыве з хлопцамі, для якіх літаратура – самае галоўнае. Мне ж ўсё даводзілася здабываць урыўкамі, ва ўмовах жорсткай абмежаванасці…”
І пазней у адным з вершаў пра гэта напіша:
Я значнага яшчэ не напісаў…
Заняткам іншым час свой аддаваў.
Другія хлопцы ладней пішуць вершы,
І мне не быць у іх кагорце першым.

Тым часам час, сілы ўладна забірала служба падводніка. З паходаў вяртаўся, выціснутым, як лімон. Барыс быў чалавекам годнасці і абавязку. Перадусім – абавязку баявога афіцэра-падводніка.
Вышаўшы на пенсію, Барыс, нарэшце, плануе ажыццявіць яшчэ адну мару. Яна-такі, праз гады заставалася запаветнай. Аддаўшы больш 30 гадоў марской службе, капітан трэцяга рангу Барыс Кастаненка сходзіў на бераг, яшчэ поўны жыццёвых сіл і розных планаў, а перш-наперш творчых. Наперадзе яшчэ былі, здавалася, незлічоныя кіламетры дарог. Кінуўся ў блізкі родны свет – па Беларусі. Напісаў нарысы, у тым ліку “Браслаўскія азёры”, “Горад на Дзвіне”. Затым – ў Закарпацце. У наступнае лета разам з Карынай адкрывалі для сябе Сярэднюю Азію: Ташкент, Бухара, Самарканд. Барыс быў ашаломлены незвычайнасцю, каларытнасцю Усходу. Але больш за ўсё уразіла мудрая, філасафічная, жыццёвая, праўдзівая паэзія народаў сярэдняазіяцкіх рэспублік. Два гады запар Барыс ездзіў, ужо адзін, у Таджыкістан, Туркменію, Казахстан, Узбекістан, каб услухацца ў мудрую і высокую паэзію Усходу, спеўныя галасы самой зямлі яго. Вяртаўся з кніжкамі, слоўнікамі. Засеў за пераклады, і, о радасць: мудраспеўная паэзія Усходу арганічна загаварыла з ім па-беларуску:
Я неба кветнікам назваў,
Зор карнавал я ўслаўляў.
Пачуў: напышлівасці многа.
Спяваў сустрэчы, боль разлук.
Каханне, слодыч яго мук.
Пачуў: няма маралі строгай,
Багата прысвяціў радкоў
Вясне, рамантыцы шляхоў.
Пачуў: у іх няма нічога.
Сваю душу перагартаў,
Аб сваім лёсе заспяваў.
Пачуў: ён сэрцам чуе Бога.

У сучасных паэтаў Усходу, таджыцкіх, узбецкіх і уйгурскіх, знаходзіў шмат таго, што непакоіла, жыло ў самім перакладчыку, рацэ жыцця, якая ім перадольвалася. Як хоць бы гэта споведзь-медытацыя Амана Мухтарава:

/images/0000/0122/_Image9a.jpg

Я на рацэ ўважлівы такі:
Стаяць на правым беразе ракі
Старыя – прадзед мой, бабуля, дзед,
Даўно пакінуўшыя гэты свет.
І не палохаюцца бур ліхіх.
Як я жыву? – адно пытанне ў іх.
На левым беразе ракі стаяць
Мае нашчадкі. Уважліва глядзяць
Сыны, ўнукі, што ідуць ў жыццё,
Каб месца ў ім яшчэ знайсці сваё
І ў ім пакінуць шмат слядоў сваіх.
Як я жыву? – Адно пытанне ў іх.
Яго я часта задаю сабе.
Маё жыццё – рака ў барацьбе,
Пакуль яно імкне ў берагах,
Плыву па ёй, перамагаю жах.
Як я жыву? Плыву ці ўперад я?
І занясе куды рака мая?
Вось бачу бераг правы я, круты.
Яшчэ рывок – і траплю я туды.
Мінуўшчына спакою не дае.
Цячэ рака, цякуць гады мае.
Вось бераг левы – да яго рух мой,
Святло і цемру рэжу я рукой.
Між будучым і днём ужо былым
Так і жыву ў часе я сваім.

Як старое віно, дзіўным водарам, тонкай мудрай рамантыкай п’яніў Алішэр Наваі: “Ах, птушка майго сэрца ўзляцела, – здалася зернеткам радзімка ёй твая. Ляцела да цябе, ды трапіла ў пастку тваіх прыгожых кос, а з ёй загінуў я…” Алі Абу Ібн Сіна (Авіцэнна), Амар Хаям… – перакладзена было нямала. Можна было падумаць аб беларускамоўнай анталогіі ўсходняй паэзіі.
Чакана-нечакана напісалася свая “Усходняя паэма” па-руску, каб можна было звярнуцца да ўсходніх сяброў і быць пачутым і зразумелым імі.
Улысны верш Барыса Кастаненкі мацнеў творчым досведам пераствораных на беларускую мову ўсходніх паэтаў.
Слов значимость учусь я ощущать,/images/0000/0124/_Image17a.jpg
Чтоб радугу цветов в них различать,
В единый сплав мысль с чувством
совмещать,
Сплетая в кружева простую нить.
Моя судьба моих творенье рук
И зависти к удачным в жизни нет.
Я разорвал привычный серый круг,
Во мне и увяданье и расцвет.
Во мне единство – радость, боль моя.
В душе противоречий до краев.
Я – быстрый ветер, и изменчив я,
Объять и ощутить я все готов.
Вот тишина и вдруг – весенний гром,
Снег падает, а вот звенит капель.
Я – все созвучья, что звенят кругом.
Я – глубина. Но вдруг я только мель


Па-руску пісаў Барыс і раней, але лічыў, што поўнавартасна можна высказацца толькі на роднай мове. Але паддавалася і рускае слова. Барыс афармляе свае рускамоўныя вершы ў машынапісны зборнік “Брызги волн морских и времени”. Ён з болем пісаў:
“Праехаў я мой край ва ўсе бакі,
І на душы зрабілася так горка,
Бо лічаць нават нашы землякі
Купалы мову брыдкаю гаворкай”.

Архіў, яго рукапісы, што цяпер, пасля 6 мая 1999 г., калі ён адышоў ад нас навекі, называюцца літаратурнай спадчынай, накіды апошніх гадоў навочна сведчаць, што Барыса трывожыў лёс Беларусі: “Беларусь, не шануеш сваіх ты дзяцей. Іх бяздумна па беламу свету кідаеш. Плён іх працы, і думак, і светлых ідэй у скарбніцу народа свайго не збіраеш”. Далей назваў імёны Д. Шастаковіча, Яраслава Смелякова. Спрабаваў дапісаць раней пачатую паэму “Спадчына”, у якой абагульнена шырока хацеў глянуць на шляхі свайго народа, рупіўся над “Успамінамі”, якія абяцалі стаць сапраўднаю аповесцю жыцця. Міжволі думалася аб тым, што пакінеш па сабе. Часам чарнавата-іранічна:
“Памёр чалавек… Што ад яго засталося?
Жменя медалеў і зусім нецікавых папер”…
Паглядзець на сябе іранічна – удзел моцных натур. Часам аўтаіронія была бліжэй да праўды, чым у ранейшых змрачнавата неаб’ектыўных радках:
Каб ты не піў і не смаліў,
Сто год пражыў бы на зямлі.
У табе такі жыцця запас,
Што падуладны табе час.
Я грэшны: чарку паважаў
І цыгарэты не кідаў.

Непадуладнасць бегу часу аказалася падманлівай. А так трэба было яшчэ некалькі год, каб завяршыць літаратурныя планы і, можа ў першую чаргу, аповесць жыцця, пазначаная ў адным з рукапісных артыкулаў як “Выток і плынь”.
У прозе, як і ў жыцці навогул, Барыс Кастаненка заставаўся паэтам. З сумам думаецца: Барыс мог яшчэ, павінен быць з намі, сваім натхнёным мудрым словам сцвярджаць жыццё, яго хараство і неўміручасць.

Арсень Ліс.

Барыс Кастаненка. Выбранае.


Рыга ведае гэтае найвялікшае свята беларусаў – Дзень 25 сакавіка. Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” адзначае яго з самага пачатку свайго існавання. І за дваццаць гадоў дзейнасці таварыства ніколі не парушыла традыцыю. Вось і сёлета зноў у чарговы раз “Сьвітанак” запрасіў рыжан на галоўнае беларускае свята.


25 сакавіка гаспадарамі будынка Асацыяцыі нацыяльна-культурных таварыстваў Латвіі сталі беларусы. Асацыяцыя гасцінна расчыніла свае дзверы перад удзельнікамі беларускай імпрэзы, і іх сабралася поўная Вялікая зала, негледзячы на працоўны дзень.

Твары слынных дзяцей зямлі беларускай Кастуся Езавітава і Ларысы Геніюш, якія паглядалі з палотнаў беларускіх мастакоў – вось хто першымі вітаў гасцей беларускага свята. Гэта свой падарунак да юбілею падрыхтавалі беларускія мастакі, сябры творчай суполкі “Маю гонар”. Яны зладзілі выставу, прысвечаную 90-м угодкам абвяшчэння БНР.

У выставе прынялі ўдзел даўнія сябры латвійскай суполкі “Маю гонар” Вячка Целеш, Васіль Малышчыц, Ганна Пейпіня ды Алена Лаурыновіч, а таксама новае папаўненне суполкі – гэта мастачка і мастацтвазнаўца Аліна Літвіненка ды Ірына Трумпель. Дарэчы, Ірыну ды Вячку ў снежні 2007 года прынялі ў Саюз Мастакоў Латвіі. Акрамя прац мастакоў латвійскай суполкі на выставе экспануюцца карціны сябраў эстонскай суполкі “Маю гонар” – пастэльны нацюрморт з васількамі “Прысвячэнне Васілю Быкаву” намесніка старшыні аб”яднання “Маю гонар” Маргарыты Астраумавай ды каларытныя жывапісныя працы Генадзя Курленкова

Першыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, чые прозвішчы навекі застануцца ў нашай памяці. У гэтай кагорце і прозвішча Кастуся Езавітава, змагара беларускага нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, слыннага асветніка, лёс якога назаўсёды звязаны і з Беларуссю і з Латвіяй.
.
Адзін з удзельнікаў абвяшчэння БНР, народны сакратар ваенных спраў у складзе першага нацыянальнага ўрада Беларусі Кастусь Езавітаў у 1919-1920 гг. служыў шэфам беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. Тое, што прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку і Фінляндыя, першымі прызналі БНР – яго нясумненная заслуга, уганараваная пазней званнем генерала-маёра. Пасля змушанага адыходу ад палітыкі Езавітаў прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў вялікую 23-гадовую культурна- асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў Латвіі. Ён абудзіў дзесяткі талентаў, паклікаўшы на “светлы след” нацыянальнага самавыяўлення тысячы людзей.

І сёння, праз гады, Кастусь Езавітаў і яго паплечнікі разам з намі, тут, на латвійскай зямлі, святкавалі найвялікшае беларускае свята. І вельмі важна было ўсведамляць, што гэту векапомную дату беларусы святкуюць ва ўсім свеце. Прывітальныя віншаванні ўдзельнікам свята зачытаў старшыня Аб ‘яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”, кавалер ордэна трох Зорак Латвіі, адзін з заснавальнікаў таварыства “Сьвітанак” Вячка Целеш. Ён агучыў і пасланне Івонкі Сурвіллы, нагадаў аб гістарычных паралелях паміж Днём незалежнасці, які Латвія адзначае 18 лістапада, і Днём Акту 25 сакавіка.


А яшчэ гэты сакавіцкі вечар стаў падставай павіншаваць з юбілеямі Натальлю Камілеўскую – чалавека, без якога цяжка ўявіць кожную нашую імпрэзу. Гэта магчымасць сказаць цёплыя словы падзякі ў адрас 80-гадовай юбіляркі, доктара гістарычных навук, старшыні латвійскага адзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў прафесара Ілгі Апінэ. Гэта магчымасць паслухаць маладую таленавітую спявачку Людмілу Ігнатаву, беларуску, якая нарадзілася і вырасла на латвійскай зямлі, і сваімі выступленнямі далучае суродзічаў і да спрадвечных каштоўнасцяў нашага народа, і да музычных шэдэўраў еўрапейскай культуры.

Гэта і нагода пагаварыць аб тым, якімі справамі будзе адзначаць свой юбілей таварыства “Сьвітанак”, 27 лістапада бягучага года яму споўніцца дваццаць гадоў. Дарэчы, шмат хто з гасцей свята вяртаўся дамоў не з пустымі рукамі, а са свежымі нумарамі газеты “Ніва”. Тыднёвік беларусаў Польшчы дасылаецца ў наша таварыства не першы год. І гэта таксама традыцыя – “Ніва” разам з намі на ўсіх нашых святах.

Негледзячы на сумныя гістарычныя рэаліі, светлай і жыццясцвярджальнай атрымалася гэта імпрэза. Гэта светлая ўзнёсласць – ад фарбаў нашых мастакоў, ад кранаючых сэрца гукаў беларускіх спеваў, ад нашай еднасці. Яна – ў нашых сэрцах і пачуццях, у подыху вясны, у твары святой Ефрасінні Полацкай, заступніцы зямлі беларускай – гэтая праца, створаная мастаком Васілём Малышчыцам асяняла і нашую вечарыну, і выставу аб’яднання “Маю гонар”, якая будзе доўжыцца яшчэ і ўвесь красавік.

Таццяна Касуха

Дачакаліся. Нарэшце і ў латвійскіх беларусаў зявіўся свой паэт-песеннік. А сведчаннем таго, што наш зямляк з Даўгаўпілсу Станіслаў Валодзька называецца ім па-праву, стаў яго аўтарскі кампакт-дыск 

Зразумела, што прэзентацыя альбома адбывалася ў Даўгаўпілсу, горадзе, дзе жыве і працуе Станіслаў. Калі мяркаваць па водгуках, імпрэза атрымалася цудоўная. Віншавалі Станіслава і даўгаўпілскія музыкі і выканаўцы песень, і госці з Рыгі і Краславы. Прыхільнікі творчасці даўгаўпілскага паэта прыехалі нават з Літвы і Беларусі.Прэзентацыя вылілася ў грандыёзны трохгадзінны канцэрт, аб чым распавядалася і па радыё і ў друку. 

Добра знаёмыя песні на словы Станіслава Валодзькі і слухачам нашай праграмы. Яны гучаць у нашай радыёперадачы ўжо не першы год. З задавальненнем уключаюць яго творы ў свой рэпертуар і нашы самадзейныя артысты. Спявае гэтыя песні і калектыў “Вавёрачка “ Рыжскай беларускай асноўнай школы, і ліепайская “Паўлінка” і спявак Павел Прозар з ансамбля “Купалінка”.

 Першую песню Станіслаў Валодзька напісаў дзесьці гадоў дзесяць таму, у супрацоўніцтве з каіпазітарам Генрыхам Галіцкім. Потым плённа супрацоўнічаў з Мікалаем Яцковым, Аляксандрам Рудзем, Дзмітрыем Паддубнавым. Так пакрысе, за годам год і  збіраліся песні, каб потым сабрацца разам, у адзін дыск.І цяпер мы з задавальненнем знаёмім нашу радыёаудыторыю з песнямі беларускага кампазітара з яго новага дыска. Тым больш, што слухачам яны даспадобы. 

 Сярод сталых – папулярная песня “Ветэраны”, якую Станіслаў напісаў да 60-годдзя вызвалення Даўгаўпілсу і Беларусі. Яе пранікнённа выконвае Сяргей Піменаў, выкладчык музычнага каледжу ў Даўгапілсе. Кранае сэрца трыо “Ластаўкі” беларускага таварыства “Уздым”, якое выконвае песню “Ластаўкі” – гэта дзве настаўніцы музыкі Таццяна Піменава і Наталля Зубкова, і выхавальніца дзіцячага садка Інга Ціршэ-Галлеррэ.

Моладзі вельмі падабаецца перакладзеная Станіславам  “Песня пра шчасце” – яна гучыць на латышскай і беларускай мовах у выкананні вядомых латвійскіх спевакоў Томаса Кліма, Іво Фомінса і беларускай спявачкі Аляксандры. 

Асабіста мяне кранаюць “Зязюля” і “Калыханка для мамы” :

 Дарэчы, песенны дыяпазон гэтага дыска – вельмі шырокі. Ад бардаўскіх песень  – да рамансаў і калыханак. Уключаны ў яго і некалькі твораў на рускай мове.  Сам Станіслаў  тлумачыць гэта так: “Песні  падбіраліся такім чынам, каб рэпертуар быў разнастайным і тэматычна, і ў жанравых адносінах.”  

Наколькі ўдала такое   рознапланавае спалучэнне мяркаваць, вядома, слухачам. Са свайго боку адзначу, што ва ўсялякім разе гэты кампакт-дыск дае магчымасць пазнаёміцца з усёй творчай палітрай паэта-песенніка Станіслава Валодзькі. Гэта па-першае. Па-другое, дае надзею на тое, што ў будучым з’явяцца і новыя песні і новыя дыскі нашага земляка, даўгаўпілскага паэта Станіслава Валодзькі . Нездарма ж назва першынца – “Верю в свою звезду” . Тым больш, што творчыя задумы ў Станіслава Валодзькі вялікія. 

Таццяна Касуха

23 студзеня 2009, 19:36


З цікавасцю назіраю за творчасцю нашых беларускіх мастакоў-рыжан. Не так лёгка ў латвійскай сталіцы, якая заўсёды (і не без падставы) славілася колькасцю мастакоў на душу насельніцтва, “зрабіць імя”. Асабліва, “нетутэйшым”, тым больш – жанчынам.

Маё шчырае захапленне – зямлячцы Ганне Пэйпіні! Мастачцы, якая прафесійна ўзялася за пэндзаль ужо ў сталым узросце, (яе першая персанальная выстава ў Даўгапілсе адбылася, калі Ганне было ўжо за сорак). І за гэты час час Пэйпіня здолела вельмі гучна заявіць аб сабе. А заадно паспела выклікаць сапраўдныя дэбаты ў мастацкім асяроддзі – факт сам па сабе паказальны – наконт стылю сваіх карцін, вызначэння плыні, у якой яна працуе.
Пакуль адны сцвярджаюць, што гэта – дадаізм, другія перакананы, што Ганна – кубістка, журналісты далі творчасці нашай зямлячцы сваё вызначэнне.
“Мастачка радасці” , – так пішуць пра нашу зямлячку латвійскія журналісты. Нішу, якую Ганна заняла ў латвійскаім жывапісу – а яна яе такі заняла! – неафіцыйна называюць “радаснай”, таму што, цытую: “работы Пэйпіні нясуць моцны энергетычны зарад”.

Першае ўражанне. Цябе асляпляе колер. Аранжавы? Залаты ? Сонечны?
Ён прысутнічае ледзь не на кожнам малюнку, і, здаецца, менавіта гэты колер напаўняе залю святлом.
Уражанне другое. Колер вылучае ці аддае цяплыню. На душы робіцца ўтульней.
Уражанне трэццяе. З кожнага малюнку на цябе глядзяць геаметрычныя фігуры. Ці не за шмат? Цікава: а дзе тут сюжэт? І колькі ж на такі малюнак можна глядзець?
– Спадзяюся, бясконца, – адказвае мне аўтар гэтага мора свету, цеплыні і геаметрыі мастачка Ганна Пэйпіня.
– Давайце правядзем эксперымент. Паспрабуйце сканцантравацца і затрымаць позірк на нейкай уяўнай кропцы паміж дзвумя фігурамі. Што вы заўважаеце?

Эксперыменты я люблю. Але не разумею, што яшчэ я магу ўбачыць іншага апрача квадрата, ромба, трохкутніка. Але куды падзецца, і я ўтрапляюся ў карціну. Што і трэба было даказаць: квадрат, ромб, трохкутнік. І раптам…фігуры пашыраюцца, мяняюцца, рухаюцца….
Праціраю вочы і не разумею: ці працягваць эксперымент ці лепш запытацца ў самой Ганны:
– Аптычны падман? Падалося?
– Не толькі вам адной, – задаволена ўсміхаецца Ганна.
Гэта інтрыгуе і прымушае зноў вярнуцца да карціны. Прыглядаюся. Малюнак цяпер падаецца мне зусім іншым… А калі зайсці з іншага боку, а калі зноў паспрабаваць разглядзець яго, а калі….
Здаецца, я пачынаю разумець, чаму гэтая выстава носіць назву “Прастора”. А напярэдадні эксперыменту я толькі наважылася запытацца ў Ганны: Чаму такая назва, якое дачынне маюць да прасторы жоўтыя квадраты, чырвоныя ромбы? І, увогуле, можа яна свае карціны чарціла, а не малявала!?”.
– Прастора, яна – такая розная, – разважае мастачка, – і мяне цікавіць прастора, як духоўная катэгорыя. У сярэдзіне кожнага з нас існуе, жыве свая Прастора: меньшая ці большая. Ад чаго залежыць? Ад душы. Ад таго, што і як тая ўспрыймае. Што прымае, а чаго цураецца. Адна і тая ж рэч, падзея. Для кагосьці – так, мізэр. А для другога…
У кожнага свой позірк на гэты свет, сваё ўспрыманне і адчуванне жыцця, свая прастора, якая належыць толькі яму і ў якой жыве толькі ён. І я хачу зразумець, спасцігнуць яе і перадаць свае выяўленне з дапамогай фарбаў. А што тычыцца формы, то гэта, па сутнасці, справа другарадная.
Вазьміце іконы. Напэўна, заўважалі, які моцны пасыл ідзе ад іх, якая “радость бытия”, і форма тут не мае прынцыповай ролі, а вось стан – мае.
– А колер ? Колер вашых карцін называюць жыццясцвярджальным, можа ў тым і сакрэт, што ў вашай палітры – толькі сакавітыя, яркія фарбы?
– Памыляецца той, хто лічыць, што колеры бываюць жыццёвыя і безжыццёвыя.
Па сутнасці, нават чорна-белая графіка можа быць радаснай. Значыць, справа зусім не ў колеры, а ў унутраннай духоўнасці прасторы. Вось гэта я і спасцігаю, ці дакладней, спрабую спасцігнуць.

Мастачка Ганна Пэйпіня вось ужо амаль трыццаць гадоў жыве ў Латвіі. Першыя сур’ёзныя крокі ў вялікі свет мастацтва дзяўчына зрабіла, калі паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, знакамітую мастацкую установу. Навучалася ў эксперыментальнай групе, дзе будучыя мастакі спецыялізаваліся ў такой галіне выяўленчага мастацтва, як роспіс.
Да пераезду ў Рыгу доўгі час жыла ў Краславе, на першым плане быў не жывапіс, была сям’я, Ганна – маці трох цудоўных дзетак.
Захапленне сучасным жывапісам, творчыя пошукі ўласнага “я” прыйшлі да яе значнай пазней. Як і разуменне таго, наколькі складаны хлеб мастака.
Аб яе прафесійных поспехах і росце можна меркаваць па тых шматлікіх выставах, у якіх Ганна Пейпіня бярэ ўдзел.
Двойчы яна разам з латвійскімі мастакамі прадстаўляла мастацтва Латвіі ў сябе на радзіме, у Беларусі, выстаўлялася у Віцебскім музеі Марка Шагала. Ганна – пастаянная ўдзельніца выстаў Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябрам якога яна з’яўляецца. Толькі гэтай вясной у яе адбылося ўжо некалькі выстаў.
Першая, сумесная, “Душы чароўныя парывы”- ладзілася ў прадстаўнічым месцы, Доме Масквы. Рыжанам добра знаёмы гэты культурны цэнтр і выстава ў ім – падзея знакавая. На выставе экспанаваліся працы трох жанчын – скульптара Вікторыі Пэльшэ і мастачак Валерыі Шувалавай і Ганны Пэйпіні. Гэта своеасаблівая спроба паказаць жаночы шлях, адлюстраваць жаночы пошук у мастацтве. А ў тым, што ў жанчын-мастакоў ён свой, адметны, Ганна не сумняваецца. І адметнасць гэтая ў першую чаргу заключаецца ў светапоглядзе, у тым, што жанчына пазнае і ўспрымае свет праз любоў. Не блытаць з каханнем, хоць, як гаворыцца, і яму тут ёсць месца.
Потым быў Ганнін вернісаж у галярэі “Нэлія”.

Асобная тэма – персанальная выстава Ганны ў Парыжы, у галерэі Наталі Болдэрэвв Saint-Honore. (Цікавая акалічнасць – галерэя знаходзіцца побач з Луўрам). Тры гады таму знаёмы мастак, калі збіраўся ў Францыю, прыхапіў у паездку здымкі некалькіх Ганніных карцін: а раптам зацікавяцца. Аказалася, не раптам, а зацікавіліся, і Ганна атрымала ад мадам Наталі запрашэнне ў Парыж. А неўзабаве ў галерэі адчынілася яе персанальная выстава. Некалькі работ латвійскай мастачкі Ганны Пэйпіні знаходзяцца ў галерэі і ў сённяшні час.

Паездка ў Парыж стала для Ганны і праверкай сіл і творчым экзаменам. З аднаго боку. І прызнаннем – з другога. Прызнанне – для мастака рэч не другарадная, хутчэй наадварот. Менавіта яно дае творчы імпульс і прагу да пошуку. Як лічыць Ганна, яе творчы пошук толькі пачынаецца. І куды ён можа яе прывесці, можна толькі здагадвацца… У Прагу ці Вільню. Мінск ці Варшаву.
А можа ў Лондан – адзін медыцынскі цэнтр зацікавіўся яе творчасцю і прапанаваў змясціць яе карціны ў свой кабінет рэлаксацыі. Англічане лічаць, што вобразы, створаныя Ганнай, могуць дапамагчы вярнуць людзям страчаную душэўную раўнавагу. Больш таго, яны прапанавалі адну з работ зрабіць эмблемай арганізацыі. Яшчэ адна з Ганніных карцін нядаўна адправілася ў Санкт-Петэрбург, у цэнтр вядомага доктара і псіхолага, спецыяліста па арт-тэрапіі Віталя Багдановіча.

А пакуль яе карціны падарожнічаюць, аматары і знаўцы мастацтва дыскутуюць, Ганна працуе. Нядаўна яна пабывала ў Лімбажы – па запрашэнню супрацоўнікаў музея гэтага гарадка ў маі Ганна Пэйпіня брала ўдзел у сумеснай выставе мастакоў аб’яднання “Маю гонар”. А зараз – чарговы, ужо летні, вернісаж у Доме Масквы.
Не сумнявайцеся: Ганніны выставы варта наведваць. Ну хоць дзеля таго, каб даведацца, што новага адчыніла для сябе і ў сабе Ганна, і што ў яе творчасці адчыніцца для нас. І дзеля таго, каб лішні раз пераканацца: ад яе яркіх сакавітых фарбаў на душы становіцца ясней.
” Радасць – гэта норма жыцця. Чым больш радасці ў жыцці, чым радасней людзі – тым яны чалавечней.”
…Я прыгадваю гэтыя словы мастачкі, і лаўлю сябе на жаданні яшчэ раз вярнуцца да яе карцін і паспрабаваць спасцігнуць Ганніну прастору… А калі пашанцуе – зразумець і сваю.

Таццяна Касуха

Упершыню Венспілс святкаваў Купалле тры гады назад, падчас Дзён беларускай культуры, якія ладзіла мясцовая беларуская суполка “Спадчына”. У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе выліліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі, Эстоніі прыехалі ў горад на узбярэжжы Балтыкі на цяпер ужо традыцыйныя Дні беларускай культуры ў Вентспілсе. Сёлета свята прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вентспілс – горад курортны, канцэртамі яго жыхароў цяжка здзівіць, імпрэзамі асабліва не ўразіць. Тут праходзяць нацыянальны фінал конкурса удзельнікаў “Еўрабачання”, парад латвійскага шлягера, сотні турыстаў , і не толькі з Латвіі, з’язджаюцца ў горад, каб адзначыць дні Вентспілса ці свята мора. Але арганізатары Дзён беларускай культуры зрабілі ўсё, каб гэта мерапрыемства стала сапраўды падзеяй для жыхароў і гасцей горада, каб да беларускай культуры дачыніліся не толькі мясцовыя беларусы, але і жыхары гэтага шматнацыянальнага горада, турысты з розных куткоў свету.

Тры дні на вуліцах і плошчах Венспілса, у яго парках гучала беларуская мова і музыка. А горад расквеціўся беларускімі нацыянальнымі строямі.

Праграма фестывалю была надзіва разнастайнай – гэта і выстава народных промыслаў, і канцэрты, і літаратурныя чытанні, падчас якіх адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка “А водар радзімы ўсё кліча і кліча”, кнігі вершаў беларускіх аўтараў, якую выдаў Саюз беларусаў Латвіі.

Разам са сталымі паэтамі, такімі як даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, вершы чытала моладзь. Для многіх стау адкрыццём той факт, што ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце ўжо дзесяць гадоў студэнты вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Ёсць спадзяванне, што колькасць студэнтаў з кожным годам будзе павялічвацца. Ва ўсялякім разе выкладчыца беларускай мовы універсітэта Таццяна Бучэль ускладае на гэта надзею. Даўгаўпілскія студэнты зрабілі свой падарунак святу – славуты верш “А хто там ідзе” прагучаў у іх выкананні на дзесяці мовах.

Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў святочны канцэрт на Ратушнай плошчы.Творчыя калектывы змянялі адзін другога. На дні беларускай культуры прыехалі беларускія калектывы не толькі з Латвіі – разам з гаспадарамі свята гуртам “Журавінка” спявала “Надзея” з Рыгі, – але і з суседняй Эстоніі. Эстонскіх беларусаў прадстаўляў гурт Беларускага-Эстонскага Згуртавання “БЭЗ” з Кохтла-Ярве . Але самымі чаканымі на свяце, вядома, былі госці з Беларусі. Магчыма, у першы раз горад на ўзбярэжжы Балтыкі пачуў, як на яго вуліцах гучаць беларускія цымбалы, ды не адны, а цэлае сугучча. Сапраўдным падарункам стала выступленне на свяце аркестра беларускіх музычных інструментаў “Ліра” з Мінска.

Дні беларускай культуры ў Венспілсе праводзяцца на прыканцы чэрвеня. І гэта не выпадкова. Ліга – так латышы называюць свята сонцастаяння, – адно з самых любімых у Латвіі. Дарэчы, яно з’яўляецца дзяржаўным святам, адзначаецца 23-24 чэрвеня. Славянскае Купалле святкуецца пазней. “Ад Ліга да Купалля” – такі дэвіз беларускіх дзен культуры.

Вентспілчане і госці маглі пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Купалля менавіта беларусамі.А тон на Купаллі задавала “Жытніца”, самабытны беларускі калектыў з Магілёўшчыны, якая завітала ў Латвію, каб разам з землякамі адзначыць Купалле, паказаць жыхарам Курзэме, як спрадвеку спраўлялі гэта свята іх суседзі-беларусы.

У багатай скарбонцы «Жытніцы» прыпасена не адна купальская песня, а якія карагоды вадзілі кабеты з Магілёўшчыны, якое захапленне выклікалі музыкі, асабліва самы юны з іх – Арцём Ваакс!

Купальская ноч спрадвеку лічыцца самай загадкавай, самай таямнічай ноччу года. Для жыхароў і гасцей Вентспілса беларускае Купалле стала самым дабразычлівым і гасцінным святам. А дзякуючы творчым калектывам , запрошаным на Дні беларускай культуры , – і наздзвычай музычным. Наша шчырая падзяка кіраўнікам «Жытніцы» Уладзіміру і Алёне Ваакс, усяму калектыву «Жытніцы» за іх удзел у Днях беларускай культуры, за тую радасць, якую яны даставілі сваім слухачам, падзяліўшыся з імі традыцыямі і звычаямі беларускага Купалля. Беларусы Вентспілса асабліва ўдзячны «Жытніцы» за гэты кавалачак радзімы, прывезены і падараваны музыкамі з Магілеўшчыны.

І яшчэ адна аналогія. Свята не атрымалася б, калі б яго не арганізоўвалі з такою любоўю і самаадданасцю вентспілскія беларусы. Мясцовая суполка «Спадчына»не такая шматлікая, ды і сярод жыхароў Вентспілса беларусаў не такі вялікі высілак – у горадзе пражывае іх крыху больш за 2 тысячы, альбо каля 5% ад усяго насельніцтва прыморскага горада. Але іх энтузіазм і вялікае жаданне знайшлі падтрымку і ў горада, і ў грамадскіх арганізацыях, як Латвіі так і Беларусі.

Жыхары самадзейнага, вясковага калектыву з Магілёўшчыны прадэманстравалі такое майстэрства, такую адданасць беларускай культуры, якую мы даўно не бачылі. І больш яскравай прапаганды таго, як шануецца народная спадчына, чым выступленне калектыву звычайнага сельскага Дома культуры, і ўявіць цяжка. Нездарма арганізатары свята запрашаюць на наступныя Дні беларускай культуры – 2008 ў свой цудоўны горад на беразе Балтыкі і іншыя творчыя калектывы з Магілеўшчыны. “Спадчына” і Вентспілская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў будуць рады ўбачыць у сябе ў Вентспілсе на Днях беларускай культуры мастацкія калектывы не толькі з Беларусі, але беларускай дыяспары ўвогуле.

Да сустрэчы ў Вентспілсе!

Перадачу, прысвечаную Дням беларускай культуры ў Вентспілсе, слухайце ў нашай праграме на канале “Домская плошча”

Таццяна Касуха

На здымках Георга Астапковіча