2004 год у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак”, як заўсёды, пачаўся з каляднай вечарыны, якую 11 студзеня ўжо 16-ты раз з моманту свайго заснавання ладзілі сьвiтанкаўцы ў Вялiкай залi Асацыяцыi нацыянальна-культурных меньшасцяў Латвii. На гэты раз зала не змагла змясціць усіх жадаючых, а тэатралiзаваныя “Каляды” з “гаспадаром” ды “гаспадыняю” ў “вясковай хаце” атрымалicя надзвычай яскравымi i каларытнымi. У якасцi “калядоўшчыкаў” выступiў вакальны гурт таварыства “Cьвiтанак” і вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы. Акрамя шматлікіх калядных песень ў выкананні гурта, латышскіх калядных дайнаў ў перакладах Пётры Масальскага (зробленых яшчэ ў 30-я гады 20-га стагоддзя), госці вечарыны ўпершыню ў Рызе змаглі ўбачыць абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэты абрад-гульню калісці ў беларускіх вёсках ладзіла моладзь ў “крывыя вечары.”Сімвалічна, што сярод гасцей было шмат моладзi і дзяцей, прыкладна палова ад усіх прысутных. Беларусам, якія нарадзіліся ў Рызе ў другім, а то й у трэцім пакаленні, такія вечарыны даюць магчымасць пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурнай спадчынай, а для тых, хто калісці прыехаў з мілай сэрцу Беларусі, гэта цудоўная магчымасць правесці свята сярод землякоў-суродзічаў, пагаварыць на матчынай мове, паспяваць нашы самыя мілагучныя ў свеце родныя песні, патанцаваць беларускія танцы.На вечарыне прысутным былi прачытаныя вiншаваннi з Нараджэннем Хрыстовым, Новым годам і Калядамі і пажаданні, дасланыя на адрас “Cьвiтанка” ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Летувы, Расii i iнш. краін, і канешне, з Радзімы-Беларусі. Вельмі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў “світанкаўцы” атрымалі ад старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай і начальніка аддзела Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Уральскага, Уладзімера Арлова і Сяргея Панізніка з Мінска, доктара Раiсы Жук-Грышкевіч з Канады, гісторыка і публіцыста Юрыя Весялкоўскага і Павала Шаўцова з Лондана, старшыні ТБК Хведара Нюнькі з Вільні і многіх іншых. Да свайго 15-гадовага юбілею ў лістападзе 2003 г. таварыствам была выдадзена кніжка “Сьвітанак” аб дзейнасці таварыства на працягу ўсіх 15-ці гадоў. Кніжка выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных. I не дзіўна, што да самай ночы не хацелі разыходзіцца беларусы са свайго свята, бо на гэты раз не давалі сумаваць ім на Каляды аж 5 музыкаў: 2 гарманісты, 2 баяністы і яшчэ акардэаніст!Узнагародаю i святочным падарункам арганiзатарам вечарыны былi шчырыя словы падзякi за сапраўднае беларускае свята ў Рызе i ад пастаянных удзельнiкаў “cьвiтанкаўскiх” вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.

Таццяна Казак