СЯРГЕЙ САХАРАЎ (1880-1954) Сяргей Сахараў нарадзіўся 17 (29) жніўня 1880 г. у Полацку. Праз год яго бацькі вымушаны былі пераехаць у вёску Банонь, за 12 вёрст ад горада. Неўзабаве памірае бацька. Маці зноў вяртаецца ў Полацк, спадзяючыся там зарабіць на пражыццё. Як сірату хлапчука ўладкоўваюць на поўнае ўтрыманне ў Полацкае духоўнае вучылішча. Потым ён вучыцца ў Віцебскай духоўнай семінарыі. Тут Сяргею пашчасціла на настаўніка – ім аказаўся Дз.Даўгяла, будучы беларускі савецкі гісторык, археограф, краязнавец. Ён перадаў свайму вучню зацікаўленасць да фальклору, этнаграфіі, культуры роднага народа. З 1901 г. юнак працаваў настаўнікам у Люцынскім павеце. У  1907 – 1911 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Юр’еўскага унiверсітэта (цяпер Тартускага). Пасля заканчэння вучобы Сяргей Пятровіч настаўнічаў у Віцебску, працаваў інспектарам народных школ у Юр’еўскім павеце,  а потым узначальваў Люцынскую гімназію. Паводле мірнай дамовы СССР з Латвіяй (1920), Люцын перадалі Латвіі. С.Сахараў, заімеўшы там сям’ю, не пакінуў горада. У 1920 – 1921 гг. ён кiраваў расейскай гімназіяй. Паводле перапісу 1920 г., у Латвіі пражывала 75 650 беларусаў. Сярод іх шырыўся культурна-асветніцкі рух. Было заснавана Таварыства “Бацькаўшчына”, якое дамагалася для беларускай нацыянальнай меншасці культурнай аўтаноміі. Але з-за слабой арганізаванасці беларусы не змаглі вылучыць у Сейм сваіх дэпутатаў-абаронцаў. Тады беларуская інтэлігенцыя звярнулася да Яна Райніса з  просьбай узяць на сябе абарону правоў беларусаў. Дзякуючы Райнісу пры Міністэрстве асветы Латвіі стварылі Беларускі аддзел, і С.Сахараў узначальваў яго ў 1921-1925 гг. У мясцовасцях з беларускім насельніцтвам былі заснаваны беларускія школы, гімназіі, сталі выходзіць на беларускай мове газеты і часопісы. Культурна-засветніцкая работа сярод беларусаў, як зазначыў пазней С.Сахараў, “вялася пад духоўным кіраўніцтвам Яна Райніса ў прагрэсіўным, дэмакратычным кірунку”. Амаль восем гадоў служыў ён дырэктарам Дзвінскай беларускай гімназіі, у якой вучыліся дзеці сялян, рамеснікаў, рабочых. У 1932 г. у сувязі з паступовай ліквідацыяй гімназіі С.Сахараў быў вызвалены ад пасады дырэктара і вымушаны пайсці ў адстаўку, жыць на невялікую пенсію.. Аднак гэта дало яму магчымасць актывізаваць збіранне беларускай народнай творчасці. За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі атрымаў у 1939 г. прэмію, якую патраціў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця –зборніка  “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. Рукапісныя  другі, трэці і чацвёрты выпускі – адна з крыніц для папаўнення акадэмічнага выдання “Беларускай народнай творчасці”. Есць у літаратурнай спадчыне С.Сахарава асобныя брашуры – нарысы па гісторыі Латгальскага краю, на школьныя тэмы: “Кароткая запіска аб існаванні Люцынскай гімназіі…”, ”Гістарычны нарыс пяцігоддзя дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі…”. Надрукаваў  некалькі навукова-папулярных артыкулаў, прысвечаных старажытнаму Полацку.Адно з захапленняў С.Сахарава – складанне календароў. Да прыкладу, ён выдаў “Беларускі каляндар” на 1937 г.С.Сахараў звяртаўся да чытачоў календара:”…Але старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем забываць і сваю беларускую мову. Каді б мы нашу родную… беларускую мову закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі”. С.Сахарава не стала на 75-м годзе жыцця. Дачка яго, Ірына Вількель, якая жыве ў Рызе, перадала рукапісную спадчыну С.Сахарава ў Беларусь, тым самым выканаўшы бацькоўскі запавет. А каштоўнасць яе ў першую чаргу ў тым, што збіральнік фальклору беларусаў дасканала даследоваў мала знаны этнаграфічны абшар, сумленна і шчыра выканаў  асабісты наказ Я.Райніса: перадаць нашчадкам скарб вусна-паэтычнай творчасці  продкаў. У адной з балад сахараўскага зборніка “У зяленым садзе вятры гудзелі…” расказваецца, як “сівы конь” прывёз  на сядзельцы дадому пасечанаю кашулю паўшага ў бітве воіна. Балада зканчваецца наказам: Вазьмі гэту кашульку, вымый яе слязьмі,Высушы дыхамі, звалкуй не рукаміI складзі – слоўцамі. Менавіта з удзячных слоў і складаецца памяць пра чалавека, які невымерна многа зрабіў для вяртання нацыянальнай свядомасьці карэннаму беларускаму насельніцтву Латвіі, для ўсталявання латышска-беларускага ўзаемаразумення. 22 – 24 красавіка 1994 г. Таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” правяло ў Рызе навукова-практычную канферэнцыю “Шляхі культурна-асветніцкага адраджэння беларусаў Латвіі ў сучасны момант”, дзе быў ацэнены грамадзянскі вопыт С.Сахарава. Удзельнікі канферэнцыі, прымеркаванай да саракавых угодкаў смерці незабыўнага настаўніка і этнографа 22 красавіка наведалі Iванаўскія могілкі, каб пакланіца магіле пакутніка. Замучаны ён быў адразу пасля  вайны страшэнным пераследам усіх тых, кто ўдзельнічаў у беларускім (нацыяналістычным!) культурна-асветным руху. Адпаведныя савецкія карныя органы нават тых, хто вучыўся ў беларускіх школках ці гімназіях, адпраўлялі на 10-гадовае канцлагернае зняволенне. Хвораму, састарэламу С.Сахараву нават пасля казахстанскай высылки (1945 – 1950) не дазволілі жыць у Рызе, у сваёй сям’і.І Яшчэ сёння чакае публікацыі яго фальклорна-этнаграфічная, літаратурна-публіцыстычная спадчына. Многае ў асэнсаванні яго жыццёвага і асветніцкага подзвігу зроблена Марынай Ліс і Арсенем Лісам, асобныя запісы змешаны ў шматтомным выданні “Беларуская народная творчасць”. Да 115-годдзя з дня нараджэння С.Сахарава з ініцыятывы таварыства “Беларусь-Латвія” адбылася ў Полацку выстава “Збіральнік духоўных скарбаў”. У тым жа 1995г., ужо ў Мінску, у Доме дружбы на выставе “Яніс Райніс і Беларусь” былі  прадстаўлены дакументы, архіўныя матэрыялы, рукапісы – у “падсветку” вялізнай спадчыны С.Сахарава. Нездарма яго называлі беларускім Нестарам. Сяргей ПанізнікЗ кнігі “Крывіцкія руны”   Пра Сяргея Сахарава * * * Прыгледзеўшыся да жыцця сваіх суайчыннікаў у Латгаліі, ён переканаўся, якую багатую культурную спадчыну яны захоўваюць у сваёй душі. І пачаў запісваць песні, паданні, легенды, прыказкі, казкі. У свет народнай паэзіі і мудрасці С.Сахараў па-сапраўднаму паглыбляецца з 1925 года, калі пачынае працаваць дыректарам Дзвінскай беларускай гімназіі. Яго вучні запісваюць ад сваіх родных, аднавяскоўцаў сотні твораў народнай паэзіі. У гімназіі пад рэдакцыяй С.Сахарава выдаецца на гектографе часопіс “Школьная працца”. Фальклор на яго старонках займае пачэснае месца, асобныя нумары гэтага цікавага выдання цалкам прысвячаюцца  народнапаэтычнай творчасці. Сахараў выступае ў часопісе з артыкуламі на розныя тэмы асветнага, культурна-гістарычнага характару. Разам з тым ён, актыўны і аўтарытэтны грамадскі дзеяч – дзейсна адстойвае беларускую школу, сацыяльная інтарэсы насельніцтва Дзвінска, якое абрала яго ў гарадскую думу. На пахаванні Яна Райніса выступае ад імя ўсёй беларускай грамадскасці Латвіі, выказвае глыбокі жаль і смутак усіх, хто бачыў у паэце выдатнага мастака слова братняга народа, чалавека вялікага сэрдца, абаронцу праўды. Арсень Ліс 1980 г.

/images/0000/0130/Untitled-Scanned-05.jpg

 Паштоўка, выдадзеная таварыствам “Сьвітанак”  у 1993 г. Мастак  Вячка Целеш. * * * Дзвінская беларуская гімназія рыхтавала высокаадукаваную, патрыятычна настроеную беларускую моладзь. Для Сяргея Сахарава важна было не толькі даць вучню разнастайныя веды, але і выхаваць з яго чалавека, асобу, грамадзяніна. “Прыемна было назіраць, як з сялянскай дзяўчыны або хлопца паступова фармуецца чалавек – інтэлігент з сваім імкненнем і светопоглядам”, – успамінаў С.П.Сахараў. За час кіравання ім Дзвінскай беларускай гімназіяй з яе сцен выйшла шмат таленавітай моладзі. Многія з выхаванцаў пазней сталі добрымі мастакамі, артыстамі, літаратарамі, музыкантамі, навукоўцамі. Акрамя працы ў гімназіі С.П.Сахараў прымаў актыўны ўдзел у рабоце розных грамадскіх арганізацый. Ён быў старшынёй Дзвінскага аддзялення Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі, старшынёй рэвізійнай камісіі беларускага таварыства “Прасьвета”, членам управы беларускага культурна-асветнага таварыства “Рунь” і беларускага сельскагаспадарчага таварыства “Аратай”. У гэты  перыяд С.П.Сахараў вядомы і як арганізатар Беларускай дэмакратычнай партыі – першай беларускай палітычнай партыі ў Латвіі. Аб шырокім аўтарытэце С.П.Сахарава сярод прагрэсіўна настроенай беларускай грамадскасці сведчыла і яго абранне ў Дзвінскую гарадскую раду ў якасці прадстаўніка ад беларусаў. Такая папулярнасць С.П.Сахарава сярод беларускай меншасці ў Латвіі, а яго па праву можна лічыць адным з лідэраў беларускага адраджэнскага руху, прыйшлася не да спадобы камусьці з шавіністычных колаў латышскага кіраўніцтва. Да таго ж, унутранныя інтрыгі з боку некаторых беларускіх настаўнікаў, якім, відаць, засціла каларытная фігура С.П.Сахарава – віднага грамадскага і культурнага дзеяча, любімага педагога – прывялі да зачынення Дзвінскай беларускай гімназіі. Так, бяззменнае сямігадовое кіраўніцтва гэтай навучальнай установай скончылася для С.П.Сахарава ў 1932 годзе адстаўкай. Пасля актыўнай, напружанай педагагічнай працы застацца без любімай справы было вельмі цяжка, але моцны характер С.П.Сахарава, вера ў беларускую ідэю не дазволілі яму расслабіцца. З гэтага часу С.П.Сахараў актыўна ўключаецца ў літаратурную і навукова-даследчую працу. Ім быў напісаны шэраг артыкулаў і даследаванняў па пытаннях гісторыі, культуры. Менавіта ў гэты перыяд С.П.Сахараў актыўна заняўся падрыхтоўкай да выдання беларускага фальклору Латгаліі і Ілукстэ, які разам са сваімі памочнікамі пачаў збіраць з пачатку 20-х гадоў. 1939 годзе ён прадставіў на разгляд у думу Культурнага фонду Латвіі каля 1100 фальклоных запісаў розных жанраў, сабраных сярод беларускага насельніцтва. Матэрыял быў ухвалены, а складальнік атрымаў ганарар, які тут жа перадаў на друкаванне будучых фальклорных зборнікаў. У 1940 годзе ўбачыў свет 1-шы выпуск “Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”, надрытаваны С.П.Сахаравым. Але, на жаль, наступныя выпускі так і засталіся ў рукапісах. У час Другой сусветнай вайны С.П.Сахараў вярнуўся да педагагічнай дзейнасці. Працаваў настаўнікам у Рызе (1941) і дырэктарам-арганізатарам Розэнаўскай (1942) гімназій. Не пакідаў і фальклорнай збіральніцкай працы. Да таго часу колькасць сабраных і прасістэматызаваных ім фальклорных твораў дасягнула ўжо трох тысяч запісаў. У канцы вайны (красавік 1945 года) па беспадстаўным абвінавачанні С.П.Сахараў быў арыштаваны як беларускі нацыяналіст і паводле выраку ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда прысуджаны да пяці год пазбаўлення волі. Ссылку адбываў у лагеры Батык Карагандзінскай вобласці Казахстана, дзе працягваў займацца фалькларыстычнай дзейнасцю – запісваў фальклор зняволеных. Выпрабаванні не сагнулі Сахарава, не пазбавілі яго жадання працаваць над фальклорнай спадчынай беларусаў. У 1950 годзе, вярнуўшыся ў Латвію, ён з падвоенай энергіяй узяўся за ўладкаванне спраў, звязаных з выданнем беларускай народнай творчасці Латгаліі і Ілукстэ. Але шматлікія  захады па розных інстанцыях, у тым ліку і зварот у АН Беларусі, так і не прынеслі станоўчых вынікаў. І да гэтага часу велізарны каштоўны фальклорны матэрыял захоўваецца ў рукапісным выглядзе ў фондах ЦНБ АН Беларусі і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, а таксама ў Інстытуце мовы і літаратуры Латвійскай АН. Толькі невялікая частка гэтага народнага багацця ўведзена ў навуковы ўжытак у тамах серыі БНТ. Педагагічнай і культурна-асветніцкай праццы С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі. Праца педагога, асветніка, грамадскага дзеяча дала плённыя вынікі – свядомая беларуская інтэлігенцыя папоўніла свае рады новымі, свежымі сіламі. Вялікая колькасць жыхароў Латгаліі і Ілукстэ адчулі сябе сапраўднымі беларусамі, народам з глыбокімі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі. Заслуга С.П.Сахарава ў тым, што ён  першым здолеў падняць, даследаваць і падрыхтаваць да выдання вялікі, каштоўны пласт народнай творчасці-фальклор беларускага насельніцтва Латвіі. 

Марына Ліс